Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Запруднік выдаў новую кнігу ў 91 год


Янка Запруднік, архіўнае фота
Янка Запруднік, архіўнае фота

Дзяяч беларускай супольнасьці ў Амэрыцы, былы супрацоўнік Радыё Свабода Янка Запруднік прадставіў у Нью-Джэрсі новую кнігу «Берагу майго зарніцы», перадае «Наша Ніва».

Кніга выйшла ў беларускім выдавецтве «Лімарыюс», ужо прадаецца ў Беларусі (у тым ліку ў менскай «Акадэмкнізе»), разасланая па вучэльнях і бібліятэках.

Гэта ўжо другая кніга Янкі Запрудніка, якая выйшла ў «Лімарыюсе»: два гады таму выдаваліся яго ўспаміны «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Мае лісты 1952–1959 гг.», кажа Свабодзе дырэктарка выдавецтва Марына Шыбко:

«Тут спадар Янка сабраў свае вершы з 1946 году па 2017-ы — у новай кнізе ён знаёміць чытача зь вершамі, што пачаў пісаць у беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, і дзёньнікам часу свайго навучаньня ў Лювэнскім унівэрсытэце, — распавядае Шыбко пра кнігу „Берагу майго зарніцы“. — Кніга цікавая дакумэнтальнымі падрабязнасьцямі. Выяўлена, як адказнасьць перад беларускай ідэяй гартавала характар маладога чалавека, як служэньне Беларусі рабілася справай усяго жыцьця.

У гэтай кнізе шмат цікавых вершаў. Асабліва для мяне як жанчыны кранальныя вершы, якія ён прысьвяціў сваёй жонцы Надзі. Цікавае і ліставаньне зь віднымі дзеячамі беларушчыны, эпітафіі, цікавыя раней не апублікаваныя фатаздымкі. Вельмі шчыра апісана, як яны беларускай суполкай сьвяткавалі сьвяты.

Янку Запрудніка я бы шчыра назвала самым-самым выбітным беларусам замежжа, які ўшаноўвае і прасоўвае беларускую мову ў замежжы — чаго, на жаль, няма ў нас і чым ён занепакоены. Мне здаецца, каб ён надаваў больш часу паэзіі, дык можна было б выдаваць і цэлыя зборнікі. Але гэты чалавек таленавіты ва ўсім».

Чытайце таксама: Янка Запруднік у 90 год: «Галава, розум, як і цела, мускулы, пастаянна павінны займацца гімнастыкай»

Янка Запруднік: Ня чутна беларускай мовы з вуснаў малых дзетак. Катастрофа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:50 0:00

***

Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі) — беларускі гісторык і публіцыст, адзін з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.

Нарадзіўся ў 1926 г. у мястэчку Мір (цяпер Карэліцкі раён). У час акупацыі скончыў Баранавіцкую прагімназію, потым вучыўся ў Баранавічах у гандлёвай школе. З 1944 года ў Нямеччыне. Пасьля вайны трапіў у лягер для перамешчаных асоб. Затым два з паловай гады працаваў на шахтах у Вялікай Брытаніі. Там 12 беларусаў пачалі выпускаць часопіс «Наперад!», які рассылалі па лягерах перамешчаных асоб, дзе жылі беларусы. Так пра іх даведаліся. Старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык паспрыяў, каб беларусы атрымалі стыпэндыі для навучаньня ў Лювэнскім унівэрсытэце (Бэльгія). Пасьля заканчэньня вучобы Янку Запрудніку прапаноўвалі выкладаць гісторыю ва ўнівэрсытэце і пісаць доктарскую дысэртацыю. У 1954 годзе пачала працаваць радыёстанцыя «Вызваленьне» (так спачатку называлася Радыё Свабодная Эўропа – Радыё Свабода), і Запруднік паехаў працаваць у Мюнхен. З 1957 году жыве ў ЗША. Абараніў у Нью-Ёркскім унівэрсытэце доктарскую дысэртацыю на тэму «Палітычнае змаганьне за Беларусь у Дзяржаўнай думе 1906-1917 гадах», выкладаў гісторыю ў вышэйшых навучальных установах ЗША. Быў супрацоўнікам і рэдактарам многіх пэрыядычных выданьняў беларускай эміграцыі. Аўтар многіх навуковых прац – «Беларусь на гістарычным скрыжаваньні», «Гістарычны слоўнік Беларусі», «Кантакты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG