Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пашырыў забарону на паездкі ў ЗША на 8 краінаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Абмежаваньні на ўезд у ЗША будуць пашыраныя ад 18 кастрычніка: яны будуць распаўсюджвацца на грамадзянаў Вэнэсуэлы, Емэна, Ірану, Лібіі, Паўночнай Карэі, Самалі, Сырыі і Чаду. Абмежаваньні для грамадзянаў Судану тым часам скасаваныя. Грамадзянаў Іраку будуць старанна правяраць пры ўезьдзе, але на іх не распаўсюджваюцца абмежаваньні на ўезд.

Такое рашэньне падпісаў 24 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Паводле амэрыканскіх службоўцаў, краіны, якіх тычацца абмежаваньні, адмовіліся дзяліцца зьвесткамі пра тэрарызм і іншыя пытаньні бясьпекі. Пры гэтым Чад называецца «важным і значным» контратэрарыстычным партнэрам, які, тым ня меней, не падзяліўся належнай інфармацыяй з амэрыканскімі спэцслужбамі.

«Гарантаваньне бясьпекі ў сьвеце — гэта маё першачарговае заданьне, — адзначыў Трамп у Twitter. — Мы не дапусьцім у нашую краіну тых, у бясьпецы каго ня можам быць упэўненыя».

Ён таксама заявіў, што абмежаваньні мусілі б быць больш строгімі і дакладнымі, але «гэта не было б паліткарэктна.

Абмежаваньні на ўезд для шэрагу краінаў былі ўведзеныя 10 месяцаў таму, але тычыліся краінаў зь «пераважна мусульманскім» насельніцтвам, цяпер жа ў сьпіс дадаліся «немусульманскія» Паўночная Карэя і Вэнэсуэла.

Amnesty International раскрытыкавала абмежаваньні і назвала іх «катастрофай» ня толькі для тых, хто шукае прытулку і бясьпекі, але і для тых, хто проста хоча вандраваць, працаваць і вучыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG