Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі мэдык загінуў у вайне на Данбасе. Дома ў яго засталіся 4 дзяцей


Алег Падароўскі. Фота Яны Зінкевіч

Берасьцейскі добраахвотнік Алег Падароўскі, які служыў у батальёне «Гаспітальеры», загінуў ад хваробаў і траўмаў, атрыманых у часе баявых дзеяньняў на Данбасе. Падчас пахаваньня яго нацыянальнасьць не афішавалася. Сёньня Свабода даведалася, што гаворка пра беларуса.

«Алег загінуў у кастрычніку (мінулага году — РС) і пахаваны ў Дняпры побач з нашымі байцамі-героямі», — паведаміла Радыё Свабода камандзір батальёну «Гаспітальеры» Ўкраінскай добраахвотніцкай арміі Яна Зінкевіч. Паводле яе, Алег Падароўскі служыў у батальёне з 2014 году.

«Ён удавец, у яго засталіся чацьвёра дзетак, якіх цяпер даглядае ягоная маці ў Беларусі», — дадала яна. «Алег выратаваў не аднаго байца і транспартаваў дзясяткі, выконваў абавязкі парамэдыка і кіроўцы на пазыцыях у Шырокіным», — паведаміла Яна Зінкевіч.

Камандзір батальёну «Гаспітальеры» таксама дадала, што Алег Падароўскі захварэў увосень 2015 году. «Мы ўвесь гэты час змагаліся за ягонае жыцьцё, але, на жаль, хвароба аказалася мацнейшай», — распавядае Яна Зінкевіч.

Алег Падароўскі зь Берасьця стаў другім беларусам, які загінуў на Данбасе. Ён нарадзіўся 30 ліпеня 1984 году. Самаабвешчаныя ўлады гэтак званых народных рэспублік уключылі ягонае імя ў сьпіс свайго «Трыбуналу» — базы дадзеных людзей, якіх яны абвінавачаюць ў «злачынствах супраць мірных жыхароў Данбасу».

У жніўні 2015 года ў выніку цяжкага параненьня ў баі пад Белакаменкай на Данбасе пасьля некалькіх тыдняў комы памёр былы старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД Алесь Чаркашын. Ён ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правы сэктар» пад пазыўным «Тарас».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG