Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Мацкевіч: «Узровень працаў на Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі штогод зьніжаецца»


Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота
Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота

Госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч. Ён сьцьвярджае, што Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі становіцца больш прывабным для студэнтаў-магістрантаў, а не для сталых і грунтоўных навукоўцаў, заяўляе, што навука ва ўсім сьвеце памерла, і мяркуе, што беларускае грамадзтва не адчула б вялікай страты, калі б улада распусьціла Акадэмію навук, асабліва яе гуманітарныя аддзелы.

— 15–17 верасьня ў Варшаве прайшоў сёмы Міжнародны Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі, у якім узялі ўдзел каля 600 чалавек. Вы гадамі прымаеце ўдзел у гэтых Кангрэсах. Як бы вы ацанілі ўзровень навуковых, гуманітарных ведаў пра Беларусь? Якую дынаміку вы бачыце? Ці можна сказаць, што ўзровень навуковых ведаў пра Беларусь расьце альбо, наадварот, зьніжаецца?

— Я прапусьціў толькі адзін Кангрэс, на шасьці прысутнічаў, таму маю пэўны матэрыял, які можна ацэньваць і па якім можна меркаваць пра стан беларускай навукі, прынамсі ў гуманітарнай галіне. Стварэньне Кангрэсу — гэта ў свой час быў навуковы і арганізацыйны подзьвіг. Але ж дынаміка хутчэй адмоўная.

Хоць вельмі цяжка дакладна ацаніць узровень і зьмест навуковай працы, але можна складаць меркаваньне паводле некалькіх парамэтраў. На Кангрэсе ёсьць прэмія, якая прысуджаецца за лепшую працу ў трох намінацыях. Дык вось, па сацыяльных навуках, дзе я ўваходжу ў склад камісіі, я і мае калегі бачым толькі зьніжэньне ўзроўню. Асабліва гэта тычыцца артыкулаў, з манаграфіямі троху прасьцей. У гэтым годзе была адна кніга, якая і атрымала першае месца — Алены Гапавай — і, на жаль, яна была па-за канкурэнцыяй, астатнія да яе не дацягвалі ніяк.

І паводле цікавасьці выбітных замежных дасьледчыкаў зь іншых краінаў можна сказаць, што іхняя цікавасьць да Кангрэсу губляецца. Калі не назіраецца нейкіх прарываў, то, натуральна, людзі губляюць да гэтага інтарэс і перастаюць у гэтым удзельнічаць. Таму Кангрэс паказвае агульны стан нашай гуманітарнай веды, якая ідзе на паніжэньне.

— Я бачыў у прэсе паведамленьне, што сёлета колькасьць замежных удзельнікаў якраз павялічылася. Ці лічыце, што гэта не павялічыла якасьць выступаў?

— Так, колькасьць удзельнікаў — ніяк не галоўны паказьнік. Масавасьць на такіх мерапрыемствах ніяк ня сьведчыць пра якасьць дасьледчыкаў. Калі людзі імкнуцца проста выступіць, паказаць сябе, неяк адзначыцца — яны падаюць заяўкі, бо Кангрэс адкрыты для ўсіх. Яны пачынаюць дасылаць рэфэратыўныя працы, кампілятыўныя, проста свае развагі і гэтак далей. Таму Кангрэс становіцца больш прывабным для студэнтаў-магістрантаў, а не для сталых і грунтоўных дасьледчыкаў.

Калі зараз я размаўляў з рознымі ўдзельнікамі Кангрэсу, то задаволенасьць выказваюць дзьве катэгорыі людзей. Адну зь іх я ўжо назваў — гэта маладыя навукоўцы, студэнты, асьпіранты, магістранты, якім проста падабаецца сама магчымасьць прыехаць і выступіць. І другая катэгорыя — сталыя супольнасьці, людзі, якія выкарыстоўваюць Кангрэс, каб раз на год сустрэцца, нешта абмеркаваць, падзяліцца плянамі. Стварэньне такіх супольнасьцяў можна лічыць дасягненьнем. Але ж трэба дбаць пра тое, каб ішла гульня на падвышэньне і каб гэтыя супольнасьці спрыялі нейкім прарывам у гуманітарных ведах. Пакуль, на жаль, гэтага не відаць.

— Як бы вы патлумачылі тое, што назіраецца, паводле вашых словаў, пэўны рэгрэс? Можа, прычына ў тым, што ў краіне апошнія 20 гадоў, па сутнасьці, нічога не мяняецца ў палітычнай і сацыяльнай сфэры — і адкуль тады могуць быць прарывы ў навуцы, якая апісвае гэтую краіну?

— Не, такое тлумачэньне было б няправільным. Усё ж на Кангрэс зьбіраюцца лінгвісты, мовазнаўцы, эканамісты, сацыёлягі, этнолягі, тэолягі, для якіх гэтыя актуальныя зьмены ў краіне — ня самае галоўнае. Або для гісторыкаў, якія вывучаюць ВКЛ ці іншыя пэрыяды. Таму тлумачыць «у краіне застой, таму і застой у навуцы» — гэта няправільна. Больш за тое, часта гісторыя паказвае нам прыклады, калі застой ці стагнацыя ў грамадзтве і краіне дае магчымасьць для культурных прарываў.

Я б не пабаяўся сказаць, што ўся навука сёньня ў сьвеце мёртвая

І гэта прадмет маіх спрэчак з Андрэем Казакевічам як галоўным арганізатарам Кангрэсу адносна фармату, жанру правядзеньня такіх падзеяў. Я б не пабаяўся сказаць, што ўся навука сёньня ў сьвеце мёртвая. Навуковы дыскурс, акадэмічныя прынцыпы і правілы не працуюць. Сёньняшняя веда разьвіваецца хутчэй у міждысцыплінарных формах, якія не ўзыходзяць да тых традыцыяў абмеркаваньня, якія стварыліся на працягу 19-га стагодзьдзя. Акадэмічныя нормы больш не працуюць.

