Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік лоеўскай міліцыі хоча праз суд спагнаць з журналіста 2 тысячы рублёў


Кастусь Жукоўскі і Леанід Судаленка перад будынкам суду
Кастусь Жукоўскі і Леанід Судаленка перад будынкам суду

У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля 19 студзеня адбылося папярэдняе слуханьне паводле пазову начальніка Лоеўскага раённага аддзелу міліцыі Ўладзімера Бухаўцова да журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага. Разгляд справы прызначаны на 29 сьнежня.

Падпалкоўнік міліцыі Бухаўцоў просіць суд прызнаць зьвесткі ў відэаматэрыялах Кастуся Жукоўскага, зьнятых для тэлеканалу «Белсат», а таксама разьмешчаных падчас выбараў у сацыяльнай сетцы, зьняважлівымі для ягонага гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі ды спагнаць з фрылансэра 2000 рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.

«Усё ёсьць у пазове. Думаю, што ў судзе мы разьбяромся. Прашу толькі ня ўмешвацца ў маё прыватнае жыцьцё», — неахвотна камэнтуе свой пазоў Уладзімер Бухаўцоў.

У пазове гаворка вядзецца пра дзеяньні лоеўскай міліцыі, паказаныя ў тым ліку й на тэлеканале «Белсат».

Згадваюцца відэасюжэты з Лоева пад назовам «Міліцыянты б’юць журналістаў, каб прыхаваць вынікі эканамічнага заняпаду» і «Будзённае жыцьцё рэгіёну Лоеў».

У апошнім зь іх, як сказана ў пазове, Жукоўскі задае пытаньні жыхарам Лоева, а ў кадры відаць надпіс: «МУС — гестапа». Заканчваецца сюжэт чырвоным колерам, мяняецца надпіс і фон назвы аддзелу ўнутраных справаў Лоеўскага райвыканкаму.

«Для мяне, унука пераможцаў фашызму — гэта маральная зьнявага», — піша лоеўскі міліцыянт.

Аспрэчвае Ўладзімер Бухаўцоў некаторыя заявы і відэасюжэты са сваім удзелам падчас агітацыйнай кампаніі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксея Атрошчанкі і яго даверанай асобы Кастуся Жукоўскага. І асабліва што да правядзеньня люстрацыі для міліцыянтаў.

Прысутны на судзе праваабаронца Леанід Судаленка заявіў, што зь вялікай заявы Ўладзімера Бухаўцова можна вылучыць два моманты — пра «гестапа» й «запалохваньне правядзеньнем люстрацыі».

«Трэба, аднак, мець на ўвазе, ці параўноўваў наагул Жукоўскі міліцыю з гестапа? Калі гэта адбылося ў той час, як міліцыянт у Лоеўскім аддзеле ўнутраных справаў з дапамогаю яшчэ двух супрацоўнікаў прыціскаў каленам галаву Жукоўскага да падлогі, то ў такім разе можна было і не такое пачуць. Бо наўрад ці Жукоўскі ў такім стане мог кантраляваць сябе. Варта найперш уважліва пазнаёміцца з прыкладзенымі да пазову відэаматэрыяламі і ўжо пасьля рабіць нейкія высновы», — лічыць праваабаронца.

Судзьдзя надала адказьніку магчымасьць пазнаёміцца з матэрыяламі справы, заплянаваўшы чарговае паседжаньне на 29 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG