Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры месяцы пасьля абрушэньня гімназіі ў Крычаве: «Нашы дзеці гаруюць па сваёй гімназіі»


Усё, што застаецца ад абрынутай сьценкі і столі
Усё, што застаецца ад абрынутай сьценкі і столі

У райцэнтры Крычаў, што на Магілёўшчыне, пачалі дэмантаваць частку будынка мясцовай гімназіі, якая напярэдадні сёлетняга навучальнага году абрынуліся. У аварыі ніхто не пацярпеў. Гімназістаў разьмеркавалі па іншых школах райцэнтру. Тры з паловай месяцы вядзецца высьвятленьне прычынаў абрушэньня. Заяўляецца, што неўзабаве будуць агучаныя вынікі расьсьледаваньня. Тым часам чыноўнікі запэўніваюць, што ў райцэнтры ўзьвядуць новую школу.

Цяпер ад цэнтральнай часткі будынка, у якой разьмяшчалася сталоўка і спартовая заля гімназіі, застаўся толькі друз. Яго вывозяць з тэрыторыі навучальнай установы. Пагутарыць з пэрсаналам, які застаўся працаваць у гімназіі пасьля абрушэньня, не ўдалося. Зьяўленьне журналіста ў пашкоджаным будынку выклікала перапалох. Яму тут жа загадалі пакінуць двор гімназіі на той падставе, што ўваходзіць на яго забаронена.

Тым часам, што будзе зь яе будынкам, невядома. Днямі на сходзе з бацькамі вучняў старшыня райвыканкаму Васіль Сысоеў сказаў, што ў Крычаве зьбіраюцца будаваць новую школу на тысячу чалавек. Калі пачнуць яе ўзводзіць, невядома. Праектна-каштарыстная дакумэнтацыя нібыта будзе падрыхтавана да красавіка. Будаваць навучальную ўстанову зьбіраюцца 15 месяцаў.

Там, дзе былі сталоўка і спартовая заля, застаўся толькі друз
Там, дзе былі сталоўка і спартовая заля, застаўся толькі друз

Увесь наступны год нам давядзецца зноў езьдзіць па школах, зрабіла выснову бабуля адной з гімназістак. Жанчына прысутнічала на сустрэчы з чыноўнікам.

«На сходзе бацькі вялі сябе спакойна. Ужо нараканьняў асаблівых не было. Ужо гімназія завалілася — вучыцца нам няма дзе. Нам хоць бы куды папасьці. Сядзелі мы, маўчалі, бо калі тая школа будзе. А вось калі былі першыя сходы, дык дужа шмат крыку было, ледзьве вайна не пачалася. Былі цяпер такія выказваньні з залі, што вы ўжо будуйце школу 15 месяцаў ці 20 месяцаў, але, каб яна, божа ўратуй, больш не абрушылася. Дзеці ж гаруюць па гімназіі. Яны ж разумеюць, што сваё ёсьць сваё, а чужое ёсьць чужым».

Гімназістаў на школьных аўтобусах развозяць па чатырох навучальных установах, якія ў розных канцах райцэнтру. Малодшыя клясы вучацца ў дзіцячых садках. Бацькі наракаюць, што школы перапоўненыя. У некаторых клясах па трыццаць і болей дзяцей. Зьбіраюць дзятву ля ўваходу ў іхную разбураную гімназію. Безь яе сумуем, кажуць вучні. Дзеці спадзяюцца, што некалі ўсё ж вернуцца ў сваю гімназію.

Замест дзятвы на тэрыторыі гімназіі гаспадараць будаўнікі і іхная тэхніка
Замест дзятвы на тэрыторыі гімназіі гаспадараць будаўнікі і іхная тэхніка

Сьцяна і столь гімназіі абрынуліся 29 жніўня. Яе будынак узьвялі ў 1979 годзе. Да навучальнага году гімназія была падрыхтаваная. Мела гэтак званы пашпарт гатоўнасьці. Што сталася прычынай абрушэньня, невядома. Як кажуць бацькі, на сустрэчы зь імі Васіль Сысоеў казаў, што вынікі экспэртызы будуць гатовыя неўзабаве і што пракуратура дала дазвол на разбор будынка.

Тэма абрушэньня гімназіі пасьля прамінулых трох з паловай месяцаў застаецца актуальнай для жыхароў Крычава. Многія адзначаюць, што шок ад здарэньня неяк перажылі. Найбольш эмацыйна, разам з тым, на пытаньні пра гімназію рэагуюць бацькі, чые дзеці вучыліся ў ёй.

«Шок тады быў — гэта сапраўды. Напярэдадні такога школьнага дня — гэта нешта неверагоднае. Трэба хутчэй новую школу будаваць, бо ў гэтым мікрараёне школа патрэбная. А вось што цяпер зь дзецьмі рабіць, ня ведаю. Вядома ж, дзецям цяжка. Яшчэ старэйшыя клясы неяк трываюць, а вось малодшым цяжка. Іх ганяюць па школах», — даводзіць бабуля яшчэ адной гімназісткі.

Жоўты школьны аўтобус доўга яшчэ будзе курсаваць па крычаўсім мікрараёне
Жоўты школьны аўтобус доўга яшчэ будзе курсаваць па крычаўсім мікрараёне

Яна згаджаецца зь меркаваньням, што замала інфармацыі пра хаду расьсьледаваньня аварыі. Тэрыторыю гімназіі часта наведваюць розныя дэлегацыі, кажа яна, але што ад іх толку. Крычаўцы ад часу аварыі зрабілі свае высновы пра прычыны абрушэньня:

«Паводле тых, хто працаваў у гімназіі, сьцены ў ёй былі слабаватыя. Нават дзіркі былі ў сьценах. Зь іх дзьмула дужа. Адвернеш шпалеры, а там дзіркі, і ня ведалі, чым заткнуць».

Таго ж меркаваньня трымаецца і малады жыхар Крычава:

«Тыя, хто мяняў вокны ў гімназіі, казалі, што ў цэмэнтнай рошчыне зусім не было цэмэнту, толькі пясок. Дый будынак сам па сабе стары».

Гімназісты чакаюць свайго транспарту каля гімназіі
Гімназісты чакаюць свайго транспарту каля гімназіі

Усе, з кім давялося пагутарыць, салідарна згаджаліся з адной думкай — што бяда магла быць большай:

«Слава богу, што дзяцей не было тады ў гімназіі, бяда б была тады наагул непапраўная. Нехта рукой яе адвёў», — выказваецца спадарыня сталага веку.

Па факце абрушэньня гімназіі сьледчым камітэтам распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «Службовая халатнасьць». Навучальная ўстанова прызнаная цалкам аварыйнай. У ёй вучыліся 547 гімназістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG