Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска пры расейскай мяжы: яшчэ не памерла, але ўжо не жыве


Памежныя з Расеяй беларускія вёскі пакрысе паміраюць. Пасьля абʼяднаньня калгасаў з пэрыфэрыйных паселішчаў паўцякала амаль уся моладзь. Засталіся пэнсіянэры. На іх і трымаецца жыцьцё беларускага ўскрайку. Адна з такіх вёсак — Горня ў Хоцімскім раёне. Краму тут зачынілі год таму, клюб таксама на замку. Калгас збанкрутаваў. Для тутэйшай моладзі пэрспэктываў няма.

Горня за дванаццаць кілямэтраў ад райцэнтру. Да мяжы крыху больш як два. Зрэдку па шашы ў Расею, абмінаючы вёску, імчаць машыны, пераважна легкавікі з расейскімі нумарамі. У само паселішча вядзе грунтоўка. На ўезьдзе стары абшарпаны знак з назвай вёскі.

Знак на ўезьдзе ў Горню
Знак на ўезьдзе ў Горню

Раней, як была крама, дык туды завітвалі праежджыя, кажуць вяскоўцы. А цяпер мы ім без патрэбы.

«Якое жыцьцё ў нас тут? Вы ж самі бачыце, што вёска гіне. Застаюцца ў ёй адны старыя. Моладзь зьяжджае, бо тут няма чаго рабіць», — кажа адна зь першых суразмоўніц, якую журналіст адцягнуў ад воглядкі на гародзе.

«Раней тут быў калгас. Фэрмы былі яшчэ лепшыя, чым цяперашнія ў цэнтры. У іх было па 700–800 галоў жывёлы, — згадвае вяскоўка. — І людзі працавалі на фэрмах. А цяпер што засталося? Краму зачынілі. Клюб зачынілі...»

Сядзібы вяскоўцаў выглядаюць нібы хутары
Сядзібы вяскоўцаў выглядаюць нібы хутары

Кабета, тым ня менш, запэўнівае, што адчуваньня забытасьці ў мясцовых жыхароў няма. Кажа, у вёску наведваюцца прадстаўнікі сельсавету, бібліятэкарка ды фэльчарка.

«Дык кажуць, што фэльчарку зьбіраюцца скараціць нашу. Давядзецца тады езьдзіць у наш цэнтар — аграгарадок Бяседавічы. Невядома, ці будзе новы фэльчар, як нашага ня будзе, адтуль да нас езьдзіць», — паскардзілася жанчына.

У суразмоўніцы немалая гаспадарка. Дваццаць сотак зямлі. Жыве адна. Кажа, што даглядаць гаспадарку дапамагаюць дзеці.

У вёсцы
У вёсцы

Вёску на беларускім ускрайку зьвязваюць з Хоцімскам два аўтобусныя рэйсы на тыдзень. Прыяжджае аўталаўка. На пытаньні, дзе лепей жывецца вяскоўцам — у Беларусі ці Расеі? — жыхарка Горні, крыху разважыўшы, адказала:

«У Расеі цэны ніжэйшыя. Там і людзі неяк мацуюцца. Могуць нерухомасьць прадаць. Землі там багацейшыя скупляюць. А ў нас што? Вось бачыце, ля кінутых хат двары зарастаюць. А тое, што прыбрана, дык гэта дзякуючы мясцовым, якія ня хочуць, каб вужакі па вуліцы поўзалі. Як папросіш дапамогі ва ўлады, дык адказваюць: «У нас няма грошай».

Зачыненая крама.
Зачыненая крама.

Зачынены клюб
Зачынены клюб

«Расейцы кажуць, што ў нас добра жывецца, — далучаецца да гутаркі сусед. — Там жа сельскай гаспадаркі ўжо няма, асабліва ў памежных вёсках. Ніхто нічога ня сее. Во праедзьце да Суража, гэта ж недалёка адсюль, самі пабачыце, што там дзеецца. А ў нас жа ўрабляюць землі. Зерневыя высяваюць. Камбайны даюць, як сваё зжаць трэба. Пакуль ня крыўдзяць».

«Але вёска наша памірае, — дадае вясковец. — Раней двароў пад шэсьцьдзесят было, а як калгас разваліўся, дык усё пасыпалася».

Кінутая хата
Кінутая хата

У вёсцы нямала кінутых хат. Ад некаторых двароў засталіся толькі падмуркі ды зьдзічэлыя сады. Шмат якія забытыя хаты — з забітымі дошкамі вокнамі, аголенымі дахамі. Вуліцай не прайсьці, бо гразкая.

«Я ўжо старая, дык мне ўсё роўна, як жывецца, — асуджана заяўляе адна з жыхарак, запрашаючы журналіста ў двор.

«Мы тут яшчэ добра жывём, на яду пэнсіі хапае. Краму толькі ў нас зачынілі. Цяпер чарга дайшла да клюбу. Яго таксама зачынілі і сказалі, што нібы будуць будынак разьбіраць».

«Аўталаўка прыяжджае тры разы на тыдзень. Прывозіць хлеб і іншыя харчы, абы грошы былі, — нетаропка апавядае старая. — Амаль усе маладыя пазьяжджалі адсюль у недалёкія Бяседавічы. Там хаты падавалі. Дык вёска ж наша пакрысе і памірае».

У Горні выжываюць як хто можа. Адзін зь вяскоўцаў гадуе бычкоў. Вяскоўцы на яго скардзяцца, што ад ягонай фэрмы сьмярдзіць гноем
У Горні выжываюць як хто можа. Адзін зь вяскоўцаў гадуе бычкоў. Вяскоўцы на яго скардзяцца, што ад ягонай фэрмы сьмярдзіць гноем

У вёсцы трое школьнікаў. Каб завезьці іх на вучобу, прыяжджае аўтобус.

«Я тут не адзін малады, там на канцы вёскі жыве яшчэ адна сямʼя маладая», — тлумачыць журналісту малады вясковец. Кажа, ня раз зьбіраўся вырвацца з Горні, але прыкіпеў да роднай вёскі.

«Тут людзі выжываюць дзякуючы сваёй гаспадарцы. А як яшчэ пражывеш? Праца далёка, ды знайсьці яе няпроста цяпер, каб грашовая была. Вёска гібее. Як старыя паўміраюць, дык ёй усё будзе. Пакуль у ёй жыве пад сорак чалавек».

Удалося пагутарыць у вёсцы з жыхаркай Менску. Яна бавіць у Горні большую частку году, бо ў сталіцы, кажа, на два мільёны шэсьцьсот пэнсіі надта цяжка пражыць.

«Зімую ў Менску, харчуемся тым, што тут нагадавалі ды назапасілі. Муж бяз працы. Шукае занятак у Менску. Як ня знойдзеш, кажу яму, дык прыяжджай, будзем гарод садзіць. Куранят накупляем, індыкоў. Будзе з чым зімаваць, і жыць, і дзецям дапамагаць», — апавядае жанчына.

Стары беларускі звычай: збанкі вывешваць на частакол сушыцца. Гэты гарлач заімшэў забыты
Стары беларускі звычай: збанкі вывешваць на частакол сушыцца. Гэты гарлач заімшэў забыты

«Але і тут цяжка жывуць людзі, — кажа яна. — Вёска памірае. Усё тут разбурылі. Фэрмаў ужо няма. Працы няма. Краму зачынілі больш як год таму. Замянілі аўталаўкай. Будынак клюбу некаму зьбіраюцца прадаваць. Моладзі асабліва і не засталося. Але мясьціны тут добрыя. Ягадныя, грыбныя...»

Непадалёк ад Горні, за паўкілямэтра да мяжы з Расеяй, мэмарыял савецкім кавалерыстам, якія загінулі тут у жніўні 1941 году. Доўгі час гэта быў адзіны конны помнік у Беларусі. Беларусы кажуць, што суседзі з памежных расейскіх вёсках, якія жывуць зборам лому, адпілавалі каню на помніку хвост. Замест скрадзенага прыладжаны новы.

Мэмарыял савецкім кавалерыстам.
Мэмарыял савецкім кавалерыстам.

Замест скрадзенага хваста прымацавалі новы — з кавалкаў бляхі.
Замест скрадзенага хваста прымацавалі новы — з кавалкаў бляхі.

Ля мэмарыялу вянкі. Крыху наводдаль яшчэ адзін абэліск кавалерыстам. Ён схаваны ў ляску, і ягоны выгляд падказвае, што згадваюць яго толькі пры нагодзе. Ля даўно не фарбаванага помніка, ад якога адстаў тынк, няма вянкоў, толькі завялы букет кветак.

Забыты ў лесе абэліск.
Забыты ў лесе абэліск.

Шыльда на ім таксама даўно ня ведала рамонту
Шыльда на ім таксама даўно ня ведала рамонту

Ад шукальнікаў лому пацярпеў і памежны знак. Бачна, што ад яго спрабавалі адламаць кавалак мэталу, ды ня здужалі.

На беларуска-расейскай мяжы
На беларуска-расейскай мяжы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG