Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За мінулыя 25 год нічога талковага мы, беларусы, не збудавалі...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

У гэтыя дні на постсавецкай прасторы часта згадваюць падзеі жніўня 1991 году. Мінула роўна чвэрць стагодзьдзя з таго часу, як правалілася спроба камуністычнага рэваншу, у выніку чаго дэкляраваная былымі саюзнымі рэспублікамі незалежнасьць стала рэальнай і яны атрымалі магчымасьць адгарнуць новую старонку сваёй гісторыі.

Жнівеньскі путч

19 жніўня 1991 году Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (так званы ГКЧП) абвясьціў, што прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў ня здольны выконваць свае абавязкі па стане здароўя, і ўвёў у Маскву войскі. Прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын заявіў пра неканстытуцыйнасьць ГКЧП. Па тэлевізары два дні паказвалі балет «Лебядзінае возера».

У Менску кіраўніцтва ЦК КПБ падтрымала путчыстаў. У той час рашэньні прымаў Вярхоўны Савет XII скліканьня. Фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце патрабавала ад старшыні парлямэнту Мікалая Дземянцея сабраць пазачарговую сэсію. 20 жніўня на плошчу да Дому ўраду выйшаў народ. 21 жніўня ўвечары прыйшло паведамленьне з Масквы, што путч праваліўся. У выніку гэтых падзеяў у Беларусі зьмянілася кіраўніцтва — да ўлады прыйшоў Станіслаў Шушкевіч.

Але як маладыя дзяржавы скарысталіся гэтым шанцам? Чаго дасягнула, у прыватнасьці, Беларусь за 25 год незалежнага існаваньня?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў піша:

«Пакуль што Беларусь ня стала паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавай. Яна застаецца на этапе даволі спэцыфічнага праекту пад назвай „Лукашэнка“. А спэцыфіка гэтага праекту ў тым, што ён вымагае няспыннага вынаходжаньня ўсё новых саюзаў з Расеяй.

У глябальным пляне, па вялікім рахунку, Беларусь даўно ёсьць складовай часткай „Рускага сьвету“ (сьвету масквамоўнага і масквацэнтрычнага тэлевізара і манітора ў Рунэце).Тут няма нават палавіністых спробаў адгарадзіцца ад яго, як гэта мае месца ва Ўкраіне. То бок у РБ няма ня толькі дэмакратыі, але і беларуская дыктатура зусім не нацыянальная, як дыктатуры ва Ўзбэкістане ці Азэрбайджане.

Беларуская дыктатура прывяла да мудрагелістай і дзіўнаватай сытуацыі, калі, па сутнасьці, супрацьстаяць уплыву Расеі ў краіне можа толькі адзін чалавек — сам Лукашэнка. А беларускія масы ня ўцягнутыя ні ў стварэньне дэмакратыі, ні ў барацьбу за далучэньне да Эўразьвязу, ні ў супраціў расейскаму імпэрству.

Іншымі словамі, Беларусь як узьнікла 22 гады таму ў якасьці „экспэрымэнта Лукашэнкі“, а не сапраўднай краіны, так экспэрымэнтам і застаецца».

Усё ж, спадар Алесь, будзем карэктнымі: незалежнай Беларусь стала не 22 гады таму, а 25. І асабіста Лукашэнка да здабыцьця той незалежнасьці меў хіба толькі ўскоснае дачыненьне. Ён, як вядома, як шкадаваў, так і працягвае шкадаваць аб распадзе Савецкага Саюзу.

У Беларусі, сапраўды, свой, адрозны ад іншых, спэцыфічны спосаб існаваньня ў якасьці незалежнай дзяржавы. Ён зусім не такі, як бачылася шмат каму з нас у далёкім ужо жніўні 1991-га... Найбольш істотна, аднак, тое, што, нягледзячы на ўсе віхуры і ўзрушэньні апошняй чвэрці стагодзьдзя, незалежны статус дзяржаве ўдалося захаваць. Усё астатняе (дэмакратызацыя, мова, дзяржаўныя сымбалі) у пэрспэктыве магчыма здабыць або аднавіць, калі будзе захавана галоўнае — незалежнасьць.

Аўтар наступнага ліста Мікалай Лукашэвіч зь Менску, азіраючыся на мінулыя 25 год незалежнага існаваньня Рэспублікі Беларусь, прыходзіць да несуцяшальнага падсумаваньня. Слухач піша:

«25 год у маштабах чалавечага жыцьця — вялізны тэрмін. Многія краіны за такі час паўставалі з пасьляваенных руін і адбудоўвалі багатае, заможнае жыцьцё. Параўнайце хаця б, якой была Нямеччына ў 1945-м і якой яна стала на пачатку 70-х.

А што ж мы? Чаго дасягнулі з часу распаду СССР у 1991-м?

Часам задумваюся: чаму так сталася? Справа ж тут ня толькі ў Лукашэнку, які і галавой, і рукамі, і нагамі застаўся ў мінулым.

Справа ў тым, што і большасьць грамадзтва паводле стану на пачатак 90-х гадоў заставалася там жа, у савецкай сацыялістычнай Айчыне.

Ну ня рваўся беларускі народ да незалежнасьці і дэмакратыі. Ня клаўся пад танкі, як масквічы. Не выстройваўся ў тысячакілямэтровыя ланцугі, як эстонцы, латышы ды літоўцы. І сама вестка пра незалежнасьць, якая ў іншых краінах успрымалася б як найвялікшы трыюмф нацыі, у нас была сустрэта будзённа і раўнадушна, як завяршэньне жніва ці вывазу арганікі на палі.

І тое, што магло б выканаць ролю магутнага каталізатара, змабілізаваць нацыю на вялікія зьдзяйсьненьні — у рэчаіснасьці было змарнавана. Дык чаму зьдзіўляцца, што ўсе гэтыя 25 год нічога талковага мы, беларусы, так і не збудавалі. Ня сталі ні заможнымі, ні славутымі, ні шчасьлівымі...».

Гэта, сапраўды, вельмі важна для любой нацыі — мець ідэю, якая б абʼядноўвала, натхняла, падтрымлівала ў цяжкія хвіліны. Значная частка беларусаў у 1991 годзе без асаблівага энтузіязму ўспрыняла зьяўленьне на мапе сьвету незалежнай беларускай дзяржавы — гэта праўда. Але ж за мінулыя чвэрць стагодзьдзя нарадзіліся, вырасьлі, атрымалі адукацыю некалькі мільёнаў юных беларусаў, у якіх не было і няма ніякай іншай радзімы, апроч незалежнай Рэспублікі Беларусь, для якіх успаміны бабулек пра цудоўнае савецкае мінулае — нешта кшталту легендаў і мітаў. Вось для іх незалежная і свабодная радзіма павінна была б стаць адной з галоўных каштоўнасьцяў. Але ці дбала пра гэта цяперашняя беларуская ўлада?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG