Як перадае БЕЛТА, Лукашэнка назваў гэтую падзею яшчэ адной яркай старонкай у гісторыі прадпрыемства.
«Гэта ня толькі знак высокага прызнаньня заслуг усяго вашага калектыву, але і паказчык той народнай любові, якую змог заваяваць „Савушкин продукт“. Прадукцыя прадпрыемства сёньня на стале практычна ў кожнай сям’і», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
На прадпрыемстве ён наведаў участкі перапрацоўкі сыроваткі і вытворчасьці тварагоў.
На пачатку 2017 году «Савушкин продукт» заявіў, што прынцыпова ня будзе дубляваць на ўпакоўках назвы і склад прадуктаў па-беларуску — таму што гэта нібыта зробіць прадукцыю значна даражэйшай. Пасьля на «Савушкин продукт» спаслалася Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня, абгрунтоўваючы сваю пазыцыю супраць зьменаў у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Згодна з гэтымі зьменамі інфармацыя пра тавары і паслугі павінна была б даводзіцца адначасова на дзьвюх дзяржаўных мовах, як тое і прадугледжвае Канстытуцыя.
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетах абвясьцілі, што байкатуюць прадукцыю «Савушкиного продукта».