Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нават пры аптымістычным сцэнары выхад з крызісу зойме 5–8 гадоў, — экспэрт


Уладзімер Карагін, архіўнае фота
Уладзімер Карагін, архіўнае фота

Старшыня прэзыдыюму Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін мяркуе, што час, які патрэбны беларускай эканоміцы на выхад з крызісу, шмат у чым залежыць ад бліжэйшага замежнага асяродзьдзя.

Пра гэта бізнэсовец сказаў 11 жніўня ў інтэрвію сайту Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

«Мы вельмі залежым ад сытуацыі ў Расеі, — сказаў Уладзімер Карагін. — Паднялося там штосьці лепш — і ў нас лепш. А там усё горш становіцца. Мы страцілі ў сувязі з увядзеньнем санкцый супраць Расеі — не працуе наша лягістыка, не працуюць тыя інвэстыцыі, што ўкладзеныя ў склады, лягістычную сыстэму, набытыя грузавікі — няма чаго вазіць сёньня. Мы не абслугоўваем вялікую эканоміку Расеі, як раней. І тут мы мільярды страцілі.

Мы страцілі праз канфлікт ва Ўкраіне мільярды даляраў. Мы не вінаватыя, але страцілі. Мы не папоўнілі страчаныя мільярды актыўнасьцю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, таму што не хапае абаротных сродкаў. Ну які дурань будзе разьвіваць свой бізнэс пад 25% гадавога крэдыту? Як купіць абсталяваньне? А доступ да зямлі? А тое, што зрабілі для інвэстараў — павышальныя каэфіцыенты да 3-х у Менску і іншых гарадах? Тыя, хто пабудаваў тут нейкі аб’ект, кожны дзень прыходзяць і кажуць: „Я абабраны. Я банкрут. Мяне абабралі гэтыя высокія падаткі“».

8 жніўня Карагін удзельнічаў у вялікай нарадзе, прысьвечанай прадпрымальніцтву, і па яе выніках палічыў, што абяцаньні ўладаў наўрад ці зьменяць дэпрэсіўныя настроі сярод бізнэсоўцаў:

«Кожны трэці думае аб спыненьні бізнэсу, кожны пяты хоча зьехаць. Трэба хутчэй прымаць пэўныя рашэньні. І без увязкі са стратэгіяй разьвіцьця прадпрымальніцтва і бачаньнем будучыні ў пэрыяд лічбавай трансфармацыі бізнэсу і эканомікі немагчыма эфэктыўна наладзіць рэгулятарныя мэханізмы», — напісаў ён у Фэйсбуку пасьля нарады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG