Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пройдзе другая выстава «Праўда пра Курапаты»


У менскім Палацы мастацтва 22 лютага адкрываецца выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні».

Выставу ладзіць грамадзянская ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» пры падтрымцы творчай суполкі «Пагоня» і яшчэ чатырнаццаці грамадзянскіх ініцыятыў.

Гэта другая выстава, прысьвечаная гісторыі Курапатаў. Упершыню яна адбылася ў лістападзе 2015 году.

Выстава абʼядноўвае дакумэнтальныя матэрыялы, асабістыя сьведчаньні, фатаздымкі, мапы, мастацкія творы, прысьвечаныя Курапатам і тэме палітычных рэпрэсій.

Як сказаў Свабодзе адзін з ініцыятараў адкрыцьця выставы, грамадзкі актывіст Марат Гаравы, гэтым разам на выставе зьявяцца новыя стэнды пра мінулае Курапатаў: гістарычная тапаграфія, жыцьцё навакольных вёсак, вынікі экспэртызаў пракуратуры па расьсьледаваньні Курапатаў, месцы масавых забойстваў на тэрыторыі Менску, здымкі вядомых людзей, якія ў розныя гады наведвалі Курапаты, а таксама — прамежкавыя вынікі творчага конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял. Праз Курапаты — да пакаяньня».

Выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні» адкрыецца 22 лютага а 17 гадзіне ў менскім Палацы мастацтва і будзе працаваць штодня да 28 лютага.

XS
SM
MD
LG