Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сваім помнікаў няма, чужых увекавечваем». У Магілёве зьбіраюцца ўславіць царскую cтаўку


Адной шыльды пра царскую стаўку замала Магілёву
Адной шыльды пра царскую стаўку замала Магілёву

У Магілёве зьбіраюцца ўсталяваць памятны знак стаўцы апошняга расейскага самаўладцы Мікалая ІІ. Як вынікае з паведамленьняў мясцовай прэсы яго паставяць на плошчы Славы. Пра дату ўсталяваньня пакуль гаворкі няма, але заяўляецца, што спэцыялісты ўжо распрацоўваюць дызайн знаку.

«Абʼект будзе ўтрымліваць інфармацыю пра даты знаходжаньня ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага», — гаворыцца ў паведамленьнях.

У гарвыканкаме не ўдалося высьветліць, чым выкліканая неабходнасьць усталяваньня мэмарыяльнага знаку стаўцы галоўнага вайскавода расейскай арміі. Між тым тэма побыту расейскага самаўладцы, ягонай сямʼі ды стаўкі ў Магілёве ўздымаецца рэгулярна. Праводзяцца выставы, праваслаўная царква ладзіць хросныя хады. Дэлегацыям з Расеі падчас наведваньня гораду не прамінаюць нагадаць пра цара і стаўку.

Паміж бюстам і памятным каменем

У 2009 годзе зьбіраліся паставіць бюст Мікалая ІІ. Ініцыятыва выклікала палкую дыскусію ў грамадзтве наконт мэтазгоднасьці ўвечненьня ў беларускім горадзе расейскага імпэратара. Тады ад гэтай ідэі адмовіліся. Падараваны Магілёву кіраўніцтвам раёну Сакаліная Гара адміністрацыйнай акругі Масквы бюст перадалі ў музэй.

У 2013 годзе зноў загаварылі пра ўвечненьне апошняга расейскага імпэратара. Тапанімічная камісія пры гарвыканкаме прапанавала ўсталяваць альбо мэмарыяльную дошку, альбо памятны камень на замчышчы ці непадалёк ад яго.

Плошча Славы ў Магілёве. Сьцягоў многа, людзей нямашака
Плошча Славы ў Магілёве. Сьцягоў многа, людзей нямашака

Гісторык, сябра тапанімічнай камісіі Ігар Пушкін настойвае: гэтым разам гаворка не пра ўвечненьне Мікалая ІІ, а адзначэньне менавіта гістарычнага факту, што ў Магілёве за часамі Першай усясьветнай вайны была стаўка галоўнага вайскавода расейскай арміі.

За асобай Мікалая ІІ «русский мир»

«Іншая рэч, што нехта спрабуе пад мэмарыяльнай дошкай стаўцы ўвечніць памяць імпэратара і гэтак званы імпэрскі „русский мир“. Такая пастаноўка пытаньня няслушная. Я катэгарычна супраць такой дошкі», — кажа суразмоўца.

«Стаўка — гэта ж ня толькі Мікалай ІІ. Яна існавала ў Магілёве і пасьля таго, як самаўладца выракся трону. Зь дзейнасьцю стаўкі было зьвязана шмат асобаў, таму я катэгарычна супраць таго, каб ушаноўвалі толькі асобу імпэратара», — адзначыў Ігар Пушкін.

Гісторык прыгадаў дыскусію, якая адбылася за «круглым сталом» у 2013 годзе. Тады, заўважыў ён, ініцыятыва ўвечніць асобу Мікалая ІІ не знайшла падтрымкі ў магілёўцаў. «Бальшыня выказвалася, што варта ў горадзе адзначыць факт знаходжаньня ў Магілёве стаўкі галоўнага вайскавода», — нагадаў Ігар Пушкін.

Дзе ж помнікі сваім героям?

Яшчэ адзін гісторык Аляксандар Агееў сказаў, што не было б праблемаў з мэмарыяльным знакам Стаўцы, каб у горадзе былі ўшанаваныя беларускія нацыянальныя героі.

«У горадзе бракуе помнікам сваім, і калі зьяўляюцца толькі чужым знакі, дык гэта заўжды выклікае алергію», — адзначыў ён.

На плошчы Славы толькі адна шыльда на беларускай мове: краязнаўцу Еўдакіму Раманаву
На плошчы Славы толькі адна шыльда на беларускай мове: краязнаўцу Еўдакіму Раманаву

«Каб у нас стаялі помнікі Гартынскім, Дамбавецкаму, Цішку Гартнаму, Янку Купалу, то і да мэмарыяльнага знаку стаўцы ці Мікалаю ІІ стаўленьне было б нармальным. У Браціславе, напрыклад, Напалеон узарваў замак і там стаіць помнік-напамін пра тую падзею. Але ў Браціславе багата помнікаў сваім. Таму ў нас праблема: адсутнічаюць помнікі беларускім дзеячам», — заключыў гісторык.

Госьці гораду даймаюць, ці помнікі беларускім дзеячам

У Магілёве нямала мясьцінаў, зьвязаных і са стаўкай і з побытам самаўладцы ды ягонай сямʼі. На адным з будынкаў пешаходнай вуліцы Ленінскай вывешаная інфармацыйная дошка, на якой згадваецца царская стаўка. На гэтай жа вуліцы ёсьць шыльда пра яшчэ адну прадстаўніцу роду Раманавых — Кацярыну ІІ.

Між тым нядаўнюю ініцыятыву праваслаўных вернікаў пераназваць плошчу Арджанікідзэ ў плошчу імя Георгія Каніскага ўлада не ўхваліла, патлумачыўшы сваё рашэньне тым, што імя сьвятара дастаткова прысутнічае ў гарадзкой тапаніміцы.

Што да знакаў беларускай прысутнасьці, то ў горадзе іх вобмаль.

Шыльда Кацярыне ІІ. Спачатку ключ ад гораду забрала, потым вярнула
Шыльда Кацярыне ІІ. Спачатку ключ ад гораду забрала, потым вярнула

Магілёўскі экскурсавод Алег Дзьячкоў сумняваецца, што ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі пра стаўку галоўнага вайскавода расейскіх войскаў паспрыяе ўмацаваньню нацыянальнай сьвядомасьці магілёўцаў.

«У цэнтры гораду няма ніводнага помніка нацыянальнаму дзеячу», — кажа суразмоўца.

«Напрыклад, у Віцебску паставілі помнік Альгерду, у маленькім Лепелі — Льву Сапегу, а ў вялікім Магілёве з тысячагадовай гісторыяй не знайшлося каму ставіць, — заўважае ён. — Гэта дзівіць гасьцей нашага гораду, і яны пытаюцца, дзе ж помнікі вашым, і на гэта няма чаго адказаць. Самі магілёўцы да гэтага факту прызвычаіліся, а вось госьці даймаюць пытаньнямі».

Чыноўнікі з-пад расейшчыны ня бачаць беларускасьці

Адзін з актыўных абаронцаў гораду ад усталяваньня ў ім бюсту Мікалая ІІ сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў лічыць, што кіраўніцтва гораду не ўспрымае беларушчыну як сваё, таму, на ягоную думку, і зьяўляюцца рэгулярна ініцыятывы ўвечніць Мікалая ІІ ці стаўку, якою ён кіраваў.

Пано пра ўсталяваньне савецкай улады
Пано пра ўсталяваньне савецкай улады

«Кіраўніцтва Магілёва шукае карані гісторыі гораду не ў беларускасьці, а ў расейшчыне. З-пад яе яны ня бачыць нічога нацыянальнага, беларускага. Гэта праяўляецца і ў назвах вуліц, якія ўсьцяж савецкія, і ў бюстах савецкім вайсковым начальнікам. Пры гэтым беларускім нацыянальным дзеячам помнікаў няма. Грамадзкасьць мусіць зьбіраць грошы на помнік Цішку Гартнаму. Гарвыканкам ня супраць яго ўсталяваньня, але за сродкі грамадзкасьці», — тлумачыць сваё разуменьне сытуацыі першы намесьнік старшыні БСДП (Г).

Што будзе на мэмарыяльным знаку, магілёўцы мусяць ведаць загадзя

На думку партыйнага актывіста, усталяваньне памятнага знаку стаўцы мусіць прайсьці грамадзкае абмеркаваньне. Партыец лічыць, што знаходжаньне стаўкі на тэрыторыі Беларусі не зьвязанае зь беларускай дзяржаўнасьцю, а выклікана ваеннай неабходнасьцю таго часу.

«На грамадзкім абмеркаваньні маюць выказацца, што яны хочуць бачыць на тым знаку. Ці будзе там расейская мова, сымболіка, барэльеф Мікалая ІІ. Гэта ўсё надта важныя пытаньні, каб на іх не зьвяртаць увагі», — выказваецца Ігар Барысаў.

А гэта пано пра адбудову разбуранай вайною гаспадаркі. На мэмарыяле «Барацьбітам за Савецкую ўладу не адшукаць знакаў беларушчыны»
А гэта пано пра адбудову разбуранай вайною гаспадаркі. На мэмарыяле «Барацьбітам за Савецкую ўладу не адшукаць знакаў беларушчыны»

Магілёў абралі месцам для стаўкі галоўнага вайскавода расейскіх войскаў Мікалая ІІ праз блізкасьць гораду да фронту. Праіснавала яна ў Магілёве да 1918 году. Сам жа Мікалай ІІ са сваёй сямʼёй знаходзіўся ў ім ад жніўня 1915 году да 8 сакавіка 1917 году.

Ідэалягічны вэрхал

Плошча Славы, на якой зьбіраюцца паставіць мэмарыяльны знак, насычаная атрыбутамі недалёкага мінулага. На ёй мэмарыял «Барацьбітам за Савецкую ўладу». Тут жа помнік забітым «белапалякамі». Над усім гэтым узвышаецца ратуша.

На замчышчы, якое непадалёк, царква Сьвятых царственных пакутнікаў. Цэнтральнае месца ў ім адведзенае расстралянай бальшавікамі сямʼі Мікалая ІІ.

Помнік тым, хто загінуў нібыта ад белапалякаў
Помнік тым, хто загінуў нібыта ад белапалякаў

«Тое, як выглядае плошча, сьведчыць, што творыцца ў галовах нашых чыноўнікаў. Яны імкнуцца паказаць веліч гісторыі Магілёва, а выходзіць сумяшчэньне несумяшчальнага — ідэалягічны вэрхал», — заключае Ігар Барысаў.

Царква на замчышчы. Будавалася яна без грамадзкага абмеркаваньня
Царква на замчышчы. Будавалася яна без грамадзкага абмеркаваньня

Некалі перад ратушай пляц, на якім можа зьявіцца мэмарыяльны знак расейскай стаўцы, зваўся, як і ў эўрапейскім горадзе, гандлёвым. Тут было сканцэнтравана эканамічнае і адміністрацыйнае жыцьцё места. Цяпер жа плошча часьцей бязьлюдная, адрозна ад такіх самых плошчаў у Эўропе.

Ратуша
Ратуша

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG