Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьвеце шырыцца пратэст супраць перасьледу рагінг’я ў М’янме


Акцыя пратэсту ў Інданэзіі

У сьвеце шырыцца пратэст супраць гвалту ў дачыненьні да этнічнай групы рагінг’я ў М’янме. Мусульманскія дзяржавы заяўляюць, што будуць патрабаваць ад ААН прыняць меры пасьля паведамленьняў пра гібель больш як 400 чалавек.

Іран 4 верасьня назваў гвалт, які прымусіў амаль 90000 рагінг’я да ўцёкаў у суседні Банглядэш, «этнічнай чысткай». Турцыя лічыць гэта «генацыдам».

Міністар замежных спраў Ірану Махамад Джавад Зарыф падтрымаў заклік прэзыдэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана разгледзець праблему ў верасьні на Генэральнай Асамблеі ААН. У сетцы Twitter Зарыф асудзіў «глябальнае маўчаньне аб працягу гвалту супраць мусульман рагінг’я» і дадаў, што «міжнародныя дзеяньні важныя для прадухіленьня далейшай этнічнай чысткі».

Масавыя пратэсты супраць перасьледу рагінг’я адбыліся 4 верасьня ў Інданэзіі і Чачні.

Акцыя на плошчы Ахмада Кадырава ў сталіцы Чачні Грозным
Акцыя на плошчы Ахмада Кадырава ў сталіцы Чачні Грозным

У М’янме, большасьць насельніцтва якой складаюць будысты, этнічная група рагінг’я, якая вызнае ў асноўным іслам, заяўляе пра перасьлед з боку ўладаў. Каля 73 тысяч рагінг’я ўцяклі ад гвалту на захадзе краіны ў суседні Банглядэш, паведамілі ва Ўпраўленьні вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў.

Уцекачы рагінг’я ў чарзе па ежу ў лягеры на мяжы з Банглядэшам, 30 жніўня
Уцекачы рагінг’я ў чарзе па ежу ў лягеры на мяжы з Банглядэшам, 30 жніўня

Крывавыя сутыкненьні ў рэгіёне здараюцца ўжо ня першае дзесяцігодзьдзе. Калі яны абвастрыліся ў 2012 годзе, больш як 100 000 рагінг’я мусілі пакінуць свае дамы. Яны знайшлі прытулак у лягерах для ўнутрана перамешчаных асобаў.

У той жа час у іншых месцах М’янмы таксама жыве шмат мусульман, і дачыненьні паміж імі і будыстамі пераважна спакойныя — хоць апошнім часам, на фоне канфлікту з рагінг’я, напружанасьць пачала ўзьнікаць і там.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG