Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 жніўня на могілках Камяніца Жыравецкая каля Берасьця сабраліся сваякі ды сябры беларуса Алеся Чаркашына, які роўна два гады таму загінуў на Ўсходзе Ўкраіны.

Да магілы Алеся Чаркашына прыехалі яго бацькі Мікалай ды Сьвятлана, сустаршыні аргкамітэту па стварэньні БХД Павал Севярынец ды Георгі Дзьмітрук — агулам блізу 20 чалавек зь Берасьця і іншых гарадоў.

Мікалай і Сьвятлана Чаркашыны
Мікалай і Сьвятлана Чаркашыны

Мікалай Чаркашын выказаў падзяку сябрам Алеся, якія прыехалі да яго магілы ў другія ўгодкі ягонай сьмерці.

Перад прысутнымі выступіў Павал Севярынец, які апавёў, што «сёньня пра Алеся здымаюць фільмы, пра яго пішуць кнігі». Спадар Севярынец падараваў бацькам дзьве кнігі пра выбітных асобаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, сярод якіх ёсьць і гісторыя пра Алеся Чаркашына.

Партрэт на помніку Алесю Чаркашыну
Партрэт на помніку Алесю Чаркашыну

Доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская зь Берасьця апавяла, што сёньня магіла Алеся Чаркашына зьяўляецца важным месцам памяці для берасьцейцаў:

«Мы прычыніліся да таго, каб у Алеся паўстаў гэты помнік, які стаў месцам нашай памяці. Не толькі памяці бацькоў, але і ўсіх берасьцейцаў. Дзякуй Алесю, што ён гэтым месцам стаў, і праз сто, і праз дзьвесьце гадоў гэтае месца захаваецца».

Сябры Алеся прыгадвалі аб ім, апавядалі пра тое, што «толькі пасьля яго сьмерці зразумелі сэнс пэрформансу са скрываўленымі рукамі каля ганку Берасьцейскага аблвыканкаму».

Мэдалі Алеся Чаркашына
Мэдалі Алеся Чаркашына

Да помніку Алесю ўсклалі кветкі, запалілі зьнічкі. Тут былі выстаўленыя мэдалі, якімі Алесь Чаркашын пасьмяротна ўзнагароджаны ва Ўкраіне. А Мікалай Чаркашын прадставіў раней невядомы партрэт сына.

Магіла Алеся Чаркашына
Магіла Алеся Чаркашына

Былы старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД Алесь Чаркашын ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару» пад пазыўным «Тарас». 10 жніўня 2015 году 32-гадовы беларус быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы.

Алесь быў пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам «Народны герой Украіны». Яму, ягонаму ўкраінскаму пабраціму Віталю Целіжэнку, а таксама беларусу Міхасю Жызьнеўскаму ў Кіеве паставілі мэмарыяльны знак.

Сёньня Алеся Чаркашына ўшанавалі і ў Кіеве.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG