Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Маскве сустрэнецца з прэзыдэнтамі краінаў СНД у дзень распаду СССР


Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын. 1991 год
Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын. 1991 год

Аляксандар Лукашэнка 26 сьнежня возьме ўдзел у «нефармальнай сустрэчы» кіраўнікоў краінаў Садружнасьці незалежных дзяржаваў у Маскве.

Як сьцьвярджаецца на сайце прэзыдэнта Расеі, у сустрэчы возьме ўдзел Уладзімір Пуцін, а таксама прэзыдэнты Азэрбайджану, Армэніі, Казахстану, Кіргізстану, Малдовы, Таджыкістану і Ўзбэкістану. Ці будзе нехта прадстаўляць Туркмэністан і Ўкраіну, якія так і не ратыфікавалі канчаткова ўстаноўчыя дакумэнты (Украіна заяўляла аб гатоўнасьці выйсьці з СНД), а таксама былога чальца СНД Грузію, не ўдакладняецца.

На саміце мяркуецца падвесьці вынікі расейскага старшынства ў арганізацыі і «абмяняцца думкамі аб пытаньнях далейшага разьвіцьця супрацы ў розных галінах». Паколькі сустрэча «нефармальная», можна меркаваць, што ня будзе ніякіх афіцыйных выніковых заяваў.

Сустрэча ладзіцца ў 26-ю гадавіну ўтварэньня СНД — але гэты ж дзень можна лічыць датаю канчатковага распаду СССР. 26 сьнежня 1991 году Савет рэспублік Вярхоўнага савету СССР прыняў дэклярацыю пра спыненьне існаваньня СССР у сувязі з утварэньнем СНД. Такім чынам Савецкі Саюз спыніў існаваньне як суб’ект міжнароднага права.

Пратакол аб утварэньні СНД 10 сьнежня 1991 году падпісалі Барыс Ельцын (Расея), Леанід Краўчук (Украіна) і Станіслаў Шушкевіч (Беларусь). Яшчэ да таго, 6 верасьня 1991 году, СССР прызнаў выхад са свайго складу Літвы, Латвіі і Эстоніі, акупаваных «саветамі» ў 1940 годзе.

Беларусь уваходзіць ня толькі ў СНД, але і ў Мытны саюз, Адзіную эканамічную прастору і Эўразійскі эканамічны саюз з Расеяй і некаторымі іншымі краінамі былога СССР, а таксама ў абвешчаную ў 2000 годзе «Саюзную дзяржаву» з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG