Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аштрафаванага за лаянку безгалосага актывіста ў беларускіх судах не пачулі — ён напісаў у ААН


Віктар Казлоў

Рэгіянальны прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Віктар Казлоў з Гомля не знайшоў абароны ў беларускіх судах і зьвярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Ён просіць уплывовую міжнародную структуру прызнаць, што ягонае права не зазнаваць адвольнага затрыманьня і арышту парушана, як парушаны і правы на свабоднае выказваньне сваёй думкі і на мірныя сходы.

«Сёлета на Дзень Волі ў вёсцы Цярэшкавічы я ішоў на прыпынак грамадзкага транспарту, каб ехаць у Гомель на „Марш недармаедаў-2“. Амапаўцы на машыне падрулілі, схапілі мяне, даставілі ў РАУС, а пасьля і ў ізалятар, дзе я правёў больш як двое сутак. Склалі пратакол пра нібыта маю гучную лаянку ў грамадзкім месцы і непадпарадкаваньне, а потым у судзе ілжэсьведчылі пра лаянку. Ня ведалі, што пасьля апэрацыі ў анкалягічным цэнтры і парэзу мышцаў гартані я гавару толькі шэптам», — кажа 68-гадовы Віктар Казлоў.

У Гомельскі раённы суд Казлоў прадставіў даведкі пра апэрацыю, выступаў сьведка — лекар. Судзьдзя Тамара Застаўнецкая чула, што маўленьне ў актывіста парушана, а ўсё адно аштрафавала на 69 рублёў. Прэвэнтыўны арышт актывіста на 52 гадзіны наагул застаўся без увагі.

Казлоў аспрэчыў штраф і затрыманьне ў абласным судзе, але безвынікова. Двойчы ён зьвяртаўся ў Вярхоўны суд, у тым ліку й непасрэдна да старшыні Валянціна Сукалы, але падтрымкі таксама не знайшоў. Таму зьвярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Адначасова Казлоў патрабуе ад Вярхоўнага суду вярнуць пошліну, бо паўторная скарга не была разгледжаная старшынём суду, а ягоны намесьнік другі раз адказаў актывісту не па сутнасьці звароту.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG