Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 гадоў таму зьнік Юры Захаранка. ААН працягвае патрабаваць ад беларускіх уладаў завяршэньня расьсьледаваньня


7 траўня споўнілася 18 гадоў, як у Менску пры нявысьветленых да канца абставінах невядомымі быў скрадзены былы міністар унутраных спраў, адзін зь лідэраў апазыцыі Юры Захаранка.

Лёс Юрыя Захаранкі дагэтуль невядомы, але шмат хто ў Беларусі і сьвеце мяркуе, што зь ім паквіталіся беларускія ўлады. Напярэдадні зьнікненьня Юры Захаранка заяўляў пра неабходнасьць расьсьледаваньня загадкавай сьмерці лідэра апазыцыі Генадзя Карпенкі, а таксама публічна абвінавачваў Аляксандра Лукашэнку ў захопе ўлады ды іншых злачынствах. Сьледзтва па факце зьнікненьня Юрыя Захаранкі фармальна дагэтуль працягваецца, ужо больш за 10 гадоў справу праз кожныя паўгода працягваюць, але, як мяркуюць беларускія праваабаронцы, рэальна справа замарожаная.

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Гэта палітычнае рашэньне — замарозіць справу, і без палітычнай волі яе не адновяць. Хаця на 90% мы можам здагадвацца, хто замовіў і хто выконваў загад аб зьнішчэньні Юрыя Захаранкі, але вымушаныя канстатаваць, што пакуль адказных няма. Але мы перакананыя, што прыйдзе час, і лава падсудных па гэтай справе будзе запоўненая», — мяркуе былы сьледчы пракуратуры Менску, праваабаронца Алег Воўчак, які праводзіў грамадзкае расьсьледаваньне справы Юрыя Захаранкі і выступае прадстаўніком яго сваякоў у судах.

З апошніх навінаў у справе Юрыя Захаранкі праваабаронцы вызначаюць тое, што ў сакавіку 2017 году Камітэт правоў чалавека ААН разгледзеў скаргу на беларускія ўлады маці зьніклага экс-міністра Ўльяны Захаранкі, якая была пададзеная ў 2014 годзе. Маці зьніклага апазыцыянэра даводзіла, што ўлады Беларусі наўмысна зацягваюць расьсьледаваньне справы яе сына, у тым ліку не інфармуюць пра захады, каб знайсьці тых, хто яго выкраў, і пакараць іх паводле закону.

Дырэктарка Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская гэтак пракамэнтавала карэспандэнту Свабоды атрыманы з ААН дакумэнт:

Раіса Міхайлоўская
Раіса Міхайлоўская

«Нас афіцыйна з ААН праінфармавалі, што скарга Ўльяны Захаранкі разгледжаная. КПЧ ААН прызнаў: Беларусь парушыла правы Юрыя Захаранкі, што, верагодна, ён стаў ахвярай пазасудовага забойства, якое зрабілі службовыя асобы, і дзяржава мусіць правесьці расьсьледаваньне ды пакараць вінаватых. Таксама сярод рашэньняў КПЧ па скарзе Ўльяны Захаранкі — прызнаньне таго, што беларуская дзяржава мусіць цалкам кампэнсаваць страты, якія былі нанесеныя выкраданьнем і магчымым забойствам Юрыя Захаранкі ягоным сваякам», — сказала Раіса Міхайлоўская.

Паводле праваабаронцы, рашэньне аб завяршэньні расьсьледаваньня і перадачы справы ў суд Беларусь мусіць выканаць цягам 180 дзён.

Праваабаронцам невядома пра тое, як адрэагавалі беларускія ўлады на рашэньне Камітэту правоў чалавека ААН адносна справы Юрыя Захаранкі.

XS
SM
MD
LG