Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН ацаніла шкоду ад катастрофаў празь зьмены клімату ў 2017 годзе ў 320 млрд даляраў


Антонію Гутэрыш, архіўнае фота

Зьмены клімату «усё яшчэ абганяюць нас», заявіў 29 сакавіка Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонію Гутэрыш, заклікаючы да палітычнай волі, інавацыяў і фінансаваньня, каб скараціць глябальныя выкіды хаця б на 25% цягам наступных двух гадоў.

«Мы разумеем, што цяжка займацца праблемамі, наступствы якіх стануць відавочнымі толькі праз гады або дзесяцігодзьдзі, але наступствы кліматычных зьменаў мы адчуваем ужо цяпер», — заявіў Антонію Гутэрыш, назваўшы зьмену клімату «найбольш сыстэмнай пагрозай чалавецтву».

Як казаў Гутэрыш, навукоўцы цяпер непакояцца, што мэты Парыскага пагадненьня (якое падпісала ў тым ліку Беларусь) могуць быць недасяжнымі, нават нягледзячы на паскарэньне дзеяньняў супраць зьменаў клімату. Сярод гэтых мэтаў — утрыманьне росту глябальнай тэмпэратуры ў межах 2°C, а лепей — у межах 1,5°С.

Летась ад катастрофаў, зьвязаных са зьменамі клімату, чалавецтва атрымала рэкордную шкоду ў 320 млрд даляраў, сьцьвярджае Гутэрыш. Выкіды вуглякіслага газу ў атмасфэру ня зьменшыліся, а вырасьлі на 1,4%, зноў скарацілася плошча арктычных льдоў. Ад паводак у Паўднёвай Азіі пацярпелі 41 млн чалавек, ад засухі ў Афрыцы амаль 900 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

Гутэрыш таксама згадаў выхад ЗША з Парыскага пагадненьня: маўляў, нягледзячы на пазыцыю адміністрацыі ЗША, у Штатаў можа атрымацца выканаць абавязаньні па пагадненьнях, бо амэрыканскі народ, бізнэсоўцы і мясцовыя ўлады шмат робіць дзеля барацьбы са зьменамі клімату.

Як у 1953-м: «Гадзіньнік Суднага дня» перавялі на бязь дзьвюх поўнач

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG