Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вікторыя Азаранка спадзяецца, што яшчэ зможа выступіць на US Open


Вікторыя Азаранка ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Найлепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка апублікавала ў Фэйсбуку заяву пра сямейныя праблемы, якія могуць перашкодзіць ёй выступіць на Адкрытым чэмпіянаце ЗША (US Open).

«Сьнежаньскі дзень, калі нарадзіўся мой сын Леа, гэта самы шчасьлівы дзень у маім жыцьці, — напісала Вікторыя Азаранка. — З таго часу я па-новаму гляджу на маладых маці і бацькоў, у якіх з нараджэньнем дзяцей паўстае столькі розных абавязкаў. Але, як і большасьць мамаў, якія працуюць, я аказваюся, нягледзячы на маю бязьмежную любоў да сына, у сытуацыі складанага выбару, якая можа адтэрмінаваць маё вяртаньне да працы».

Тэнісістка прызнаецца, што сёлета яна рассталася з бацькам свайго сына. Цяпер яна можа згуляць на US Open, толькі пакінуўшы Леа ў Каліфорніі, а гэтага яна рабіць ня хоча.

Як ужо перадавала Свабода, бацька дзіцяці Білі МакКіг зьвярнуўся ў суд Лос-Анджэлеса, які пастанавіў: на час разгляду справы аб апякунстве хлопчык ня можа пакідаць горад. Адпаведна, удзел тэнісісткі ў US Open можа азначаць, што яна будзе вымушана адмовіцца ад кантактаў з сынам на час турніру.

Паводле адвакаткі спартоўкі Лаўры Васэр, спаборніцтвы будуць праходзіць у Нью-Ёрку з 28 жніўня па 10 верасьня, а суд можа зацягнуцца мінімум да кастрычніка.

Тэнісістка прапанавала аплаціць МакКігу праезд і пражываньне падчас US Open, аднак судзьдзя адмовіў. Пры гэтым суд у Лос-Анджэлесе не зьбіраецца перадаваць справу на разгляд у Беларусь, на што да апошняга спадзявалася спартоўка.

«Адначасова клапаціцца аб дзіцяці і будаваць кар’еру ня проста, але я гатовая да гэтага выпрабаваньня, — кажа ў сваім посьце Вікторыя Азаранка. — І я хачу выказаць сваю падтрымку мужчынам і жанчынам, якія, як і я, перакананыя, што цалкам нармальна быць маці і пры гэтым працаваць. Ніхто не павінен апынацца перад выбарам: дзіця або кар’ера. Мы ўсе дастаткова моцныя, каб рабіць і тое, і другое».

Вікторыя Азаранка падзякавала людзям з усяго сьвету, якія падтрымліваюць яе ў праве быць зь дзіцем, і выказала надзею, што бліжэйшым часам здолее ўлагодзіць рознагалосьсі з бацькам Леа. У такім выпадку ёй удасца даехаць да Нью-Ёрку і выступіць на US Open.

XS
SM
MD
LG