Афіша:
Менск, Сумесная прэсавая канфэрэнцыя БХД, БСДГ і прафсаюзу работнікаў радыёэлектронай прамысловасьці (РЭП) з нагоды абвяшчэньня сумеснай кампаніі падчас выбараў 2015 году. Плянуецца ўдзел Віталя Рымашэўскага, Станіслава Шушкевіча і Генадзя Фядыніча. Пачатак у 11 гадзінаў. Месца правядзеньня — офіс РЭП (вул Кульман, 4).
Менск, у кнігарні OZ.BY (вул. Русіянава, 4) адбудзецца прэзэнтацыя 26 тамоў сэрыі «Мая беларуская кніга», якую выпускае выдавецтва «Пупуры». Сэрыя ўяўляе анталёгію беларускай літаратуры — ад старажытных легендаў, народных казак, хрэстаматыйных і малавядомых твораў клясыкаў да твораў сучасных пісьменьнікаў. Пачатак а 18 гадзіне.
Віцебск, адкрыцьцё XXIV Міжнароднага фэстывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», фэстываль працягнецца да 15 ліпеня.
Уфа (Расея), саміты Шанхайскай арганізацыі супрацы і краінаў BRICS. Чакаецца, што ў якасьці госьця саміту возьме ўдзел кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
Хельсынкі (Фінляндыя), 24-я штогадовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з удзелам дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі на чале з намесьнікам старшыні палаты прадстаўнікоў Віктарам Гумінскім. Сэсія працягнецца да 9 ліпеня.
У гісторыі:
1846 ― ЗША абвясьцілі аб анэксіі Каліфорніі, якая тады была часткай Мэксыкі.
1864 — адкрытая Маладэчанская настаўніцкая сэмінарыя.
1937 — Напад японскіх войскаў на кітайскі гарнізон на мосьце Лугоуцяо (мосьце Марка Пола) недалёка ад Пэкіну. Інцыдэнт лічыцца пачаткам Другой сусьветнай вайны ў Азіі.
2000 ― у Менску зьнік бязь вестак тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі. Ён быў скрадзены, калі накіроўваўся ў аэрапорт «Менск-2» на аўтамабілі, каб сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета. Аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце, але самога Завадзкага з тых часоў ніхто ня бачыў. Зьнікненьне Завадзкага ўстала ў адзін шэраг са зьнікненьнямі вядомых апазыцыйных палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.
2005 ― 4 тэрарысты-самазабойцы зрабілі сэрыю нападаў у лёнданскім мэтро і аўтобусах, у выніку якіх загінулі 52 чалавекі.
У гэты дзень нарадзіліся:
1796 ― Ян Чачот, беларускі паэт. Ён cабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у шасьці зборніках «Сялянскіх песень...» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку зь якіх апублікаваў у беларускім арыгінале.
1860 ― Густаў Малер, аўстрыйскі дырыжор і кампазытар.
1882 ― Янка Купала, народны паэт Беларусі.
1887 — Марк Шагал, беларускі, расейскі і францускі мастак
1893 ― Міраслаў Крлэжа, адзін з найбуйнейшых харвацкіх пісьменьнікаў 20 стагодзьдзя.
1940 — Рынга Стар (сапраўднае імя Рычард Старкі), папулярны брытанскі музыка, бубнач гурту The Beatles
1961 ― Вінцук Вячорка, беларускі мовазнаўца, палітык і лідэр Партыі БНФ у 1999- 2007 гадах. Адзін з распрацоўнікаў клясычнага беларускага правапісу («тарашкевіцы»).
У гэты дзень памерлі:
1633 — Леў Сапега, палітычны, грамадзкі і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскага
1892 — Ян Чэрскі, беларускі геоляг, географ, дасьледчык Сібіры, яго імем названыя два горныя масівы ў Забайкальлі і ў Паўночна-Ўсходняй Сібіры.
1926 — Антоніа Гаўдзі, гішпанскі архітэктар
1930 — Артур Конан Дойл, брытанскі пісьменьнік
Цытата:
Падымайся зь нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!
Янка Купала