Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«100 гадоў таму адбылася вялікая трагедыя», — у Менску ствараюць арганізацыю для вяртаньня памяці пра савецкія рэпрэсіі


Ілюстрацыйнае фота. Вечарына памяці "Клянуся і сьведчу", прысьвечаная ахвярам дэпартацыі 1940–1941, 1951 гадоў у Беларусі, падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Менск, 12 красавіка 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Вечарына памяці "Клянуся і сьведчу", прысьвечаная ахвярам дэпартацыі 1940–1941, 1951 гадоў у Беларусі, падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Менск, 12 красавіка 2016 году

18 студзеня ў Менску пройдзе пасяджэньне аргкамітэту стварэньня гісторыка-асьветніцкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці», прысьвечанае абвяшчэньню 2017 году Годам памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў.

На пасяджэньні прымуць зварот і прадставяць абагульненую статыстыку палітычных рэпрэсіяў у 1920-1950-я гады ў Беларусі.

Адзін з удзельнікаў аргкамітэту, гісторык Ігар Кузьняцоў, растлумачыў Свабодзе, чаму актывісты вырашылі стварыць арганізацыю «Вяртаньне памяці» і чым яна будзе займацца.

Гісторыя стварэньня

У 2001 годзе ў сувязі з пашырэньнем менскай кальцавой дарогі была створаная ініцыятыва «За выратаваньне Курапатаў». Магчымыя функцыі, якія стаялі перад гэтай арганізацыяй, былі выкананыя ўжо ў 2008 годзе. На момант стварэньня ініцыятыва «За выратаваньне Курапатаў» аб’ядноўвала 34 прадстаўнікі розных арганізацыяў.

Пасьля 2008 году актыўная дзейнасьць пачала скарачацца, многія ўдзельнікі пакінулі гісторыка-асьветніцкую сфэру. Ужо тады стала зразумела, што прыйшла неабходнасьць стварыць арганізацыю з гісторыка-асьветніцкай функцыяй, якая аб’яднае намаганьні, якія раней прыкладаліся актывістамі «За выратаваньне Курапатаў», «Мартыралёгу» ды іншых падобных арганізацыяў. Я выступіў з такой ініцыятывай, і нарэшце яна падтрыманая. Спадзяюся, што «Вяртаньне памяці» аб’яднае ўсіх, хто разумее, якая трагедыя адбылася 100 гадоў таму.

Хто ўваходзіць?

Пакуль у аргкамітэт стварэньня гісторыка-асьветніцкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці» ўваходзяць гісторык Ігар Кузьняцоў, актывістка ініцыятывы «За выратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька і грамадзкі актывіст Уладзімер Раманоўскі. Але пасяджэньне будзе мець адкрыты характар і да ініцыятывы змогуць далучыцца ўсе ахвотныя.

Чым будзе займацца арганізацыя «Вяртаньне памяці»?

У 2017 годзе адзначаем дзьве знакавыя падзеі: 100-годзьдзе Кастрычніцкага перавароту і 80-годзьдзе вялікага тэрору. Ініцыятары стварэньня арганізацыі «Вяртаньне памяці» ўзяліся аб’явіць 2017 год Годам памяці ахвяр савецкіх рэпрэсіяў. Цягам году зьбіраюцца праводзіць круглыя сталы, устанаўліваць новыя мэмарыяльныя знакі, дабівацца адкрыцьця савецкіх архіваў.

Што будзе 18 студзеня?

18 студзеня 1989 году Савет Міністраў БССР прыняў пастанову пра ўвекавечваньне памяці ахвяраў рэпрэсіяў 1937-1941 гадоў. Актывісты хочуць нагадаць уладам, што прайшло 28 гадоў з часоў той пастановы, а нічога ня выканана. Таму ў год «юбілею» вялікага тэрору трэба зрабіць хаця б нейкі маральны крок. Таксама падчас пасяджэньня 18 студзеня мы агучым зварот, у якім, у сувязі з тым, што 2017 год аб’яўлены ўладамі Годам навукі, заклікаем беларускіх навукоўцаў вярнуцца да вывучэньня прычын і наступстваў савецкіх рэпрэсіяў XX стагодзьдзя. Гісторык Ігар Кузьняцоў агучыць абагульненую статыстыку палітычных рэпрэсіяў у 1920-1950-х гадах у Беларусі.

Чаму гэта важна?

Ігар Кузьняцоў адзначае, што на падставе афіцыйнай статыстыкі будзе паказана, якой жорсткай была савецкая ўлада і колькі жыцьцяў каштавала Кастрычніцкая рэвалюцыя.

Пасяджэньне аргкамітэту стварэньня гісторыка-асьветніцкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці» адбудзецца 18 студзеня 2017 году а 17.00 у офісе Партыі БНФ (вул.Чарнышэўскага, 3а).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG