Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Безгалосы гамяльчук хоча дакрычацца да старшыні Вярхоўнага суду


Рэгіянальны прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Віктар Казлоў з Гомля зьвярнуўся 23 жніўня са скаргай да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы. Ён прасіць адмяніць накладзены на яго штраф за «гучную нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы» сёлета на Дзень Волі.

«Гэта ўжо апошняя ў Беларусі судовая інстанцыя, куды я зьвяртаюся, — кажа прафсаюзны актывіст Казлоў. — Ні Гомельскі абласны суд, ні намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч ня ўбачылі ці проста не схацелі бачыць усёй абсурднасьці маёй адміністрацыйнай справы за «нецэнзурную лаянку».

Суды апраўдваюць дзеяньні міліцыянтаў, не зважаючы на факты, якія выпіраюць яшчэ мудрэй, чым шыла зь мяшка

Віктара Казлова амапаўцы Александар Сярдзюк, Раман Хурбатаў ды Аляксандар Семчанка схапілі 25 сакавіка ў вёсцы Цярэшкавічы, калі ён кіраваўся ў Гомель на «Марш недармаедаў — 2». Звыкла абвінавацілі ў гучнай лаянцы і непадпарадкаваньні міліцыі, ня ведаючы, што пасьля апэрацыі ў анкалягічным цэнтры і парэзу мышцаў гартані Віктар Казлоў гаворыць толькі шэптам. Двое сутак Казлова прэвэнтыўна трымалі ў ізалятары УУС Гомельскага аблвыканкаму, а пасьля на падставе міліцэйскіх пратаколаў судзьдзя Гомельскага раёну Тамара Застаўнецкая аштрафавала актывіста на тры базавыя велічыні — 69 рублёў. У суд першай інстанцыі Казлоў прадставіў даведкі пра апэрацыю, выступаў лекар, сьведка, судзьдзя чула, што маўленьне ў актывіста парушана, а ўсё адно аштрафавала.

«Я назваў амапаўцаў у судзе ілжэсьведкамі. Няма сумневу, што ў іх быў загад ізаляваць мяне яшчэ да пачатку „Маршу недармаедаў“. Праз штрафы суды апраўдваюць супрацьпраўныя дзеяньні міліцыянтаў у дачыненьні да актывістаў, ня надта зважаючы на факты, якія выпіраюць яшчэ мудрэй, чым шыла зь мяшка», — лічыць Віктар Казлоў.

У змаганьні за справядлівасьць прафсаюзны актывіст гатовы зьвярнуцца, калі спатрэбіцца, і ў Камітэт правоў чалавека ААН.

XS
SM
MD
LG