Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянт Рудзько з Бабруйску «не перашкаджаў» журналістам, калі іх затрымаў, – Сьледчы камітэт


Міліцыянт Сяргей Рудзько прыйшоў затрымаць Яўгена Васьковіча, 13 сакавіка 2017 году

Управа міліцыі ў Бабруйску і гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту апраўдалі дзеяньні падпалкоўніка міліцыі Сяргея Рудзько, які 23 сакавіка ў Бабруйску затрымаў журналістаў «Бобруйского курьера» Віктара Качана і ягоную калегу Ганну Дусь падчас асьвятленьня судовага працэсу над актывісткай Галінай Сьмірновай, перадае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Віктар Качан абскардзіў дзеяньні міліцыянта ў пракуратуры і атрымаў такія адказы на свае скаргі:

«Выяўлена, што вашыя заявы не ўтрымліваюць дастатковых зьвестак, што паказваюць на прыкметы злачынстваў, прадугледжаных нормамі Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, а ёсьць скаргай на дзеяньні службовай асобы УУС Бабруйскага гарвыканкама, які ажыцьцяўляў прафіляктычныя мерапрыемствы па папярэджаньні зьдзяйсьненьня адміністрацыйных правапарушэньняў, прадугледжаных арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым адсутнічаюць падставы для правядзеньня праверкі», — гаворыцца ў адказе з Бабруйскага міжраённага аддзелу Сьледчага камітэту.

Падобным аказаўся і адказ, які прыйшоў з управы міліцыі Бабруйскага гарвыканкаму:

«Падчас праверкі было выяўлена, што начальнік аддзяленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Бабруйскага гарвыканкаму падпалкоўнік міліцыі Рудзько С. В. вашай законнай прафэсійнай дзейнасьці не перашкодзіў і з яго боку адсутнічаюць супрацьпраўныя дзеяньні».

Качан жа заявіў, што затрыманьне пашкодзіла ягонай працы. Гэта ж пацьвердзіў у камэнтары БАЖ і галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценкі.

«Віктар Качан працаваў на акцыі як журналіст і таму правамерна паскардзіўся на дзеяньні міліцыянта», — лічыць Санаценка і спасылаецца на закон «Аб сродках масавай інфармацыі», які забараняе перашкоду журналісту ў выкананьні ім службовых абавязкаў.

«Пакараньне за гэта прадугледжвае 198 артыкул Крымінальнага Кодэксу Беларусі», — нагадаў ён.

Качан называе неаб’ектыўнай праверку сваіх скаргаў, якую праводзілі ў Сьледчым камітэце і міліцыі. Паводле журналіста, не былі апытаныя сьведкі — тыя людзі, якіх міліцыянт Рудзько разам зь ім затрымаў каля будынку Бабруйскага суду.

23 сакавіка журналісты «Бобруйского курьера» Віктар Качан і Ганна Дусь па заданьні рэдактара прыйшлі да будынку суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска, каб асьвятляць працэс па справе грамадзкай актывісткі, арганізатаркі пратэстных акцыяў Галіны Сьмірновай. Але журналісты былі затрыманыя падпалкоўнікам міліцыі Сяргеем Рудзько і дастаўлены ў бабруйскую пракуратуру для «прафіляктычнай гутаркі».

Увечары 22 чэрвеня ў Бабруйску пасьля ўдзелу ў акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, якая ў той дзень адбылася ў Менску, была затрыманая мясцовая пэнсіянэрка Любоў Санкевіч. Пасьля затрыманьня жанчына патрапіла ў шпіталь. Пазьней Санкевіч распавяла, што да яе затрыманьня таксама меў дачыненьне падпалкоўнік Сяргей Рудзько.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG