Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявіўся новы палітзьняволены — Юры Рубцоў


Юры Рубцоў
Юры Рубцоў

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт заявілі, што абмежаваньне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага вязьня.

Праваабаронцы адзначылі ў супольнай заяве ад 23 сьнежня, што перасьлед Юрыя Рубцова наўпрост зьвязаны зь незаконнай практыкай адвольных затрыманьняў і зьяўляецца палітычна матываваным. А судовы працэс над Рубцовым не адпавядаў асноўным прынцыпам справядлівага судовага разьбіральніцтва.

«Вясна» і БХК патрабуюць вызваліць Юрыя Рубцова і перагледзець яго справу адпаведна з прынцыпамі справядлівага судовага разьбіральніцтва.

21 сьнежня стала вядома пра накіраваньне гомельскага грамадзкага актывіста Юрыя Рубцова ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Берасьцейскай вобласьці.

6 кастрычніка Рубцоў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Менску па крымінальным артыкуле за зьнявагу судзьдзі на 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Юрыя Рубцова затрымалі 28 красавіка 2014 году падчас санкцыянаванага мірнага сходу «Чарнобыльскі шлях» за майку з надпісам «Лукашенко, уходи!» і асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Паводле абвінавачаньня, падчас суду ён дапусьціў абразьлівыя выказваньні на адрас судзьдзі Кірыла Палулеха.

У суд Рубцоў быў дастаўлены аголены па пояс, што абражала ягоную чалавечую годнасьць, а судзьдзя пры гэтым не прыняў аніякіх мераў, скіраваных на абарону ягоных правоў. А таксама не адрэагаваў на ягоныя просьбы выдаць акуляры для азнаямленьня з матэрыяламі справы.

Пасьля Чарнобыльскага шляху Юрыя Рубцова даставілі ў суд аголеным па пояс
Пасьля Чарнобыльскага шляху Юрыя Рубцова даставілі ў суд аголеным па пояс

Праваабаронцы лічаць незаконнымі дзеяньні судзьдзі.

«У сувязі з грубым парушэньнем сваіх правоў Юры Рубцоў выказаў цалкам абгрунтаваную незадаволенасьць і пратэст, назваўшы падобныя судовыя працэсы „судзілішчам“, а судзьдзяў, які выносяць незаконныя судовыя рашэньні, „падонкамі“. Гэтыя словы былі інтэрпрэтаваныя як выказваньні, скіраваныя пэрсанальна на адрас судзьдзі Палулеха. Пры гэтым заўвагі Юрыя Рубцова да пратакола судовага паседжаньня, накіраваныя ім у суд, былі адхіленыя гэтым жа судзьдзёй як неабгрунтаваныя», — адзначаюць праваабаронцы.

Юры Рубцоў: Я выказаў недавер ня толькі судзьдзі, а ўсёй судовай сыстэме
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:58 0:00
Наўпроставы лінк

У аснову прысуду пакладзеныя выключна паказаньні супрацоўнікаў міліцыі, сакратара судовага паседжаньня і самога судзьдзі. Але ня быў дапытаны як сьведка адвакат Юрыя Рубцова.

«Мы лічым, што сьледзтва і судовы працэс па справе Юрыя Рубцова мелі абвінаваўчы ўхіл. Не былі прынятыя меры для ўсебаковага і бесстароньняга разгляду, што зьяўляецца адным зь неабходных складнікаў справядлівага судовага разьбіральніцтва», — адзначаюць «Вясна» і БХК.

Юры Рубцоў стаў шостым палітвязьнем у Беларусі разам зь Мікалаем Статкевічам, Мікалаем Дзядком, Ігарам Аліневічам, Яўгенам Васьковічам, Арцёмам Пракапенкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG