Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нідэрляндах пройдзе цырымонія ўшанаваньня памяці зьніклых беларусаў


Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Дзьмітры Завадзкі, Анатоль Красоўскі

Каля мэмарыялу «Чатыры дрэвы» ў нідэрляндзкім Эйндгавэне 16 верасьня з 14 да 15 гадзінаў пройдзе цырымонія памяці зьніклых у Беларусі ў 1999-2000 гадах палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, журналіста Зьмітра Завадзкага і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Цырымонію адкрые дачка Анатоля Красоўскага Валерыя Красоўская, з прамовамі выступяць прадстаўнікі Amnesty International, Фэдэрацыі нідэрляндзкіх прафсаюзаў і гарадзкіх уладаў Эйндгавэну.

Мэмарыял «Чатыры дрэвы» быў высаджаны пры ўдзеле гарадзкіх уладаў Эйндгавэну 16 верасьня 2008 году, у гадавіну зьнікненьня Ганчара і Красоўскага.

***

7 траўня 1999 году пры нявысьветленых абставінах у Менску зьнік Юры Захаранка — апазыцыйны палітык, былы міністар унутраных спраў Беларусі. Крымінальную справу распачалі паводле артыкулу «наўмыснае забойства», але так і не давялі да суду. Паводле былога начальніка менскага СІЗА № 1 Алега Алкаева, Захаранку выкралі ды расстралялі на загад набліжаных да кіраўніцтва краіны.

Увосень таго ж году бясьсьледна зьніклі колішні дэпутат Вярхоўнага Савету, былы віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Яны выйшлі з лазьні, і больш іх ня бачылі.

У 2000 годзе ў менскім аэрапорце быў выкрадзены відэаапэратар Дзьмітры Завадзкі, які прыехаў сустракаць свайго сябру і калегу Паўла Шарамета.

Лёс зьніклых ня высьветлены да гэтага часу. У якасьці падазраваных фігуруюць сілавікі з ранейшага і цяперашняга атачэньня Аляксандра Лукашэнкі — Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў, Дзьмітры Паўлічэнка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG