Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст падаў у суд на аднаго з начальнікаў магілёўскай міліцыі


Уладзімер Лапцэвіч, пазаштатны карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі "БелаПАН"

Магілёўскі журналіст Уладзімер Лапцэвіч, які супрацоўнічае з інфармагенцтвам БелаПАН, падаў у суд на намесьніка начальніка мясцовай міліцыі грамадзкай бясьпекі Сяргея Волкава, перадае магілёўскае аддзяленьне праваабарончага цэнтру «Вясна».

Лапцэвіч просіць скасаваць пастанову аб спыненьні справы адносна прадстаўніка раённых уладаў Канстанціна Кісьцьнева і даць ацэнку дзеяньням міліцыянта Шмаянкова.

Паводле журналіста, Кісьцьнеў 29 красавіка адмовіўся пусьціць яго ў залю, дзе праходзіў сход гаражнага каапэратыву, хоць на сход яго запрасілі самі сябры каапэратыву. Лапцэвіч напісаў скаргу ў РАУС. Праверку па гэтай скарзе двойчы спынялі, і двойчы Лапцэвіч дамагаўся праз суд аднаўленьня справы.

Ён таксама сьцьвярджае, што злавіў мясцовага ўчастковага Аляксандра Шмаянкова, які вёў справу, на хлусьні: у матэрыялах справы міліцыянт пазначыў, што апытваў журналіста, Лапцэвіч жа кажа, што такога не было.

Зварот Лапцэвіча ў Галоўнае ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС перанакіравалі ў УУС Магілёўскага аблвыканкаму, але адтуль журналіст не атрымаў належнага адказу. Замест адказу, кажа ён, яму далі пастанову аб адміністрацыйным правапарушэньні, падпісаную Волкавым. Але Волкаў заявіў, што справу спынілі, бо па ёй скончыўся тэрмін прыцягненьня да адказнасьці. Лапцэвіч мяркуе, што гэта парушае рашэньне суду, які прызнаў неабходным аднавіць справу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG