Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ульляне Захаранцы 93 гады. Зь іх 18 яна пражыла бязь вестак пра сына


Ульляна Захаранка, здымак 2016 году

6 лютага Ўльляне Захаранцы, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, споўнілася 93 гады.

Ульляна Рыгораўна па-ранейшаму жыве ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёну.

«Памаленьку жыву, — кажа Ўльляна Рыгораўна Свабодзе. — Пляменьніца Люба мяне даглядае. У доме парадак — цёпла, прыбрана. Чакаю толькі якіх зьвестак пра Юру, але не атрымліваецца. Дзякуй усім шчырым людзям, што мяне не забываюць, тэлефануюць, наведваюць, віншуюць з днём народзінаў».

Напярэдадні ў Васілевічы прыяжджалі Раіса Міхайлоўская зь Беларускага дакумэнтальнага цэнтру і Алег Воўчак, кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву». Яны дапамаглі Ўльляне Захаранцы праз інтэрнэт наладзіць відэасувязь з унучкай Аленаю, якая з маці і сястрой жыве ў эміграцыі ў Нямеччыне.

Пляменьніца Люба распавяла, што Ўльляна Рыгораўна была надзвычай рада магчымасьці пабачыцца з унучкаю, старэйшаю дачкою Юрыя.

Пасьля выкраданьня невядомымі ў красавіку 1999 года экс-міністра ўнутраных спраў, генэрала Юрыя Захаранкі ўлады доўгі час не хацелі прызнаваць Ульляну Рыгораўну пацярпелай. На заявы маці, а таксама жонкі Юрыя Вольгі, якая з дочкамі эмігравала ў Нямеччыну, суды адмаўляюцца прызнаць Захаранку памерлым.

На думку Алега Воўчака, гэта было б прызнаньнем «асабістай паразы Лукашэнкі», таму сыстэма робіць усё, каб гэтага не адбылося.

Сьледчы камітэт, нягледзячы на тое, што з моманту зьнікненьня экс-міністра мінула амаль васямнаццаць гадоў, пэрыядычна працягвае расьледаваньне справы зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Суды, у сваю чаргу, ня могуць вынесьці рашэньне наконт прызнаньня Юрыя Мікалаевіча памерлым, бо фармальна расьсьледаваньне яшчэ ня скончана.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG