Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «доме Чыжа» арыштаваная кватэра трэнэра Мікалая Казекі


«Дом Чыжа» ў Траецкім прадмесьці. Фота ©Shutterstock
«Дом Чыжа» ў Траецкім прадмесьці. Фота ©Shutterstock

Трэнэр беларускіх фрыстайлістаў Мікалай Казека напісаў заяву ў праваахоўныя органы з просьбай зьняць арышт зь ягонай кватэры ў так званым «доме Чыжа» ў Менску.

Пра гэта ён распавёў у размове з карэспандэнтам Свабоды.

«Чакаю рашэньня. Я думаю, што ўсё будзе па справядлівасьці», — сказаў Мікалай Казека.

Пра тое, што на ягоную кватэру плошчай 105 квадратных мэтраў накладзены арышт, Мікалай Казека даведаўся зь ліста менскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі.

Мікалай Казека
Мікалай Казека

«Кватэра знаходзіцца пад арыштам на час сьледзтва. Я гэтую кватэру яшчэ поўнасьцю ня выкупіў, і частка гэтай кватэры яшчэ знаходзіцца ва ўласнасьці „Трайпла“. Пакуль кватэра арыштаваная, я не магу прадпрыняць зь ёй ніякіх дзеяньняў. Напрыклад, не магу яе прадаць. Але гэта не азначае, што кватэру апячаталі і зачынілі. У мяне аформлена растэрміноўка, і я яшчэ поўнасьцю за яе не разьлічыўся. Таму ў гэтай кватэры яшчэ частка ўласнасьці „Трайпла“. А паколькі ідзе сьледзтва, як мне тлумачылі, уся ўласнасьць гэтай кампаніі знаходзіцца пад арыштам».

Мікалай Казека апавёў, што павінен канчаткова выкупіць кватэру да канца 2017-га — пачатку 2018 году. Цяперашнюю сытуацыю ён называе «непрыемнай».

Паводле спадара Казекі, у «доме Чыжа» арыштавана ня толькі ягоная кватэра.

Аднак у большасьці арыштаваных кватэраў яшчэ не было гаспадароў, піша «Наша ніва». У рамках крымінальнай справы, распачатай супраць кіраўніка групы кампаніяў «Трайпл» Юрыя Чыжа, актывы «Трайпла» арыштаваныя. Адзін з актываў — «дом Чыжа» каля Траецкага прадмесьця. У ім заставаліся нераспрададзеныя 27 кватэраў. Гэтыя кватэры былі ў закладзе ў беларускіх банках. Нерухомасьць дазваляла Чыжу атрымліваць крэдыты.

Тым часам начальнік прэс-службы КДБ Беларусі Дзьмітры Пабяржын не падаў ніякіх зьвестак пра сытуацыю з кватэрамі ў «доме Чыжа». Ён сказаў карэспандэнту Свабоды, што сьледзтва па крымінальнай справе адносна Чыжа працягваецца:

«Па гэтай крымінальнай справе пакуль няма ніякай інфармацыі для распаўсюду. Сьледзтва працягваецца».

У сакавіку Юрыю Чыжу выставілі абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі (ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры). Чыжа ўзялі пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG