Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Андрэя Бандарэнкі зьнялі статус вязьня «нізкай катэгорыі»


Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота
Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Былы палітвязень і праваабаронца Андрэй Бандарэнка ў лісьце бацьку паведаміў, што зь яго зьнялі нізкі статус, праблемы зь якім пачаліся год таму ў Бабруйскай калёніі. Потым тая ж сытуацыя паўтарылася ў Шклоўскай калёніі. «У мяне цяпер усё добра, і тая праблема, якая доўга цягнулася, нарэшце закончылася. Не буду яе называць, мяркую, ты мяне зразумеў. Падрабязнасьці пазьней, пры сустрэчы з адвакатам. Самае галоўнае, што цяпер можна ўздыхнуць больш вольна», — працытаваў апошні ліст сына Валер Бандарэнка. Бацька вязьня мяркуе, што Андрэй Бандарэнка напісаў менавіта пра зьняцьце зь яго статусу вязьня нізкай катэгорыі.

«Як гэта магло адбыцца? Хутчэй за ўсё, вязьні разабраліся і вырашылі, што гэта была арганізаваная міліцыянтамі ці кімсьці яшчэ правакацыя супроць Андрэя, калі яго ў Бабруйскай калёніі сустрэлі як былога зэка зь нізкім статусам. Тады ж трэба было б усіх, хто зь ім сядзеў першы раз у Бабруйскай калёніі, залічваць у такі статус. А зь ім тады ўсе кантактавалі, ён шмат каму з зэкаў дапамагаў. Ведаю, што ў зьняволеных ёсьць такі парадак: калі разьбяруцца, што была штучна створаная сытуацыя, што гэта проста помста з боку сілавікоў, дык могуць гэты статус зьняць. Мяркую, гэтак і адбылося», — пракамэнтаваў зьвесткі Валер Бандарэнка.

Паводле ліста Андрэя Бандарэнкі, ён з 23 сьнежня знаходзіцца ў Магілёўскай турме № 4. У крытую турму Андрэя Бандарэнку перавялі як злоснага парушальніка рэжыму, паводле рашэньня выязнога суду Шклоўскага раёну, прынятага 17 сьнежня.

«Піша пра ўмовы ў турме, што нармальныя, нават лепшыя за тыя, якія былі ў ПКТ Шклоўскай калёніі. У астатнім — паглядзім, як там будзе», — кажа Валер Бандарэнка.

Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа», былы палітвязень Андрэя Бандарэнка летась быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. У Бабруйскай калёніі, куды Бандарэнку прывезьлі для адбыцьця пакараньня, некаторыя вязьні нечакана для яго абвясьцьлі, што ў яго нізкі статус. Андрэя Бандарэнка адразу назваў гэта правакацыяй і, каб не ўступаць у канфлікты зь вязьнямі, неаднаразова патрапляў у карцэр і ПКТ. Актывісты ініцыятывы за прызнаньне Андрэя Бандарэнкі палітвязьнем і перагляд ягонай крымінальнай справы дамагаліся таксама, каб адміністрацыя ўстановы не чыніла супроць Бандарэнкі правакацый з гэтак званым «нізкім статусам». Праваабарончы цэнтар «Вясна» ды шэраг іншых праваабаронцаў таксама далучыліся да патрабаваньняў да Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў стварыць для Андрэя Бандарэнкі нармальныя ўмовы для адбыцьця пакараньня.

У 2015 годзе Андрэй Бандарэнка не атрымаў магчымасьці скарыстацца амністыяй і на волю мусіць выйсьці больш як праз год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG