Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як нараджаецца ўкраінскі бэстсэлер. Рэпартаж пра ўкраінскі кніжны рынак


Пра тое, як Майдан, інфармацыйная вайна і збройны канфлікт з Расеяй узьнялі кніжны рынак Украіны

Паводле мапы эўрапейскага кнігавыдавецтва, створанай чэхам Якубам Марʼянам на аснове адкрытых зьвестак, за год ва Ўкраіне выдаецца каля 470 кніг на мільён насельніцтва. Для параўнаньня, у Беларусі гэтая лічба ў тры разы большая. Аднак большасьць кніг і ў нас, і за паўднёвай мяжой яшчэ нядаўна складала прадукцыя расейскіх выдавецкіх камбінатаў. У Беларусь з Расеі завозіцца каля 80% кніг. Ва Ўкраіне гэтая лічба яшчэ летась складала каля 70%.

Апошнія тры месяцы ва Ўкраіну было афіцыйна забаронена ўвозіць кнігі з Расеі. 1 красавіка імпарт аднаўляецца, аднак правозіць выдавецкую прадукцыю можна будзе толькі пасьля атрыманьня адмысловага дазволу. Яго мае выдаваць група экспэртаў. Па-за дазволам застануцца выданьні, у якіх знойдуць антыўкраінскія заклікі ды прапаганду вайны, гвалту, камуністычнага ці іншага таталітарнага рэжыму, а таксама ўслаўленьне дзяржавы-агрэсара ды ейных уладаў.

Адным зь непажаданых наступстваў новага закону, як сьведчаць ягоныя крытыкі, можа стаць ажыўленьне кантрабанды ды інтарэсу да забароненых тамоў. Зь іншага боку, у крамах стане свабадней для прадукцыі ўласна ўкраінскага кнігавыданьня.

У пэўных кнігарнях на паліцах можна заўважыць папераджальныя таблічкі: маўляў, увага, некаторыя кнігі могуць паходзіць з расейскіх выдавецтваў. У гіпэрмаркетах жа прасьцей знайсьці перакладную маскоўскую Машу, што па-ўкраінску ўшчувае свайго сябра-мядзьведзя, і нават вершы Данііла Хармса для дзяцей, сабраныя ў прыгожы перакладны зборнік. Дый адзін зь бясспрэчных мінулагодніх бэстсэлераў — «Гары Потэр і праклятае дзіця» — тут прадаецца і купляецца па-ўкраінску, выдадзены кіеўскім «А-БА-БА-ГА-ЛА-МА-ГА».

Украінскі «Гары Потэр» — лепшы

«З „Гары Потэрам“ гэтак склалася ад самога пачатку», — тлумачыць пісьменьнік ды перакладчык Андрый Бондар. Мы сустракаемся ў зусім новым кніжным месцы. Яго назва «Барбукан» мае нагадваць пра імправізаваную арт-прастору «Мистецький барбакан», якая дзеяла пад адкрытым небам падчас Майдану. Андрый знаёміць з гаспадаром пляцоўкі, той гатуе нам гарбату, і пісьменьнік ізноў пераключаецца на кнігі:

«Іван Малковіч з выдавецтва „А-БА-БА-ГА-ЛА-МА-ГА“ вырашыў падысьці да гэтай справы нестандартна. Праваўладальнік вымагае, каб ва ўсіх краінах вокладка гэтай кнігі была аднолькавая. Аднак у «А-БА-БА-ГА-ЛА-МА-ГА» намалявалі сваю, унікальную вокладку. Настолькі файную, што праваўладальнік яе дазволіў. Гэта была першая перамога. Другая — тое, што «Гары Потэр» па-ўкраінску выходзіць раней, чым па-расейску. Як? З адною з кніг была такая гісторыя. Іван Малковіч даведаўся, што ў дзень ейнага выхаду я буду ляцець з Амстэрдаму. У мяне быў самалёт а дзявятай раніцы. Першымі ў Эўропе адчыняюцца кнігарні ў аэрапортах, яны працуюць ад сёмай раніцы. У 7.05 я ўжо быў на лётнішчы і набыў два асобнікі. А ў 11.30 у дзень выхаду гэтай кнігі да мяне дадому прыехаў перакладчык, забраў іх і ў той жа дзень пераклаў 10 старонак. Зразумела, гэта было яшчэ да пашырэньня электроннай кнігі. Дарэчы, «Гары Потэр» мае вельмі клясны ўкраінскі калярыт. Напрыклад, Хэгрыд у кнізе размаўляе на бойкаўскім дыялекце — ёсьць такая субэтнічная група ў Галічыне, са сваёй дзіўнай гаворкай».

Іван Малковіч
Іван Малковіч

Сапраўды, увесь час ёсьць расейскі рынак, зь якім мы спаборнічаем. Нашы пераклады бізнэс-кніг, кніг — рэцэптаў посьпеху часта абганяюць расейцаў па хуткасьці. Напрыклад, я перакладаў адну кнігу амэрыканскага аўтара з набытага выдавецтвам рукапісу, за тры ці чатыры месяцы да амэрыканскага рэлізу. Тут ужо людзі вельмі цікава цяпер працуюць, але і прадаюцца гэтыя ўкраінскамоўныя кнігі па досыць высокіх цэнах.

Што тычыцца мастацкай літаратуры, таксама дастаткова зайсьці ў кнігарню «Є» і паглядзець, як шмат зьяўляецца перакладаў і клясыкі, і сучасных кніг. Яшчэ 5–10 гадоў таму не выпадала нават гаварыць пра нейкі рынак літаратуры па-ўкраінску. Цяпер жа можна казаць, што такі рынак зьяўляецца.

Пісьменьнік ды перакладчык Андрый Бондар
Пісьменьнік ды перакладчык Андрый Бондар

Нядаўна ў мяне выйшла кніга, і я прэзэнтаваў яе ў адзінаццаці гарадах Украіны. Гэтыя паездкі мне зладзіла львоўскае «Видавництво Старого Лева», дзе я друкуюся. Яны робяць стаўку на сваіх аўтараў. У аўтара моцна вырастае пачуцьцё ўласнай патрэбнасьці, а «Видавництво Старого Лева» гэтак сябе рэклямуе. Кнігу, можа, і не набудуць, затое ёсьць нагода паказаць іншую сваю прадукцыю. Гэта прыўкрасна для ўсіх. Да таго ж выдавецтва будуе сваю стратэгію гэтак, што мае флягманаў, купляе правы на пэўныя касавыя кніжкі, напрыклад, Джэрэмі Кларксана ці Джэймза Олівэра, выдае пасьпяховыя дзіцячыя кнігі і антыстрэсавыя размалёўкі. Выданьне гэткіх кніг дае выдавецтву магчымасьць, па-першае, добра пачувацца, а па-другое, выдаваць іншыя, зусім не камэрцыйныя кнігі. Накшталт маёй апошняй кнігі, зборніку эсэ. Такое ніколі добра не прадаецца. Дарэчы, цяпер дадрукоўваецца другі ейны наклад, то бок першыя дзьве тысячы ўжо разышліся. Што для эсэістыкі наагул вельмі добры вынік.

Майдан даў нашаму культурнаму жыцьцю вялікі штуршок. Калі ён адбываўся, я ўжо ведаў, што будзе цяжка. У нас ужо быў досьвед папярэдняй рэвалюцыі, і я быў да цяжкасьцяў гатовы. Я лічу, што мы ўсё слушна рабілі, а цяпер мы мусім працаваць, якасна рабіць сваю працу.

Тую бяду, у якой апынулася Ўкраіна, у сучасным сьвеце адчувае хіба Сырыя, хоць там яшчэ горшая праблема. Аднак я сам пра вайну не напісаў ні радка. Я лічу, ня кожны мусіць пісаць пра вайну. Я ня маю маральнага права пісаць пра яе, калі ў мяне няма непасрэднага досьведу.

Андрый Бондар з жонкаю — украінскай пісьменьніцай Сафіяй Андруховыч
Андрый Бондар з жонкаю — украінскай пісьменьніцай Сафіяй Андруховыч

На культурным уздыме зьявілася багата маладых людзей, якія, выбачайце за эканамічныя катэгорыі, вырашаюць інвэставаць свой час у творчасьць. Такога культу маладосьці, як у нашай літаратуры, я не сустракаў нідзе. Гэта такі адказ на ўкраінскую літаратурную герантафілію, якая тут панавала на працягу доўгіх дзесяцігодзьдзяў. Вось у савецкія часы маладым аўтарам лічыўся аўтар за 50, а ў двухтысячных у нас узьнік фэномэн раньніх дэбютаў. Напрыклад, вядомы сёньня Любка Дэрэш дэбютаваў у пяшчотным узросьце 16 гадоў, і за яго бацькі падпісвалі дамову з выдавецтвам. Галоўная драма «Кнігі году BBC» у 2016 годзе разыгралася паміж дзьвюма кнігамі — Тані Малярчук ды Міраслава Лаюка. Абое аўтары маладыя, Міраславу яшчэ няма трыццаці, Тані — крыху больш за трыццаць.

Расейскае ёсьць, але дорага

Я разьвітваюся з Бондарам, пакідаючы яго ў шматабяцальнай арт- і букпрасторы, сама ж кіруюся ў кнігарню «Є». Паводле Андрыя, зьяўленьне ў горадзе гэтай крамы азначае арганізаванае ўкраінскае культурнае жыцьцё.

У топ-10 продажаў кнігарні «Є» сёньня дзьве кнігі аўтарства ўкраінцаў — раман Володымыра Ліса ды зборнік вершаў Ліны Кастэнкі. Рэшта — перакладныя бэстсэлеры, псыхалягічныя дапаможнікі, сакрэты шчасьця і несамотных сьняданкаў, ёсьць некалькі заходніх раманаў, якія добра прадаюцца. Усё гэта па-ўкраінску, выдадзенае ў 2016 годзе немалымі тыражамі. Адмыслоўцы кажуць, што якасьць перакладаў дзе-нідзе кульгае, але па прыгожых каляровых вокладках гэтага адразу не заўважыш.

У топе іншай, менш арыентаванай на ўкраінскамоўнасьць кнігарні «Буква», таксама спрэс пераклады. Сага «Гульня тронаў», знаёмая яшчэ й па аднайменным сэрыяле, раман «50 адценьняў шэрага», які таксама зазнаў папулярную экранізацыю. Прадукт расейскага выдавецтва зьяўляецца толькі на 11 пазыцыі — кніга, якую выпусьціў гігант «Эксмо». У топ-20 бізнэсовай і псыхалягічнай літаратуры суадносіны прадукцыі ўкраінскіх і расейскіх выдавецтваў — 50/50.

У першай дзясятцы продажаў самай вялікай украінскай інтэрнэт-кнігарні Yakaboo сустракаюцца адразу два апошнія «Гары Потэры», расейская вэрсія на пятым, украінская — на дзявятым месцы. Апошняя пры гэтым на траціну таньнейшая. У астатнім тут прадказальна — два лёгка напісаныя і весела аздобленыя падручнікі па ўкраінскай мове, пара кніжак з папулярнай псыхалёгіі ва ўкраінскім перакладзе, пара прадуктаў маскоўскіх канцэрнаў — падручнік па гатаваньні і яшчэ адзін — па капірайтынгу.

Урэшце я кіруюся туды, дзе з «топамі» ўсё ня гэтак празрыста. Месца, якое крытыкуюць за несучаснасьць, часам папракаюць за несумленнасьць, продажы з-пад крыса і г.д. Пошук кантрабандных расейскіх кніг прыводзіць мяне на кніжны рынак «Пятроўка». Выходзячы з мэтро, нібы з машыны часу, апынаесься ў віры гандляроў і пераплётаў самай рознай якасьці і сьвежасьці. На вока, большасьць кніг тут па-расейску, ёсьць тэматычныя «ваенныя» прылаўкі, дзе нескладана знайсьці «выкрывальныя» кнігі пра канцэпцыі разнастайных войнаў, сёлетнюю прадукцыю маскоўскіх выдавецтваў.

«Ніякай тут кантрабанды няма, — надзімаецца гандлярка раманамі ў мяккіх вокладках. — Законаў яшчэ ніякіх няма, нічога не прынята. Вы вось начытаецеся і верыце ўсяму».

«Купіць можна ўсё, абсалютна ўсё, — дадае ейная суседка, пасёрбваючы каву з аднаразовага кубачка. — Кажыце, што трэба, мы знойдзем».

Барадаты гандляр дзіцячымі кнігамі паказвае мне асартымэнт украінскіх выдавецтваў — тут выданьні на абедзьвюх мовах.

«Расейскае таксама ёсьць, у тым ліку зусім сьвежае, — кажа ён, праводзячы рукою па карэньчыках выдавецтва Machaon. — Набыць можна ўсё, толькі цяпер яно нашмат даражэйшае. Дый ці трэба яно вам? Нашы ня горш робяць, а дакладна таньней. А чаго пакуль ня робяць, хутка навучацца».

Пра ўласна ўкраінскія кнігі

Пад дахам «царскай» камяніцы на адной з найстарэйшых вуліц Кіева Межыгорскай двойчы на тыдзень вельмі людна. Па цеснай лесьвіцы на гарышча ўзьбіраюцца чатыры дзясяткі людзей рознага веку ды досьведу, якіх лучыць толькі жаданьне стаць пісьменьнікам. Апошняй па прыступках падымаецца якая-небудзь літаратурная знакамітасьць. Сёньня скандалістка Ірэна Карпа, заўтра — мэтар Юры Андруховіч. У кожнага ўласная тэма і праграма, але слухачы ў залі яшчэ цікавейшыя. Вось дзяўчына, гадоў дваццаць, ейнага мужа моцна паранілі на вайне, цяпер яна яго выходжвае і хоча напісаць кнігу зь ягоных слоў. Вось псыхоляг-практык, чалавек з добрымі вачыма, за сорак, рэспэктабэльны. Умее пісаць толькі навукова, хоча навучыцца яшчэ й літаратурна. Вось парачка кабетак ва ўзросьце, яны ўвесь час разам, хіхікаюць і актыўна канспэктуюць. Адна зь іх вырашыла занатаваць усё сваё жыцьцё і прадаць як бэстсэлер. Ёсьць прамысловы альпініст, мэнэджэр у банку, драматург, перакладчык, знуджаныя маткі ў дэкрэце, якія мараць пра лёс Камілы Лэкбэрг, праграмісты, журналісты, студэнты.

Форум выдаўцоў у Львове
Форум выдаўцоў у Львове

«Была яшчэ група юрыстаў, а аднойчы прыйшлі 12 айцішнікаў, — кажа Дмытро Стрэтовіч, каардынатар Цэнтру літаратурнай асьветы, які й ладзіць пісьменьніцкія курсы. — Цалкам нармальна, што людзі гэткія розныя. Я гэта тлумачу тым, што кожны чалавек зь дзяцінства марыць напісаць кніжку. Не абавязкова стаць пісьменьнікам».

«Пасьля Майдану зьмянілася ўсё ў краіне, і ў нашым Цэнтры таксама. Падчас самога Майдану ў нас усё спынілася. Навесну ж, хоць ужо пачалася вайна, адбыўся нейкі культурны выбух ва ўсіх сфэрах. Усе памятаюць той фэстываль «Книжковий Арсенал» у красавіку 2014-га, чэргі на ўваход стаялі па 200 мэтраў. Сапраўдны наведніцкі бум. Цяпер можна сказаць, што насуперак усяму, хоць эканамічныя перадумовы зусім не спрыяюць разьвіцьцю літаратуры, ва Ўкраіне назіраецца рэнэсанс кнігавыдавецтва. Зьяўляюцца новыя клясныя выдавецтвы, старыя выходзяць на новы ўзровень. У нашага цэнтру пасьля Майдану вырасла каманда, мы пашырыліся на Львоў і Харкаў».

Дмытро Стрэтовіч
Дмытро Стрэтовіч

Апрача двухмесячных курсаў для пісьменьнікаў, мы праводзім тэматычныя лекцыі для дзяцей ды падлеткаў, два разы на год пісьменьніцкая школа адчыняецца ў Карпатах. За 3 гады гэткай інтэнсіўнай асьветніцкай працы ў самых разнастайных курсах ды лекторыях паўдзельнічалі 4,5 тысячы чалавек.

Але нашы лекцыі ня толькі для пісьменьнікаў. Цяпер акурат праходзіць курс для чытачоў — як адольваць складаныя кнігі. Як пабудаваць уласную чытацкую стратэгію, разумець усе сэнсы няпростых тэкстаў.

Цяпер ва Ўкраіне ўпала зацікаўленасьць расейскімі кніжкамі. Напачатку гэтаму паспрыялі кампаніі байкоту расейскіх выданьняў. Гэта, дарэчы, першая з прычын, чаму ўкраінскія выдавецтвы перажываюць падʼём. Расейскіх кніжак стала заўважна менш, і паліцы вызваліліся для свайго. Тут важна, каб выдаўцы своечасова прапанавалі альтэрнатыву. Напрыклад, былі добрыя дэтэктывы з Расеі. Цяпер тыя, хто іх купляў, кажуць: давайце нам украінскія кнігі, мы іх будзем чытаць. А ў нас ёсьць два прадуктыўныя дэтэктывісты. Каб запоўніць нішу, іх трэба трыццаць. Таму сёньня нашы выдавецтвы шукаюць новыя тэксты, маладых ці старых аўтараў — няважна, абы ўкраінскіх. Вядомы факт, што найлепш прадаецца нішавая літаратура. Вось выдавецтва «Наш формат», напрыклад, вырашыла, што хоча замяніць маскоўскае «Манн, Иванов и Фербер», вядомае тым, што выдае бізнэс-літаратуру. «Наш формат» ужо выходзіць на тыя пазыцыі, калі можа складаць расейцам канкурэнцыю. У іх выйшла каля сотні бізнэс-бэстсэлераў па-ўкраінску.

Чаму нават тыя, хто гаворыць па-расейску, абіраюць украінскамоўныя кніжкі? Мяркуючы па маім расейскамоўным коле знаёмых, гэта стала прынцыповай пазыцыяй. Гаворым па-расейску, але кнігі буду па-ўкраінску набываць. Зь дзецьмі таксама такая палітыка. Я, маўляў, ужо буду жыць як прызвычаіўся, але дзеці няхай на ўсім украінскім выхоўваюцца.

Зразумела, шмат кніг пішацца і выходзіць пра вайну. Цяпер усе чакаюць Жадана, усе ведаюць, што ён піша пра вайну, і кніга гэтая выйдзе сёлета. Ёсьць яшчэ Артэмі Чэх, ён значна менш вядомы, у свой час стартаваў як прыкольны аўтар. Ён прабыў год на вайне і цяпер піша тэкст, якога таксама ўсе чакаюць.

Пісьменьнік Артэмі Чэх
Пісьменьнік Артэмі Чэх

Вайна, мір і вершы

Жонку згаданага Артэмія Чэха, пасьпяховую літаратарку і рэжысэрку Ірыну Цілык я ўпершыню сустракаю на Форуме выдаўцоў у Львове. У фэстывальнай кавярні, дзе частка наведнікаў весела паглынае прынесенае з сабою віно, голасна перагукаючыся бадзёрымі воклічамі, яна выглядае амаль іншаплянэтніцаю. Тонкая і дзявочая, Цілык чытае цыкль вершаў пра віетнамкі і бэрцы, або, перафразуючы па-талстоўску, пра вайну і мір. Пазьней я лаўлю яе ў Кіеве на зваротным шляху зь літаратурных і кінэматаграфічных фэстываляў у Зальцбургу, Стамбуле і Кіргізстане. Яна расказвае пра тое, як жывецца ў сямʼі літаратараў, адна палова якой сустракае золкі на перадавой, у той час як другая купаецца ў прамянях літаратурнай славы.

Форум выдаўцоў у Львове, 2016
Форум выдаўцоў у Львове, 2016

«Папулярнасьць і публічнасьць — гэта заўжды лятарэя. Можаш выпадкова трапіць у пэўную хвалю, якая пазьней нясе цябе далей. Мне асабіста пашанцавала стаць аўтаркай украінскага выдавецтва Meridian Czernowitz, гэтыя выдаўцы сваімі аўтарамі займаюцца як агенты, як прадусары. Апроч гэтага, насамрэч цягам апошніх гадоў узрасла цікаўнасьць да ўкраінскай паэзіі. Зразумела, часткова гэтак сталася праз вайну. У кастрычніку ў нас быў выступ у Бэрліне, пасьля чаго адна журналістка задала пытаньне, якое моцна мяне зачапіла. Яна запытала, ці ўсьведамляем мы, украінскія аўтары, што вайна дала нам шмат новага натхненьня, новага матэрыялу. Гэта досыць цынічна, але нешта ў гэтым ёсьць, бо розныя крызісныя моманты ў грамадзтве прымушаюць культуру рэагаваць. Ва ўкраінскай паэзіі цяпер відавочны ўздым. Па-першае, ёсьць дыялёг з аўдыторыяй. Гэтак, як цяпер людзі прыходзяць на паэтаў, — я раней такога ня бачыла. Паэты раптоўна сталі трубадурамі і рок-зоркамі, сотні людзей запаўняюць залі. Эўрапейцаў гэта вельмі ўражвае. Мне здаецца, гэта дарэчна, бо паэзія якраз прыдатная, каб рэагаваць на балючыя тэмы. Паэзія — тэрыторыя хуткага рэагаваньня. Калі мастацкая поўнамэтражная проза вымагае дыстанцыі, трэба, каб мінуў нейкі час, то паэзія спыняе імгненьне, кансэрвуе эмоцыі, якія мы цяпер перажываем.

Ірына Цілык, фота Тані Рызьвянюк
Ірына Цілык, фота Тані Рызьвянюк

Увесну ў мяне выйшаў зборнік вершаў, выдавец вырашыў павезьці мяне ў тур, абʼяднаўшы нас з мэтрам Юрыем Іздрыкам, у якога таксама выйшла кніга. Мы езьдзілі паўтара месяца, пабывалі ў 27 украінскіх гарадах. Па выніку мы вельмі пасябравалі і перажылі гару эмоцыяў. Тур — гэта надзвычайная магчымасьць праехаць усю сваю краіну ўздоўж і ўпоперак. Шчыра скажу, найбольш цікава мне цяпер ехаць на ўсход і на поўдзень. Там найбольш прагная аўдыторыя, не расьпешчаная івэнтамі. Я ўсьвядоміла гэта яшчэ два гады таму, калі ўзімку мы паехалі ў міні-тур з Сэргіем Жаданом, Андрыем Курковым і сьпявачкай Марʼянай Садоўскай, у нас былі заплянаваныя выступы ў Славянску, Краматорску і Севераданецку. І вось калі ў Славянску мы зайшлі ў залю на 500 месцаў, забітую людзьмі, у нас усіх быў шок, гэта адно з наймагутнейшых уражаньняў майго жыцьця. Якраз там попыт на сустрэчы зь пісьменьнікамі ды музыкамі цяпер вельмі вялікі. Зразумела, гэта пэўныя колы людзей, гэткая ўкраінская дыяспара нашага ўсходу. Але гэтых людзей досыць шмат, і якраз ім вельмі патрэбная падтрымка і дыялёг. Цікава, што калі я вярнулася ў тыя мясьціны падчас туру зь Іздрыкам, мяне ўжо сустракалі як старую знаёмую. Мне найцікавей выступаць у такіх месцах, ну і ў правінцыйных мястэчках па ўсёй краіне, дзе людзі чакаюць такіх сустрэчаў. У прыфрантавой зоне наагул усё па-іншаму, эмацыйны градус вельмі адрозьніваецца. Там увесь час то сьмяесься, то плачаш разам з аўдыторыяй.

Наша Ўкраіна вельмі вялікая і вельмі розная, часта сама з сабою не знаёмая. У мяне ёсьць гара знаёмых на захадзе, якія ніколі не наведвалі ўсход краіны, у іх вялізная колькасьць розных стэрэатыпаў пра тыя тэрыторыі. Гэтаксама я маю гару знаёмых на ўсходзе, якія ніколі ня езьдзілі на захад. Цяпер жа, калі ў краіне вайна, вынікла патрэба знаёміцца дамамі.

У наш дом вайна прыйшла летась. Мой муж, пісьменьнік, які раней нават не служыў у войску, доўга важыўся, ці ісьці на вайну добраахвотна. Ён увесь час зьяўляўся ў ваенкамаце і нагадваў пра сваё існаваньне, і ўрэшце яму прыйшла позва. Ужо тады было ясна, што гэта будзе вельмі складаны і сюррэалістычны пэрыяд у нашым жыцьці. Я ведаю многа людзей, якія праігнаравалі свае позвы, я іх не асуджаю, бо ня ведаю, як насамрэч слушна. Але мы абое — я і мой муж — ведалі, што, на нашу думку, слушна ісьці. Мой цыкль вершаў — „Віетнамкі і бэрцы“ — якраз пра тое, як мы жылі гэты год. Год, калі з тваім жыцьцём адбываецца тое, пра што раней ты нават не магла падумаць. У мяне нават пытаньня не паўставала, ці выступаць у гэты пэрыяд, ці езьдзіць у туры. Мае тэксты, выступы — гэта мой спосаб пражываць гэта ўсё, гаварыць зь людзьмі пра гэта.

Калі ён вярнуўся адтуль, дзесяць месяцаў пражыўшы на гэтак званай нулявой, адкуль праціўнік відаць безь бінокля, у бліндажы, як падчас Другой усясьветнай, я разумела, што будзе вельмі няпроста. Мяне вельмі турбуе, што ва Ўкраіне гэтак мала працуюць зь людзьмі, якія вяртаюцца. А іх жа тысячы, у многіх посттраўматычны сындром. Многія семʼі распадаюцца пасьля таго, як адзін чалец сямʼі пабываў на вайне. Проста людзі былі ў настолькі розных вымярэньнях, што для суіснаваньня патрэбная насамрэч вялікая і складаная праца. Я пакуль кажу пра гэта асьцярожна, я спадзяюся, што ўсё будзе добра. Цяпер я бачу, што мой муж зажыў, задыхаў, пачаў працаваць на новай працы, амаль дапісаў кнігу.

Расея — гэта для мяне ўжо зусім закрытая тэма. Я не ўяўляю, зь якой нагоды я туды магу паехаць. У сваіх творчых і працоўных плянах я гляджу ў зусім іншым кірунку. Але я ўвесь час працую над сабой, каб утрымацца, не перайсьці тае мяжы, за якою лёгка праваліцца ў нянавісьць да ўсёй нацыі».

Новае

Паводле ўкраінскай мытні, у 2013 годзе, перад Майданам, за год у краіну ўвезьлі кніг на 23 мільёны даляраў. Праз год гэтая лічба зьменшылася ў два разы, а яшчэ праз год ператварылася ў 3,5 мільёна. Выдаўцы тлумачаць — для таго каб напоўніць рынак украінскамоўнымі перакладамі іншамоўных кніг, перакласьці клясыку, задаволіць патрэбы чытачоў, спатрэбіцца 5–10 гадоў цяжкой працы. Аднак гэты адлік ужо пачаўся.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG