Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У большасьці краін сьвету сярод афіцыйных сьвятаў абавязкова ёсьць такое, якое ўвекавечвае нейкі подзьвіг продкаў у змаганьні з ворагамі. Гэта абавязковы атрыбут нацыянальнай міталёгіі. Такая мілітарызацыя спадчыны часта спараджае дыпляматычныя канфлікты з суседзямі. Але нягледзячы на тое, што гэта выклікае моцныя фобіі мінулага, тым ня менш гераізацыя нацыянальнай гісторыі стала трывалай традыцыяй амаль ва ўсіх народаў.

Шмат у якіх дзяржавах такі гераічны міт пакладзены ў аснову вызначэньня галоўнага сьвята — дня незалежнасьці. Звычайна днём незалежнасьці абвяшчаецца дата, якая зьвязаная альбо з гераічным вайсковым подзьвігам продкаў, альбо зь нейкай дэклярацыяй, якая абвяшчае незалежнасьць. У Беларусі першапачаткова Днём Незалежнасьці стала дата прыняцьця Вярхоўным Саветам БССР Дэклярацыі аб сувэрэнітэце 27 ліпеня 1990 г. Дарэчы, і Дзень Волі 25 сакавіка, якія сьвяткуюць нацыянальна-дэмакратычныя сілы, грунтуецца на палітычнай дэклярацыі — прыняцьці Трэцяй Устаўнай граматы Рады БНР.

А вось у аснове цяперашняга афіцыйнага Дня незалежнасьці Беларусі ляжыць якраз гераічны міт: 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад фашыстаў. Хоць гімн Беларусі пачынаецца з слоў «Мы, беларусы — мірныя людзі...», тым ня менш Лукашэнка чуйна ўлавіў, што ў грамадзтве запатрабаваная гераізацыя мінулага. І, дарэчы, калі незалежнасьць адлічваецца ад бітвы, перамогі над ворагам, то вайсковы парад у гэты дзень падаецца больш лягічным, чым калі б гаворка ішла пра нейкую іншую падзею, якая паклала пачатак сувэрэнітэту дзяржавы. Праўда, гэтая дата (3 ліпеня) ня мае ніякага дачыненьня да незалежнасьці Беларусі, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Варта заўважыць, што бываюць выпадкі, калі сьвята грунтуецца на чыстым, абсалютным міце. Як напрыклад, адбылося з Днём Савецкай Арміі 23 лютага. Ніякай падзеі, вартай гераізацыі, 23 лютага 1918 году (менавіта гэты дзень лічыцца днём нараджэньня савецкага войска) не адбылося, тут нават зачапіцца няма за што. Тым ня менш сьвята настолькі трывала ўвайшло ў масавую сьвядомасьць, што дасюль сьвяткуецца ў Беларусі абсалютнай большасьцю беларусаў (пра расейцаў увогуле не кажу).

У гэтым сэнсе дзень бітвы пад Воршай 8 верасьня — самае беларускае сьвята. Таму што яна адбылася на тэрыторыі Беларусі, то бок продкі абаранялі сваю зямлю. Паходы Лжэдзьмітрыя, захоп Масквы наўрад ці можна лічыць абарончымі бітвамі.

Сьвята 8 верасьня найбольш пасуе сёньняшняй незалежніцкай міталёгіі — у адрозьненьне ад дат Вялікай Айчыннай вайны

Сьвята 8 верасьня найбольш пасуе сёньняшняй незалежніцкай міталёгіі — у адрозьненьне ад дат Вялікай Айчыннай вайны, якія ня маюць дачыненьня да дзяржаўнай незалежнасьці. Перамога дасягнутая ў бітве з маскоўскім войскам. А сёньня для Беларусі найбольш актуальная залежнасьць ад Расеі. Бітва пад Воршай адмаўляе вэрсію, што Беларусь — гэта «русский мир». І, дарэчы, кіраўнік войска ВКЛ гетман Канстанцін Астроскі быў праваслаўны.

Аднак ёсьць і значныя перашкоды на шляху афіцыйнага абвяшчэньня 8 верасьня Днём беларускай вайсковай славы.

Найперш, гэта сапсуе дачыненьні з Расеяй. А добрасуседзкія адносіны з РФ — гэта адна з галоўных задач замежнай палітыкі любога беларускага ўраду, хоць аўтарытарнага, хоць дэмакратычнага. Зрэшты, ня выключана, што да падзеі ХVI стагодзьдзя Масква можа паставіцца даволі спакойна. Сёньня расейская эліта і грамадзтва вельмі хваравіта рэагуюць на розныя гістарычныя абставіны нядаўняга мінулага, ХХ стагодзьдзя, пэрыяду Другой сусьветнай вайны. А тое, што было раней, ня мае такой палітычнай вастрыні.

Калі я быў у Шатляндыі, то мяне вельмі зьдзівіў той факт, што ўся нацыянальная шатляндзкая міталёгія, гістарычная традыцыя, помнікі і фальклёр прысьвечаныя адной тэме: як яны гераічна і ўдала змагаліся з агрэсіяй англічан. І нічога, што гэтыя два народы цяпер жывуць у адной дзяржаве.

Дзяржаўная легітымізацыя сьвята 8 верасьня непазьбежна абвострыць раскол беларускага грамадзтва

Другая праблема больш важная. Справа ня толькі ў тым, што Аршанская бітва не прысутнічае ў масавай сьвядомасьці большасьці беларусаў, а выступае толькі як складнік ідэалёгіі і міталёгіі нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Калі сьвята будзе прынятае на афіцыйным узроўні, то з дапамогай дзяржаўных інстытутаў, мэдыяў гэта можна выправіць.

Галоўная небясьпека палягае ў тым, што дзяржаўная легітымізацыя сьвята 8 верасьня непазьбежна абвострыць раскол беларускага грамадзтва. Стаўленьне да гэтай падзеі і сёньня выклікае жарсьці сярод палітызаванай часткі беларускага соцыюму. Моцная прарасейская плынь будзе існаваць у Беларусі і пасьля зьмены існага рэжыму, можа нават заўсёды. Таму гэтая тэма сёньня і ў будучыні палітычна вострая і канфліктная.

Тым ня менш, са сьвятам, спадарства.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG