Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску на фэстывалі Watch Docs Belarus пакажуць фільм пра ГУЛАГ. Што яшчэ паглядзець?


Belarus - International Documentary Film Festival on Human Rights WATCH DOCS. 2017

У Менску пачаўся міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus. Арганізатары падхапілі эстафэту ад аналягічнай імпрэзы ў Варшаве, дзе якраз абвясьцілі пра яе закрыцьцё.

Watch Docs Belarus ладзіцца трэці раз, сёлета ён праходзіць да 17 сьнежня ўключна ў малой залі кінатэатру «Мір», у «Гістарычнай майстэрні» і ў прасторы «ОК16». У праграме значыцца блізу двух дзясяткаў работ, адкрыў кінамаратон фільм галяндзкага рэжысэра Бэнтэ Форэра «Горкі шакаляд».

Талакой на абарону ўласных правоў

Як і ў папярэднія гады, падзея стала магчымай найперш дзякуючы высілкам Тацяны Гацуры-Яворскай і каманды валянтэраў. Месяц таму на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» быў абвешчаны збор у падтрымку фэсту — як кажа грамадзкая актывістка, гэта прынцыповая пазыцыя, каб для гледачоў сэансы былі бясплатнымі. Калектыўнымі намаганьнямі сабрана 85% ад заяўленай сумы.

Тацяна Гацура-Яворская, архіўнае фота
Тацяна Гацура-Яворская, архіўнае фота

«У пэўныя моманты было цяжка, але ж мы не шукаем лёгкага жыцьця, -- кажа Тацяна. — Усе нашыя фэсты былі арганізаваныя праз краўдфандынг. Проста першы быў досыць сьціплы і абышлося без значных выдаткаў. Другі раз ужо замахнуліся на большае і сабралі патрэбную суму. Сёлета самая буйная наша кампанія, трэба было плаціць за арэнду кінатэатру, а гэта ўжо зусім іншыя выдаткі. Збольшага нашы чаканьні спраўджваюцца. Частку праграмы прыстасавалі для людзей, якія маюць праблемы са слыхам, прадублявалі фільмы па-беларуску і па-расейску. Па вялікім рахунку, пакажам усё, што плянавалі. Спадзяёмся, людзям будзе цікава».

Арганізатары разьлічваюць, што цягам наступных дзён удасца выйсьці на 100-адсоткавае пракрыцьцё выдаткаў. У часе паказаў падтрымаць ініцыятыву можна ня толькі пералічэньнем сродкаў, але больш «смачным» спосабам. З кожнага кубка Watch Docs Kava кінафэст атрымлівае 1 рубель ахвяраваньняў: 50 капеек ад аматара напою і яшчэ 50 ад кавярні. Да акцыі ўжо далучыліся кавярні «Тры Жаўнеры», «Место», «Кофе Саунд», «Валенка», Sorso di Espresso, Faces coffee club, SurfCoffee, Manufaktura.

У вітальным слове падчас цырымоніі адкрыцьця фэсту рэжысэр тэатру і тэлевізіі Зьміцер Бейнард-Саладуха адзначыў, што пытаньне асабістых правоў узьнікла акурат у той момант, калі індывідуум асэнсаваў сябе чалавекам. І сёньняшняя падзея — знакавая ў тым сэнсе, каб лішні раз завастрыць на ёй увагу.

«Я не зьяўляюся ні праваабаронцам, ні тым, хто займаецца гэтым прафэсійна, — адзначыў ён. — Але гэта не адмаўляе відавочнага факту: мы маем гіганцкую гісторыю такой зьявы. Што атрымалася? Чалавек прыдумаў дзяржаву, каб яму было зручна жыць, каб соцыюм існаваў больш камфортна. Дзяржава існуе для таго, каб абараняць правы чалавека ўнутры соцыюму. А парадокс у тым, што тэма правоў чалавека ўзьнікае якраз ва ўзаемаадносінах чалавека і дзяржавы. Менавіта дзяржава чамусьці або не абараняе, або парушае правы сваіх грамадзянаў».

Першыя паказы ў рамках Watch Docs прайшлі ў 2001 годзе ў Варшаве і адразу ж сталі знакавай падзеяй. Ад таго часу фэстываль нязьменна зьбірае на сваіх пляцоўках шматлікіх удзельнікаў з усяго сьвету. Большасьць стужак складаюць працы вядомых рэжысэраў-дакумэнталістаў.

Пераасэнсаваць памылкі гісторыі

Адна з арганізатарак фэсту Аліна Радачынская кажа, што Watch Docs Belarus ня толькі падзея для кінадакумэнталістыкі, асноўная мэта — прыцягнуць увагу да найбольш актуальных праблемаў сучаснасьці:

«Мы на Watch Docs Belarus абмяркоўваем ня толькі праблемы, якія ўздымаюцца ў нашых фільмах, а і тыя, што ёсьць у сучасным беларускім грамадзтве, — адзначыла валянтэрка. — Добра, калі пра нешта гаворым у сацыяльных сетках, аднак у Беларусі папросту мала магчымасьцяў, калі можам сам-насам паглядзець суразмоўцу ў вочы. Таму Watch Docs — гэта найперш пляцоўка, дзе можна задаваць складаныя пытаньні адзін аднаму, сьпікерам, экспэртам у сваёй галіне».

Дакумэнтальныя стужкі, якія дэманструюцца ў рамках Watch Docs Belarus, можна падзяліць на насупныя тэматычныя катэгорыі.

  • Папулізм: чаму да ўлады вяртаюцца палітыкі, якія спрашчаюць складаныя пытаньні?
  • Памяць: хто кім маніпулюе — мінулае чалавекам ці наадварот?
  • Агульны сьвет: чаму беларусаў мусяць хваляваць падзеі ў іншым канцы сьвету?

Адной з гучных падзеяў Watch Docs Belarus абяцае стаць суботні паказ фільму «ГУЛАГ: цяжкія ўспаміны». Пасьля прэм’еры адбудзецца сустрэча з расейскай праваабаронцай Ірынай Фліге — кіраўніцай навукова- інфармацыйнага аддзелу «Мэмарыялу»а ў Санкт-Пецярбургу. Яна адна зь ініцыятарак праекту — «Віртуальны музэй ГУЛАГ». Тэмай абмеркаваньня — посьпехі і правалы пераасэнсаваньня рэпрэсій у грамадзкай сьвядомасьці.

Якія яшчэ фільмы паглядзець на Belarus Watch Docs

XS
SM
MD
LG