Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьбяруцца ўдзельнікі антыдопінгавай Канвэнцыі Рады Эўропы


7–9 верасьня ў Менску пройдзе нарада Кансультатыўнай групы па антыдопінгавай Канвэнцыі Рады Эўропы.

У адкрыцьці імпрэзы возьмуць удзел намесьнік міністра спорту і турызму Аляксандар Баравуля і старшы мэнэджэр праграмаў аддзелу спартыўных канвэнцый Рады Эўропы Ліене Казлоўска.

Як паведамілі ў прэсавай службе Рады Эўропы, перадусім будуць абмяркоўвацца пытаньні абазнанасьці прадстаўнікоў спартыўных рухаў Беларусі ў антыдопінгавых праблемах. Таксама будзе акрэсьлена сфэра адказнасьці тых, хто пакліканы гарантаваць чысьціню спорту і справядлівасьць у ім.

8 і 9 верасьня пройдзе сустрэча Кансультатыўнай групы Антыдопінгавай канвэнцыі па адукацыі.

Адкрыюць нараду дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Мальты Люсьен Атард і прадстаўнік Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва Тоні Кунігам.

У сустрэчы возьмуць удзел прадстаўнікі антыдопінгавых арганізацый з Аўстрыі, Бэльгіі, Чэхіі, Даніі, Фінляндыі, Нямеччыны, Грэцыі, Ірляндыі, Літвы, Малдовы, Нарвэгіі, Румыніі, Расеі, Славаччыны, Гішпаніі, Вялікай Брытаніі.

Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы, але ў 2006 годзе далучылася да антыдопінгавай Канвэнцыі.

Міжнародны сэмінар арганізаваны Міністэрствам спорту і турызму Беларусі, Нацыянальным антыдопінгавым агенцтвам і Радай Эўропы.

Сёньня ў «чорным сьпісе» беларускага спорту некалькі дзясяткаў атлетаў, якія «пагарэлі» на забароненых мэтадах падрыхтоўкі. Павелічэньне колькасьці выпадкаў фіксацыі і часовага ці нават пажыцьцёвага адхіленьня ад стартаў стала прычынай заснаваньня Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Рэспублікі Беларусь.

Сярод асноўных мэтаў — прэвэнтыўныя захады супраць злоўжываньня стымулятарамі яшчэ на стадыі трэніровачнага працэсу, каб потым не чырванець на адказных міжнародных спаборніцтвах.

У розныя часы ў чорных допінгавых сьпісах фігуравалі

  • малатабойцы Іван Ціхан, Вадзім Дзевятоўскі, Андрэй Варанцоў,
  • штурхальнікі ядра Андрэй Міхневіч, Яніна Карольчык,
  • кідальніца дыску Ірына Ятчанка,
  • прадстаўнікі барацьбы Андрэй Пікуза, Васіліса Марзалюк,
  • плыўчыха Аляксандра Герасіменя,
  • цяжкаатлеты Яўген Жарнасек, Міхаіл Аўдзееў, Кацярына Шкуратава, Марына Шкерманкова, Дзіна Сазанавец, Дарʼя Тавелева,
  • спартыўная акрабатка Аліса Ўсманава,
  • біятляніст Вадзім Сашурын ды іншыя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG