Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
Паводле яго слоў, у момант затрыманьня судна знаходзілася больш чым за 450 марскіх міль (больш за 833 км) на поўдзень ад вострава Рэюньён. Яго падазраюць у выкарыстаньні фальшывага сьцяга і ўдзеле ў незаконнай перавозцы паліва.
Паводле зьвестак Marine Traffic, DF Peak плавае пад сьцягам Бэніну.
«Гэтая апэрацыя, праведзеная ў адпаведнасьці з міжнародным марскім правам, дэманструе нашу рашучасьць выконваць закон і змагацца з усімі відамі незаконнага гандлю, дзе б яны ні адбываліся», — напісаў Макрон.
Чаму гэта важна?
Гэта ня першы танкер з расейскага «ценявога флёту», які быў затрыманы Францыяй. З восені мінулага года францускія вайскоўцы разам са сваімі саюзьнікамі затрымалі танкеры Grinch, Boracay, Deyna, Tagor і Deliver. Пазьней усе яны былі вызваленыя.
Танкер Grinch, як заявілі францускія ўлады, быў вызвалены пасьля штрафу ў памеры «некалькі мільёнаў эўра» за тое, што экіпаж ня змог апраўдаць незаконнае выкарыстаньне сьцяга Каморскіх астравоў. Паводле зьвестак VesselFinder, судна чатыры разы мяняла свой сьцяг з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Пасьля таго, як францускія ўлады вызвалілі судна, яно зьмяніла назву на Transformer і цяпер плавае пад расейскім сьцягам.
Пасьля затрыманьня танкера Smyrtos ў Ля-Маншы іншыя караблі «ценевага флёту» Расеі пачалі мяняць маршруты.
Такія караблі затрымлівалі таксама Вялікая Брытанія, Бэльгія, ЗША, Эстонія і іншыя краіны Захаду.
Расея выкарыстоўвае «ценевы флёт» танкераў зь непразрыстай структурай уласнасьці, каб абысьці міжнародныя санкцыі, накладзеныя на яе нафтавы экспарт.
«Ценевы флёт» складаецца больш чым з 700 вадаплаваў і адказвае за перавозку 75% расейскай нафты ў абыход санкцыяў.