Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школах будуць вучыць, што палех, гжэль і хахлама — складнікі айчыннай культуры


Хахлама ў менскім двары на праспэкце Незалежнасьці
Хахлама ў менскім двары на праспэкце Незалежнасьці

З новага навучальнага году ў беларускіх школах зьявіцца курс «Усясьветная і айчынная культура». Са школьнай праграмы гэты прадмет зьнік у 2008 годзе, калі згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам № 15 «Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі» скасавалі профілі, перавялі сярэднюю школу з 12-годкі на 11-годку. Тады ж прыбралі і «Ўсясьветную мастацкую культуру». Цяпер прадмет будзе называцца «Ўсясьветная і айчынная культура».

Нават калі і значыўся ў праграме прадмет УМК, адмыслоўцаў у школе амаль не было. «Культуру» выкладаць даручалі паводле астаткавага прынцыпу: выкладчыкам працы, выяўленчага мастацтва, у лепшым выпадку — гісторыкамі ці філёлягам. Потым на курсах павышэньня кваліфікацыі ўвялі перападрыхтоўку для настаўнікаў.

Але пасьля шасьці гадоў адсутнасьці гэтага прадмета ў праграме вярнуць яго будзе ня так лёгка, кажа сталічная настаўніца Ірына:

«На сёньня няма спэцыялістаў, якія б маглі гэты прадмет весьці. Таму што тады, калі ўвялі „Ўсясьветную мастацкую культуру“, першыя 2–3 гады яе выкладалі, так бы мовіць, „і жук, і жаба“. А пазьней ужо ўвялі перападрыхтоўку. Я таксама яе праходзіла, скончыла курсы па выкладаньні гэтага прадмета. То бок тады гэтыя выкладчыкі былі. Няхай перавучаныя, але яны былі. У мяне ёсьць дыплём аб перападрыхтоўцы, і нават у кампутары захаваліся распрацоўкі. А апошнія 6 гадоў нікога не перавучваюць. Гэты прадмет зноў будзе паводле астаткавага прынцыпу: „ты хто — выкладчык выяўленчага мастацтва? Вось табе дзьве гадзіны УМК“. Падручнікаў на сёньня няма. Так што на сёньняшні дзень мне гэтая ідэя не падабаецца, таму што ні спэцыялістаў няма, ні падручнікаў. Зноў будзе прафанацыя».

Ні спэцыялістаў няма, ні падручнікаў. Зноў будзе прафанацыя

Міністэрства адукацыі цяпер рыхтуе і новую праграму, і новыя падручнікі. Сёлета праграма распрацоўваецца для 5-й клясы, у наступным — для 6-й, потым для 7-й, і гэтак далей. То бок прадмет будзе ўводзіцца паступова, і цалкам яго вывучаць толькі тыя дзеці, якія ў верасьні 2015-га пойдуць у 5-ю клясу. А вось якая будзе гэтая праграма, ці будзе вывучацца беларуская культура — пакуль пад пытаньнем.

Настаўніца Ганна Севярынец кажа, што ёй патэлефанавала знаёмая рэдактарка выдавецтва, якое выпускае падручнікі, дапаможнікі, працоўныя сшыткі, і распавяла, што яны атрымалі праграму.

«Яна па-сяброўску стала мне камэнтаваць, што там зусім няма беларускай культуры, усё вельмі спарадычна, незразумела. Да прыкладу, палех, гжэль і хахлама раскладаюцца падрабязна, а беларускіх промыслаў зусім няма. Скульптура, музыка беларускія таксама не прадстаўленыя. Як сказала мне гэтая дзяўчына, наагул праграма надзвычай заблытаная, нязручная. Нейкія рэчы паўтараюцца, лёгікі няма, узаемасувязі няма».

Палех, гжэль і хахлама раскладаюцца падрабязна, а беларускіх промыслаў зусім няма

Паказаць гэтую праграму рэдактарка выдавецтва адмовілася. Афіцыйна навучальныя праграмы зьявяцца на сайце Міністэрства адукацыі ў жніўні.

Ганна Севярынец прапануе ўсім неабыякавым настаўнікам, мастацтвазнаўцам, экспэртам аб’яднаць намаганьні, зрабіць напрацоўкі па беларускай культуры і выкласьці іх у адкрыты доступ у інтэрнэт:

«Праграма дазваляе, што на ўроках настаўнікі могуць і самастойнасьць праявіць, можа, свае прэзэнтацыі зладзіць. Проста настаўніку няма дзе ўзяць. Давайце мы зьбяромся і зробім нейкія агульныя напрацоўкі, разьмесьцім у СМІ, сацыяльных сетках. Каб яны маглі паглядзець камэнтары ад экспэртаў.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі пакінуў у Фэйсбуку камэнтар пра тое, якія ёсьць падручнікі, мэтадычныя дапаможнікі:

«Ёсьць добрыя падручнікі, дапаможнікі Б. Лазукі, Ю. Захарынай, Э. Дубянецкага, Л. Цыбульскага, А.Смоліка, Л. Кухто ды іншых. Усё гэта ёсьць, проста ў Міністэрстве адукацыі пра гэта забыліся. А настаўніку — дзе яму браць? Мы ж не стварылі нічога такога, каб настаўнік зайшоў і яму зручна было знайсьці і фотаздымкі, і пэрсаналіі. Не па вікіпэдыі ж шукаць...»

Ну, а пакуль застаецца толькі паверыць словам міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова. На онлайн-канфэрэнцыі 5 лютага 2015 году ў інфармацыйным агенцтве БелТА міністар сказаў наступнае:

«Курс „Усясьветная і айчынная культура“ вернецца з наступнага навучальнага году. У кожнай паралелі ён будзе называцца па-свойму, у залежнасьці ад таго, што менавіта будзе вывучацца ў дадзеным клясе. Беларуская культура як частка агульнай усясьветнай культуры, натуральна, будзе вывучацца. Безь яе немагчыма абысьціся, мы ж жывём у Беларусі, мы грамадзяне сваёй краіны і павінны ведаць сваю культуру».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG