Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША апублікуюць сакрэтны мэмарандум пра расьсьледаваньне ФБР аб сувязях Трампа з Крамлём


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сакрэтны мэмарандум, падрыхтаваны заканадаўцамі-рэспубліканцамі, у якім гаворыцца пра патэнцыйна незаконныя дзеяньні ФБР у ходзе расьсьледаваньня магчымых сувязяў перадвыбарчага штабу Дональда Трампа з Расеяй, можа быць абнародаваны ў пятніцу. Пра гэта абвясьцілі прадстаўнікі Белага дома, піша Reuters.

«Дональд Трамп быў праінфармаваны пра зьмест дакумэнта і гатовы даць дабро на яго публікацыю», — паведаміў памочнік прэзыдэнта. — Пасьля гэтага Кангрэс будзе вырашаць, што рабіць з дакумэнтам».

Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Дэталі мэмарандуму невядомыя. Паводле розных крыніц, у ім гаворыцца пра тое, што ФБР, запытваючы ў спэцыяльнага суду санкцыю на сачэньне за дарадцам Трампа Картэрам Пэйджам, не інфармаваў судзьдзяў, што запыт ведамства заснаваны, сярод іншага, на зьвестках з так званага «дасье Трампа», аплочанага часткова выбарчым штабам Гілары Клінтан.

У дакумэнце, як відаць, згаданыя імёны двух супрацоўнікаў ФБР, якія ў асабістай перапісцы выказвалі сымпатыю да Клінтан і такую ж моцную антыпатыю да Трампа. Яны нядоўгі час працавалі ў брыгадзе спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера, які расьсьледуе здагадкі аб змове выбарчага штаба Трампа з Крамлём.

Дэмакраты — чальцы Юрыдычнага камітэту ніжняй палаты Кангрэсу разгарнулі шырокую кампанію супраць публікацыі мэмарандуму, бачачы ў ім «небясьпечныя прыкметы палітызацыі работы спэцслужбаў».

Кіраўнікі Генэральнай пракуратуры і ФБР таксама выступаюць супраць апублікаваньня дакумэнту. Паводле іх, ён «недакладна адлюстроўвае падзеі і можа прывесьці да раскрыцьця важных выведных дадзеных і мэтаду іх збору».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG