Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карысна перачытваць ня толькі кнігі, але і ўрадавыя пастановы. Памятаю, тры гады таму на сьвет зьявіўся дзяржаўны Плян мерапрыемстваў, прысьвечаных 120-годзьдзю з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Пад №187 яго зацьвердзіў Савет міністраў і, трэба думаць, разаслаў для выкананьня ў розныя міністэрствы, выканкамы і ўстановы культуры. Цікавы, між іншым, дакумэнт, з дваццаці чатырох пунктаў складаўся і дазволіў легкаверным людзям чарговым разам паспадзявацца. Што ж, dum spiro spero.

Сярод агульных фразаў («добраўпарадкаваньне тэрыторый», «арганізацыя творчых сустрэчаў», «разьмяшчэньне ў тэле- і радыёэфіры тэматычных матэрыялаў») многім чытачам тае пастановы, думаю, запомніліся некалькі канкрэтных праектаў. Гарадзенскі аблвыканкам сумесна з Мінкультуры павінен быў усталяваць у горадзе дзяцінства паэта помнік. Помніка няма і па сёньня. Ставім першы мінус. Літаратурны музэй М. Багдановіча разам з Мінкультуры мусілі адчыніць пасьля шматгадовага рамонту філію музэя – «Беларускую хатку» на Рабкораўскім завулку. Не адчынілі да гэтай пары. Ставім другі мінус. Міністэрства замежных спраў на пару зь Мінкультуры браліся стварыць цэлую Багдановічаву залю ў Ялцінскім гісторыка-краязнаўчым музэі. Не стварылі, нават не спрабавалі. Ставім трэці мінус. Менскі гарвыканкам супольна з Мінкультуры і ТАА «Трайпл» павінны былі аднавіць у Траецкім прадмесьці дом, дзе нарадзіўся М. Багдановіч. Не аднавілі – а гэта быў ці не асноўны пункт дзяржаўнага пляну. Ставім чацьвёрты мінус.

Што можа атрымацца з чатырох мінусаў? Хіба што краты. Ня думаю, аднак, што гэткая пагрозьлівая геамэтрыя прыйшла ў галаву чыноўнікам, якія ня выканалі ўрадавую пастанову. Усё ж юбілей паэта – не «Барысаўдрэў» які-небудзь, дзе нядаўна грымелі перуны і бліскалі маланкі прэзыдэнцкага гневу. Але чыноўнікі ведаюць – гнеў той непрадказальны. Таму запраектаваны дом Багдановіча сёлета вырашылі ўсё ж зрабіць. У мініятуры. Велічынёй з сабачую будку. У зацішным кутку Траецкага прадмесьця, паміж новазбудаваным шматпавярховікам і вуліцай Багдановіча, акурат насупраць помніка паэту.

Вырашылі і – зрабілі. Прычым, дом Багдановіча стаў толькі адным з элемэнтаў скульптурна-архітэктурнай кампазыцыі, якая ўяўляе з сябе малаўцямнае нагрувашчаньне жалеза і граніту. У зваранай з цэльных мэталёвых плітаў іржавай сьцяне, якая нагадвае турэмную агароджу, прарэзаныя аўтагенам вядомыя словы паэта з «Апокрыфу»: «Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчасьлівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?». Невядомы майстар разьбы па жалезе парупіўся і паўтарыў гэтае ж выслоўе па-ангельску, па-расейску, па-ўкраінску і па-польску. Прычым, у польскую вэрсію пракраліся памылкі. Але як іх паправіць? І напісанае пяром ня высечаш тапаром, а тут – аўтагенам па жалезе…

Пад гэтай цытадэльнай сьцяной і прыляпіўся дамок Багдановіча – акурат пад рост ладнаму дварняку. Яго не адразу і згледзіш у падножжы грувасткай канструкцыі, сэнс і сымболіку якой разгадаць у сыстэме эстэтычных каштоўнасьцяў паэта проста немагчыма. Праўда, да вышэйапісанай спаруды вядуць дзьве выштукаваныя з граніту сьцежкі, якія маюць хвалістую форму і мусяць прачытвацца як слуцкія паясы. Але ўзор на іх – яўна з другога арнамэнту. Ды і як на мікашэвіцкім крохкім граніце высекчы тонкія карункі слуцкіх паясоў?

Я вырашыў абысьці кампазыцыю з тылу. І тут мяне чакала яшчэ адна неспадзяванка. Аказваецца, помнік мае і прыкладную функцыю – празь яго можна трапіць у падземны гараж! У тыльны бок помніка ўбудаваная вартоўня, сходы ў якой, вымураваныя з таго самага граніту, што і «слуцкія паясы», вядуць у падзямельле. Зразумела, што пры вартоўні і сабачая будка выглядае на месцы. Праз «дом Багдановіча» ў падземны гараж – як вам такое архітэктурнае рашэньне?

Паколькі ніякага грамадзкага абмеркаваньня праекту не было, то невядомае і імя ягонага аўтара. Ім аказаўся малады скульптар-дызайнэр Максім Пятруль. Ён – ляўрэат дзьвюх прэзыдэнцкіх прэмій, апошнім часам шмат працаваў у Кітаі. У адным зь нядаўніх інтэрвію прызнаўся, што яго на творчасьць натхняюць… геніталіі. Хай сабе. Нядаўна адзін творца за тыя самыя геніталіі прыбіў сябе да бруку на Краснай плошчы. Прыбівайцеся, натхняйцеся, але пры чым тут Максім Багдановіч?!

Ня цешу сябе надзеяй, што пасьля публікацыі гэтага тэксту нехта ў Міністэрстве культуры спахопіцца. Хутчэй за ўсё, помнік у Траецкім неўзабаве адкрыюць – адначасова з уваходам у гараж. Чыноўнікі перарэжуць дзьве чырвоныя стужкі. А калі мерапрыемства закончыцца, вартаўнік-адстаўнік агледзіць даверанае яму дзіўнае збудаваньне, і захочацца яму пры той мэмарыяльнай будцы хіба сабаку навязаць. Удвух усё ж весялей гараж вартаваць.


  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG