Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Зелянкоўская сышла з Купалаўскага тэатру. Яна будзе здымацца ў кіно ва Ўкраіне


Сьвятлана Зелянкоўская, Фота – Сяргей Балай
Сьвятлана Зелянкоўская, Фота – Сяргей Балай

«На Купальле разьвітваюся са сваім Купалаўскім тэатрам», — напісала Сьвятлана Зелянкоўская ўчора ў фэйсбуку. Акторка, вядомая зь фільму «Анастасія Слуцкая», жонка Сяргея Міхалка, распавяла Свабодзе пра акалічнасьці сыходу з Купалаўскага.

— Скажыце, калі ласка, чаму вы вырашылі сысьці з тэатру?

— Я проста больш часу праводжу ва Ўкраіне, і па законе ня маю права працаваць у тэатры, калі знаходжуся за мяжой. У нас зараз жорсткія законы.

Праўда, я чатыры гады ўжо нічога ня грала. Я была ў дэкрэце. Так супала проста. У мяне зараз шмат здымак у кіно ва Ўкраіне.

Карацей, трэба тады ісьці ў беларускі тэатар і займацца тэатрам. Але тады я пазбаўлюся пражываньня ва Ўкраіне і здымкаў ва Ўкраіне, якіх у нас шмат.

— Купальскую ноч вы адмыслова выбралі, каб заявіць пра ваш сыход з Купалаўскага тэатру?

— Не, так супала. Можа ў гэтым ёсьць нейкая містыка. Як на Купальле праз вогнішча скочуць, так і я скокнула і ад тэатру ў кіно, зь Беларусі — ва Ўкраіну.

— Пакуль тэатрам вы займацца ня будзеце?

— Пагляджу па абставінах. Раз у мяне вызвалілася тэатральная ніша, можа, нешта знайду ў Кіеве, ва Ўкраіне.

— Але ў Беларусі дакладна працаваць ня будзеце?

— Пакуль не. Ёсьць размова, што буду прыяжджаць на адзін спэктакль па працоўнай дамове. Ня ў якасьці штатнага супрацоўніка, а як запрошаная акторка. Гэта будзе Купалаўскі тэатар. Адзіная роля, якая мне больш-менш цікавая — роля Франкі ў спэктаклі «Хам». Але пакуль я ня ўпэўненая ў гэтым. Гэта проста думкі.

— У масавай сьвядомасьці вы запомніліся роляй у фільме «Анастасія Слуцкая». Таксама ў фэйсбуку вы пазначылі, што выканалі 17 роляў у Купалаўскім тэатры. З чым вы сябе больш асацыюеце?

— Я бы не падзяляла. Я 20 гадоў працавала ў тэатры. Тры апошнія гады — у кіно. Ня буду я гэта падзяляць. Мне хочацца, каб у мяне засталася і тэатральная практыка, і кіношная. Буду спрабаваць спалучаць.

У сваім фэйсбуку Сьвятлана Зелянкоўская ўчора пералічыла ўсе 17 роляў, якія яна выконвала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG