Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немцы не адрозьніваюць Беларусь ад Украіны, — пасол Вольфрам Маас


Wolfram Maas
Wolfram Maas

«Крызіс ва Ўкраіне і Расеі з пункту гледжаньня эканомікі мае адмоўны эфэкт для Беларусі», — заявіў амбасадар Германіі ў Беларусі Вольфрам Маас журналістам падчас прэзэнтацыі апытаньня 57 кампаніяў з замежным, пераважна нямецкім, капіталам пра стан дзелавога клімату ў краіне.

«Украіна — важны партнэр Беларусі. І калі адбудзецца крушэньне эканомікі ва Ўкраіне, гэта, несумненна, адаб’ецца і на Беларусі. Гэта стала б адмоўным эфэктам. Але, зь іншага боку, на гэта можна глядзець у пазытыўным моманце. Калі нейкі бізнэс ва Ўкраіне ці ў Расеі немагчымы, то ён можа перамясьціцца ў Беларусь. Але калі недзе рынак бурыцца, то перасоўваньне ў іншае месца ня будзе спрыяць аздараўленьню», — цытуе БелаПАН спадара Мааса.

«Пазыцыянаваньне Беларусі па канфлікце ва Ўкраіне знайшло ў сьвеце вялікае прызнаньне. Усё гэта спрыяла разуменьню інтарэсаў Беларусі. Несумненна, гэта станоўчы эфэкт, — адзначыў дыплямат. — Але, зь іншага боку, мы не павінны памыляцца, што ўспрыманьне рэгіёну ў сувязі з крызісам імкліва ўплывала на пашырэньне ведаў пра Беларусь. Недастатковы ўзровень гэтых ведаў у маёй краіне і таму недастатковая цікавасьць. На жаль, шмат якія рэчы кідаюцца ў адзін кацёл і зьмешваюцца, рэчы, якія не павінны знаходзіцца разам. Гэта прыводзіць да таго, што ня толькі грамадзяне, але і прадпрыемствы, прадпрымальніцкія структуры прыходзяць на аснове гэтай мешаніны да высновы, што гэта такі рэгіён, які спалучаны з праблемамі, зь неспакоем, і што ня варта ў яго ўваходзіць. У гэтым пляне не праводзіцца адрозьненьне паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Ад гэтага ўзьнікае адмоўны эфэкт. Гэта пры тым, што Беларусь аб’ектыўна ня мае да гэтых працэсаў ніякага дачыненьня», — адзначыў амбасадар Маас.

Паводле кіраўніка беларуска-нямецкага эканамічнага клюбу Хоўсэпа Васканяна, «пэўныя цяжкасьці ў эканоміках Украіны і Расеі паляпшаюць эканамічны імідж Беларусі».

«Але, зь іншага боку, Беларусь настолькі цесна зьвязаная з гэтымі краінамі, якія зьяўляюцца самымі галоўнымі яе эканамічнымі партнэрамі (60% зьнешняга гандлю), і сувязь настолькі цесная, што ёсьць у гэтым адмоўны эфэкт. Таму казаць пра нейкае паляпшэньне для Беларусі не выпадае. Ёсьць пэўная насьцярожанасьць у замежнага бізнэсу, як Беларусь будзе задзейнічана ў праблемах, якія ўзьніклі з Расеяй і Ўкраінай», — адзначыў экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG