Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выставу «Праўда пра Курапаты» наведаў Кшыштаф Занусі


Дырэктар Інстытуту польскага ў Менску Матэвуш Адамскі, Вінцук Вячорка і Кшыштаф Занусі на адкрыцьці выставы

У менскім Палацы мастацтва адкрылася другая дакумэнтальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні».

Яе стваральнікі, а гэта грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў», лічаць, што ў параўнаньні зь першай выставай, якая прэзэнтавалася ў 2015 годзе, цяперашняя шырэй паказвае гістарычную тапаграфію ўрочышча Курапаты.

Перад афіцыйным адкрыцьцём на выставу прыйшоў вядомы польскі рэжысэр тэатру і кіно Кшыштаф Занусі, які знаходзіцца з кароткім візытам у Менску. У інтэрвію Свабодзе ён сказаў, што ўсе беларусы павінны ведаць праўду пра Курапаты, як палякі — пра Катынь:

«Гэта жывая гісторыя. Мы ведаем, што нацыя, якая забывае сваё мінулае, ня мае будучыні. Таму неабходна, каб ладзіліся такія выставы. Я радуюся, што вы маеце адвагу памятаць тое, што адбылося, памятаць гэтую страшную несправядлівасьць. Я вельмі спачуваю вам. Я сюды прыйшоў, таму што тэма Курапатаў яшчэ не настолькі вядомая, як павінна. Для ўсіх палякаў вядомая Катынь. Курапаты былі пазьней адкрытыя, і трэба, каб людзі ведалі, што тут адбылося».

«Выстава ад самага пачатку мела дзьве мэты — папулярызаваць Курапаты і задаць пэўную матрыцу для электронных рэсурсаў пра Курапаты і іншыя месцы пахаваньня ахвяраў масавых рэпрэсіяў. Таксама мы лічым, што выстава падштурхне дасьледнікаў у іншых рэгіёнах, натхніць аўтараў дапаможнікаў», — сказаў Свабодзе сябра ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» мовазнаўца Вінцук Вячорка.

Выстава складаецца зь некалькіх стэндаў, падзеленых на сэнсавыя зоны: «Адкрыцьцё», «Ушанаваньне», «Абарона», «Каты», «Ахвяры», «Экспэртызы», «Менскія галгофы», «Дасьледаваньні», Жыцьцё каля плоту«, «Тэрыторыя», «Наведнікі». Кожная зь іх утрымлівае дакумэнты, мапы і фатаздымкі.

«Мы зрабілі спробу — і вынікі ёсьць на гэтай выставе — рэканструяваць сьпіс ахвяраў. Сьпіс ахвяраў — гэта страшная таямніца, якую ахоўваюць спадкаемцы Дзяржынскага, ніводзін запыт родзічаў ахвяраў пакуль ня быў задаволены. Праз ускосныя сьведчаньні ўсё ж удаецца здабыць некаторыя імёны. Таксама тут ёсьць сьпіс катаў, некаторыя партрэты. Гэта важна, каб людзі ведалі, што нішто не мінае бясьсьледна», — сказаў Вячорка.

Рыхтуючы выставу, сябры ініцыятывы размаўлялі зь людзьмі, якія жылі ў ваколіцах Курапатаў. Такім чынам удалося аднавіць гістарычную тапаграфію тагачаснага ўрочышча — якой дарогай прывозілі ахвяраў зь менскага НКВД, дзе праходзіў плот і дзе былі вароты, як выглядала ўрочышча звонку, дзе стаялі і якія былі назіральныя вышкі, будка ахоўнікаў, дзе праходзіла прасека, дзе адбываліся расстрэлы. Уся гэтая інфармацыя прадстаўленая ў разьдзеле «Тэрыторыя».

«Калі ёсьць дакладныя сьведчаньні, што там стаяў савецкі плот, то байкі пра тое, што ўрочышча выкарыстоўвалі немцы для сваіх расстрэлаў, рассыпаюцца», — кажа Вячорка.

Макеты прапанаваных помнікаў у Курапатах
Макеты прапанаваных помнікаў у Курапатах

Сярод новых разьдзелаў выставы — «Наведнікі».

«Галоўныя наведнікі — гэта беларусы, чые родзічы там ляжаць. Таксама важна, што там бываюць замежныя госьці, якія лічаць сваім абавязкам наведаць Курапаты. Урочышча наведалі прэзыдэнты — Лех Валэнса і Біл Клінтан. На жаль, ніякі іншы прэзыдэнт Курапаты не наведаў», — дадаў Вінцук Вячорка.

Марат Гаравы
Марат Гаравы

Адзін з аўтараў выставы, сябра ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» журналіст Марат Гаравы прадставіў наведнікам некалькіх жыхароў суседніх з Курапатамі вёсак, на падставе сьведчаньняў якіх стваралася выстава:

«Нашу выставу наведалі Зоя Залецкая, яе муж Аркадзь, а таксама Алесь Генералаў і Павал Міхалевіч. Прасачыўшы лёс іх сямей, а таксама сямей іх аднасяльчанаў, мы стваралі некаторыя разьдзелы выставы».

Ён дадаў, што арганізатары шчыра падтрымліваюць актывістаў, якія гэтымі днямі бароняць Курапаты ад новага незаконнага будаўніцтва.

На адкрыцьці выступілі барды Зьміцер Захарэвіч, Аляксей Галіч, паэт Алесь Разанаў.

Выстава «Праўда пра Курапаты» будзе дзейнічаць да 28 лютага.

XS
SM
MD
LG