Таму і форму Кангрэсу трэба надаваць не акадэмічную — выступ і зачытваньне дакладу. Я б сказаў, што сёньня прарыўны трэнд у навуцы — гэта мэтадалягізацыя. А яна патрабуе зусім іншых формаў камунікацыі. Гэта прынцыповая дыскусія, сутыкненьне супрацьлеглых поглядаў. Акадэмічная ж дыскусія — яна лагодная, паліткарэктная, ніхто не перапыняе, можна несьці поўную лухту і ніхто нічога ня скажа. Адзін гаворыць нешта істотнае і прарыўнае, а другі паказвае старыя кнігі, банальныя назіраньні — і гэта ляжыць нібыта на адной дошцы.

І паколькі маладыя дасьледчыкі ня бачаць узораў сапраўднай дасьледчай працы на сучасным узроўні, то яны думаюць, што тыя банальныя працы і ёсьць навука. Гэта ня так. Гэта ня тая сучасная веда, на якой базуецца сучаснае мысьленьне. Таму форма Кангрэсу магла б спрыяць гульні на падвышэньне. На жаль, акадэмічная форма вядзе да гульні на паніжэньне.

— Вы сказалі такую фразу — сучасная навука мёртвая. Мяркую, вы мелі на ўвазе найперш гуманітарныя навукі, а не прыродазнаўчыя — фізыку, хімію. У любым выпадку, што вы мелі на ўвазе?

— Я б сказаў шырэй, хоць гэта будзе больш радыкальна. Гэтая мая фраза тычыцца ня толькі гуманітарных і сацыяльных навукаў. Калі для гуманітарных навукаў сёньня трэнд на мэтадалягізацыю, то для прыродазнаўчых — на тэхналягізацыю. Інжынэрныя, тэхналягічныя працы сёньня больш пэрспэктыўныя і грунтоўныя, чым чыста навукова-дасьледчыя. Мы жывём у час вельмі хуткіх пераменаў, якія тычацца ня толькі тэхналёгіяў, а нават самога чалавека — яго мэнталітэту, сьвядомасьці і гэтак далей. І гэтыя перамены проста не пасьпяваюць фіксавацца навукоўцамі.

Таму тэхналягізацыя гуманітарнай веды — гэта тое актуальнае, што трэба падштурхоўваць, падтрымліваць і высоўваць на першы плян на такіх грунтоўных мерапрыемствах, як Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі.

— Заявы пра «мёртвую навуку», магчыма, спадабаліся б Аляксандру Лукашэнку, які і так часта кажа, што многія навукоўцы не прыносяць ніякай карысьці народнай гаспадарцы. Здаецца, каб яму дазволілі абставіны, кіраўнік Беларусі з задавальненьнем распусьціў бы Акадэмію навук...

Веды сёньня становяцца галоўным таварам на сусьветным рынку

— Магчыма, беларускае грамадзтва не адчула б вялікай страты, калі распусьціць Акадэмію навук, асабліва яе гуманітарныя аддзелы. Але справа ня ў гэтым. Веды сёньня становяцца галоўным таварам на сусьветным рынку. У сусьветнай эканоміцы веды найбольш каштуюць. Той, хто не выпрацоўвае ведаў, а проста вырабляе нейкія рэчы — ня мае шанцаў увайсьці ў лідэры сусьветнай эканомікі.

А беларуская дзяржава не зацікаўленая ў правядзеньні такога Кангрэсу. Але ж людзям, якія імкнуцца чагосьці дасягнуць, той частцы беларускага грамадзтва, якая дбае пра разьвіцьцё краіны, Кангрэс вельмі патрэбны. Таму — Кангрэс павінен праходзіць у Беларусі, каб гэта бачылі ня толькі тыя 600 чалавек, якія прымаюць удзел, а ўсе беларускія навукоўцы і інтэлігенцыя. Але вярнуць Кангрэс у Беларусь на сёньня немагчыма, бо ўлада не надае значэньня таму, што найбольш шануецца ў сьвеце — ведам.

— Вы ўспрымаеце веды як нейкую чароўную палачку, якая можа прывесьці да пазытыўных зьменаў, у тым ліку ў нашай краіне. Але калі нейкія веды — здабытак толькі вузкага кола людзей, то яны мала могуць уплываць на зьмены. Як зрабіць, каб гэтыя веды ахапілі шырокія народныя масы?

— Сёньня ёсьць такая катэгорыя — «эканоміка ведаў». Багацеюць ня тыя краіны, якія валодаюць карыснымі выкапнямі, а тыя, якія ведаюць, як зь іх нешта карыснае для чалавецтва зрабіць. Веда становіцца сілай, як казаў Фрэнсыс Бэкан, не таму, што яна авалодвае масамі. Гэта патрэбна ня масам, а тым, хто выкарыстоўвае веды. Навука становіцца сілай, калі ёй карыстаюцца інжынэры. Гуманітарная веда становіцца сілай, калі ёй карыстаюцца палітыкі, тэхнолягі, настаўнікі, трэнэры, мэнэджэры і гэтак далей. І вось разрыў паміж ведамі і той практыкай, якая распаўсюджана ў Беларусі, і ёсьць адной з нашых галоўных праблемаў. Мы не карыстаемся сучаснымі ведамі, мы ў хвасьце ўсясьветных праблемаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG