Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страціўшы „Белсат“, страцім больш, чым тэлебачаньне», — вядомыя беларусы запісалі відэазвароты ў падтрымку «Белсату»


Вядомыя беларусы запісалі відэазвароты ў падтрымку «Белсат»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:15 0:00

Вядомыя беларусы запісваюць відэазвароты ў падтрымку польскага беларускамоўнага тэлеканалу «Белсат», які паўстаў перад пагрозай ліквідацыі.

22 сьнежня ў Траецкім прадмесьці каля музэю Максіма Багдановіча прайшла акцыя «Маратон салідарнасьці зь “Белсатам”» — флэшмоб «Здымі відэа для “Белсату”».

Вядомыя беларусы запісалі відэазвароты ў падтрымку польскага беларускамоўнага тэлеканалу «Белсат», які паўстаў перад пагрозай ліквідацыі.

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які ў свой час прычыніўся да ідэі стварэньня незалежнага тэлеканалу «Белсат», а пасьля стала супрацоўнічаў са штотыднёвай праграмай «Гісторыя пад знакам Пагоні», запісаў свой зварот першым:

«Ідэя стварэньня „Белсату“ спачатку здавалася фантастычнай, але пасьля ўвасобілася ў жыцьцё. Я вельмі добра памятаю той сьнежаньскі дзень 2007 году, калі „Белсат” упершыню выйшаў у эфір. Было сымбалічна, што ён пачаў сваё вяшчаньне 10 сьнежня — у міжнародны дзень правоў чалавека. Надзвычай важна, што гэты канал пачаў вяшчаць па-беларуску, на той мове, правы якой у нашай краіне штодня парушаюцца.

„Белсат“ вельмі патрэбен нашай краіне і нашаму грамадзтву, асабліва цяпер, у новай геапалітычнай сытуацыі, калі кожны дзень мы сутыкаемся з „русским миром“, за прапагандысцкай шыльдай якога хаваюцца імпэрскія рэваншысты. Надзвычай важна штодня прафэсійна супрацьстаяць гэтай прапагандзе.

Таму я заклікаю ўсіх далучыцца да пэтыцыі ў падтрымку „Белсату“. Я люблю цябе, „Белсат“, і зычу доўгага плённага жыцьця».

Беларусы запісваюць відэазвароты ў падтрымку «Белсата»
Беларусы запісваюць відэазвароты ў падтрымку «Белсата»

Палітык Мікола Статкевіч адзначыў, што «Белсат» на працягу дзевяці гадоў умацоўваў беларускае патрыятычнае грамадзтва, таму цяпер неабходна апэляваць да грамадзкай думкі ў Польшчы, каб яна ў сваю чаргу паўплывала на рашэньне парлямэнтарыяў:

«Аўтары новай польскай палітыкі вырашылі, што можна дзейнічаць, зыходзячы з таго, што гарант незалежнасьці Беларусі — гэта Лукашэнка. Гэта памылковы падыход. Гарант нашай незалежнасьці — толькі наш народ, які тэлеканал „Белсат“ умацоўваў цягам амаль дзесяці гадоў.

Таксама мяне турбуе ідэя перавесьці тое, што застанецца ад „Белсату“, на расейскую мову. Такім чынам нашай беларускай мове адмаўляюць у праве на існаваньне. А значыць, гэта тычыцца і самой беларускай нацыі. Мы прывыклі, што русыфікацыя да нас ідзе з Усходу. Цяпер атрымліваецца, што ня толькі з Усходу, але і з Захаду. У гісторыі ўжо было, што Польшча пачынала непасрэдна межаваць з Расеяй».

Алена Анісім
Алена Анісім

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім таксама заклікала падпісаць пэтыцыю ў падтрымку «Белсату»:

«Шкада, што гэты тэлеканал можа быць закрыты. Таму я зьвяртаюся да ўсіх — падпішыцеся ў падтрымку «Белсату» пад пэтыцыяй, адрасаванай польскім уладам. Каб адзіны незалежны беларускамоўны тэлеканал працягваў сваё фінансаваньне. Закрыцьцё „Белсату” будзе ўдарам па дэмакратычнай будучыні Беларусі».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч параўнаў «Белсат» зь першай беларускай газэтай «Нашай нівай»:

«„Белсат“ — гэта першае беларускае тэлебачаньне, справа якога падобная на тую, якую ў пачатку XX стагодзьдзя рабіла першая беларуская газэта „Наша ніва“. „Белсат“ працуе дзеля таго, каб беларусы памяталі свае карані, каб беларусы сапраўды адчувалі сябе нацыяй. Таму я заклікаю ўсіх беларусаў падпісаць пэтыцыю ў абарону першага беларускага тэлебачаньня».

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што дзякуючы тэлеканала «Белсат» яго ды іншых палітыкаў пазнаюць людзі:

«„Белсат“ – гэта глыток сьвежага паветра ў абсалютна недэмакратычнай краіне. Гэта адзіны тэлеканал, які дае праўдзівую інфармацыю, таму для беларусаў будзе вялікай стратай, калі яго закрыюць ці перавядуць у іншы фармат. І сёньня мы ўсе павінны зрабіць усё магчымае, каб „Белсат“ працягваў працаваць. Нашая будучыня толькі зь „Белсатам”».

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Паэт і палітык Уладзімер Някляеў сказаў, што акцыямі ў падтрымку «Белсату» беларусы патрабуюць у Беларусі беларускага:

«„Белсат“ — гэта відавочна беларускае ў Беларусі. І, магчыма, гэта ягоная найпершая функцыя. І людзі чапляюцца за беларускае, таму што яно дае адчуваньне беларускай супольнасьці. І вось цяпер беларусы выйшлі бараніць „Белсат“, фактычна патрабуючы беларускага ў Беларусі. У той жа час палякі, якія шмат у чым маюць супольную з намі гісторыю, павінны разумець, чаму „Белсат“ важны для нас. Але ў Польшчы свае праблемы і свае палітычныя расклады, таму я асьцерагаюся, што „Белсат“ можа стаць закладнікам у гэтай сытуацыі. Ён не павінен стаць закладнікам у дамовах паміж Лукашэнкам і Польшчай. А Лукашэнка вядзе перамовы з Польшчай, каб ліквідаваць незалежныя польскія СМІ ў Беларусі, маўляў, мы ж ужо і так дэмакратызуемся.

Я лічу, што калі польскі бок усё ж вырашыць спыніць фінансаваньне „Белсату“, то мы самі мусім знайсьці яго. Можа трэба зьбіраць ці ствараць нейкія праекты. Страціўшы „Белсат“, мы страцім значна больш, чым тэлевізію».

Уладзімер Навасяд
Уладзімер Навасяд

Палітык Уладзімер Навасяд адзначыў, што заслуга «Белсату» ў тым, што ён асьвятляў усе выбарчыя кампаніі ў Беларусі «без купюраў»:

«Гэта канал пра Беларусь, пра дэмакратыю, свабоду і мясцовае самакіраваньне. Усе выбары, якія праходзілі ў Беларусі, асьвятляліся на гэтым тэлеканале. Людзі на ім могуць выступаць адкрыта, без цэнзуры, даносіць да выбарнікаў тое, што хочуць сказаць».

Таксама з заклікамі падпісаць пэтыцыю выступілі Тацяна Равяка, Валярына Кустава, Зьміцер Дашкевіч, Юры Меляшкевіч, Андрэй Дзьмітрыеў, Тацяна Караткевіч, Сяржук Бахун, Алесь Лагвінец.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG