У ізалятары ў анэксаваным Севастопалі памерла выкладчыца з Харкава, сузаснавальніца моўнай школы «Прафэсіянал» Аляксандра Казаравіцкая. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі школы.
«Яе забіла Расея. Саша была неверагодна сьветлым і таленавітым чалавекам. Сапраўдная выкладчыца і настаўніца, яна ніколі не спынялася ва ўласным разьвіцьці і шчыра радавалася посьпехам кожнага вучня», — гаворыцца ў паведамленьні.
Казаравіцкая жыла ў Харкаве, а яе бацькі — у анэксаваным Расеяй Севастопалі. Паводле інфармацыі калег, яна прыехала ў Севастопаль, каб дапамагчы бацькам прадаць кватэру і пераехаць разам у Турэччыну.
У верасьні яна мусіла вярнуцца ў Харкаў, але яе затрымалі расейскія сілавікі.
Адміністрацыя СІЗА называе прычынай сьмерці самагубства, піша Расейская служба Радыё Свабода.
«Там яе затрымалі. Знайшлі яе перапіску з валянтэрамі яшчэ з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. Далей тры месяцы ў адзіночнай камэры. Чаканьне суду. А потым „самагубства“. Дадому Саша ўжо не вярнулася», — гаворыцца ў паведамленьні школы.
Іншыя падрабязнасьці не прыводзяцца. Казаравіцкай было 44 гады, у яе засталіся муж і дачка.