Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 фактаў пра няроўныя ўмовы працы прадпрыемстваў Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Саюзная дзяржава, ЭўрАзЭС — гэта слоўная мішура для манапалістаў, алігапалістаў, алігархаў», — лічаць экспэрты.

20 гадоў існуе так званая Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі. Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на ІІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі, заявіў, што Саюзная дзяржава — самае прасунутае інтэграцыйнае абʼяднаньне на постсавецкай прасторы.

Фармальна прадпрыемствы Расеі і Беларусі павінны працаваць у адзіных эканамічных умовах. Пра гэта сьведчаць шматлікія дакумэнты і дамовы Саюзнай дзяржавы, Мытнага саюзу, Эўразійскага эканамічнага саюзу, уніфікаванае заканадаўства. Але на справе гэтага няма.

Свабода знайшла 8 няроўных умоваў працы беларускіх і расейскіх субʼектаў гаспадараньня.

Дарагі газ

У Расеі прадпрыемствы маюць амаль удвая меншыя тарыфы на газ, чым у Беларусі. Цяпер Расея прадае Беларусі газ па цане 136 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў (гэта цана да мяжы, далей ужо ўключаецца свая лягістыка). Але калі газ даходзіць да беларускіх прадпрыемстваў, цана на яго істотна павялічваецца, кажа экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак:

«Называюць лічбы 260 даляраў і вышэй — усё залежыць ад прадпрыемстваў, колькі яны спажываюць, у якой галіне працуюць. Што да коштаў на газ для расейскіх прадпрыемстваў, яны таксама розныя. Тэрыторыя Расеі даволі вялікая, цяпер яна падзелена на 9 цэнавых паясоў, і ў кожнага зь іх свае кошты на газ. Афіцыйны беларускі бок сьцьвярджае, што для расейскіх прадпрыемстваў кошты на газ удвая меншыя, чым для беларускіх. Да таго ж Беларусь плаціць за газ у далярах, а не ў расейскіх рублях».

Дарагая электрычнасьць

Электраэнэргія беларускім прадпрыемствам таксама абыходзіцца амаль удвая даражэй, чым расейскім.

Справа ў тым, што ў асноўным электраэнэргія ў Беларусі выпрацоўваецца на прыродным газе (альтэрнатыўныя віды паліва, да прыкладу, мазут выкарыстоўваюцца мала; мясцовыя віды паліва, кшталту торфу, таксама займаюць неістотную долю). А газ Беларусь імпартуе з Расеі. Таму цэны на электраэнэргію наўпрост залежаць ад цэнаў на газ. У Расеі газ свой. Да таго ж там іншая структура выпрацоўкі электраэнэргіі: шырока выкарыстоўваецца вугаль, атамная энэргетыка, заўважае Тацяна Манёнак. Што тычыцца энэргаэфэктыўнасьці — то бок колькі паліва спажывае сыстэма, каб выпрацаваць 1 кіляват-гадзіну электраэнэргіі, — то ў Беларусі яна цяпер вышэйшая, чым у Расеі.

Бюракратычныя фармальнасьці

Для таго каб увезьці беларускую прадукцыю ў Расею, трэба аформіць вялізную гару папер, чаго расейскія прадпрыемствы ня робяць.

Мытны кантроль на мяжы з Расеяй
Мытны кантроль на мяжы з Расеяй

«Гэта сэртыфікаты паходжаньня тавару, сэртыфікаты экалягічнай бясьпекі ды іншыя. На мяжы іх даводзіцца выкладваць перад мытнікамі, тыя ўсё гэта правяраюць, і толькі тады прадукцыю можна прадаваць у Расеі. А расейскім прадпрыемствам значна лягчэй: у іх ніхто не пытаецца, ці адпавядаюць тавары нейкім нормам. Хоць фармальна ўсё прынята, заканадаўства ўніфікавана і ўсё павінна адпавядаць адзіным нормам», — кажа дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан.

Высокая стаўка рэфінансаваньня

У Беларусі ўліковая стаўка рэфінансаваньня — 22%, а ў Расеі — удвая ніжэйшая, 11%. Стаўка рэфінансаваньня — гэта колькі працэнтаў гадавых мусяць выплачваць цэнтральнаму банку іншыя банкі за крэдыты, якія той ім дае. Стаўка паказвае, наколькі дарагія альбо танныя крэдыты могуць выдаваць банкі.

Нядопуск на тэндэры

Не павінна быць перашкодаў для ўдзелу прадпрыемстваў у тэндэрах, якія праводзяцца ў так званай Саюзнай дзяржаве. Але і з аднаго, і з другога боку пастаянна ўзьнікаюць перашкоды.

Кіраўнік расейскай асацыяцыі «Росагромаш» Канстанцін Бабкін кажа:

«За апошнія тры гады нам не ўдалося прадаць у Беларусь ніводнага камбайна, у той час як Расея ў рамках дзяржаўных праграм закупляе тысячы беларускіх машын».

Тэму дыскрымінацыі ўздымаў і амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў:

«Аналіз электронных таргоў, праведзеных у Беларусі па закупах у дзяржзаказ, паказаў, што ў гэтай структуры расейскі ўдзел склаў усяго 0,04%. У той час на такіх самых таргах у Расеі беларускія прадпрыемствы атрымалі 5%». У беларускіх прадпрыемстваў — аналягічныя прэтэнзіі да расейскага боку.

Меней рынкавай свабоды

Расея — сябра Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. У 2012 годзе яе прызналі краінай з рынкавай эканомікай. Шмат у якіх галінах — у машынабудаваньні, у аўтапраме —Расея ўжо працуе па тых правілах, якія яна абавязалася выконваць, будучы сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. А Беларусь застаецца краінай з каманднай эканомікай. У Расеі ўсё ж такі больш рынкавай свабоды і вальнейшыя ўмовы для вядзеньня прыватнага бізнэсу, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цэнтралізацыя ў эканоміцы

У Расеі няма такой цэнтралізацыі ўлады ў эканоміцы.

«У Беларусі прэзыдэнт — і ніжэй вэртыкаль. Да прыкладу, узгадаем нядаўнюю генэральную лінію на мадэрнізацыю ў дрэваапрацоўцы. Кіраўнік дзяржавы асабіста здымаў дырэктараў прадпрыемстваў, выдаваў указы — Пуцін такімі пытаньнямі не займаецца. У Расеі ўсё ж такі рэгіёны маюць большую самастойнасьць», — кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Дэмпінг

Беларусь прадае ў Расеі сваю прадукцыю па дэмпінгавых коштах. Лядоўня вытворчасьці Менскага заводу халадзільнікаў «Атлант» у Беларусі каштуе даражэй, чым у прымежным расейскім Смаленску. Цана лядоўні «Атлант XM 6026-031» у Менску — ад 8 370 000 беларускіх рублёў і вышэй, у Смаленску такая ж лядоўня ў краме «Тэхнасіла» каштуе 25 690 расейскіх рублёў (7 900 000 беларускіх). Адна і тая ж мадэль жаночых чаравікаў вытворчасьці Belwest у беларускіх фірмовых крамах каштуе 1 672 000 рублёў, а ў смаленскай фірмовай краме — 3900 расейскіх рублёў (1 200 000 беларускіх).

«Розьніца 20–27%, у Расеі кошты на беларускія тавары ніжэйшыя, чым мы прадаем свайму народу, — кажа эканаміст Віктар Цярэшчанка. — Абы прадаць, хоць нешта атрымаць. Прадпрыемствы працуюць сабе на страту».

Завод «Атлант» у Менску
Завод «Атлант» у Менску

Незадаволенасьць Лукашэнкі

Пра існаваньне вялікай колькасьці праблемаў казаў нядаўна і Аляксандар Лукашэнка, калі быў з працоўным візытам у Казахстане:

«Перш за ўсё, неабходна перавесьці тэарэтычныя напрацоўкі ў практычную плоскасьць. Па-першае, трэба пазбавіцца ад унутраных выключэньняў і абмежаваньняў узаемнага гандлю. Як бы наша абʼяднаньне ні эвалюцыянавала — спачатку Мытны саюз, потым Адзіная эканамічная прастора, нарэшце ЭАЭС — колькасьць гэтых выключэньняў і абмежаваньняў не зьмянілася. Так і засталася на ўзроўні 600. Роўныя ўмовы для дзяржаў-удзельніц ЭАЭС і безбарʼернае асяродзьдзе дагэтуль ня створаныя».

Рэзюмэ эканаміста

Эканаміст Яраслаў Раманчук такім чынам пракамэнтаваў незадаволенасьць Аляксандра Лукашэнкі выключэньнямі і абмежаваньнямі:

«Хаця гаворка ідзе пра Эўразійскі эканамічны саюз, узгаданыя кіраўніком Беларусі 600 пазыцыяў — гэта, па сутнасьці, 90% таго гандлю, які мы маем паміж Расеяй і Беларусьсю. Таму Саюзная дзяржава, ЭўрАзЭС — гэта такая слоўная мішура для манапалістаў, алігапалістаў, алігархаў, якія выкарыстоўваюць усё гэта, каб рабіць свае справы за кошт беларускага і, перш за ўсё, расейскага бюджэту. І калі грошай у расейскім бюджэце ня стала хапаць, узьнік і новы канфлікт, і новыя спрэчкі вакол цэнаў на газ, вакол таго, як трэба праводзіць прамысловую палітыку, што трэба імпартазамяшчаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG