Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што гатовы адказаць на пытаньні спэцпракурора


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 24 студзеня заявіў, што ён гатовы сустрэцца са спэцпракурорам Робэртам Мюлерам і адказаць на пытаньні расьсьледаваньня адносна магчымых сувязяў свайго перадвыбарчага штабу з Крамлём.

Выступаючы перад журналістамі перад ад’ездам у Швайцарыю на Сусьветны эканамічны форум у Давосе, Трамп паведаміў, што магчыма, нават дасьць паказаньні пад прысягай. Аднак папярэдне мае намер пракансультавацца са сваімі адвакатамі. Пры гэтым, прэзыдэнт ЗША яшчэ раз нагадаў, што зь яго боку, «не было ніякай змовы і ніякай перашкоды сьледзтву».

Паводле дадзеных з атачэньня Мюлера, спэцпракурор хацеў бы пагутарыць з прэзыдэнтам ЗША аб яго рашэньні звольніць дырэктара ФБР Джэймса Комі, а таксама былога дарадцу па нацыянальнай бясьпецы Майкла Фліна. Адна з задач Мюлера — высьветліць, ці спрабаваў Трамп перашкодзіць правасудзьдзю, калі, паводле словаў Комі, папрасіў яго спыніць расьсьледаваньне кантактаў Фліна з расейскім амбасадарам у Вашынгтоне напярэдадні інаўгурацыі Трампа, а затым звольніў Комі, які ўзначальваў расьсьледаваньне ФБР па расейскай справе.

Некалькі месяцаў таму Трамп казаў, што «на ўсе 100 адсоткаў» гатовы пагутарыць з камандай Мюлера, аднак пазьней выказваў сумненьне ў неабходнасьці такой гутаркі, падкрэсьліваючы, што «ніякай змовы не было». Масква неаднаразова адпрэчвала абвінавачваньні ва ўмяшаньні ва ўнутраную палітыку ЗША.

Раней стала вядома, што ў рамках расьсьледаваньня аб магчымым умяшаньні Расеі ў амэрыканскія выбары былі дапытаныя высокапастаўленыя супрацоўнікі спэцслужбаў ЗША, у тым ліку кіраўнік ЦРУ Майк Пампэа, а таксама генэральны пракурор Джэф Сэшнс. Паводле амэрыканскіх тэлеканалаў, да канца студзеня спэцпракурор плянуе таксама пагутарыць з былым дарадцам Трампа Стывам Бэнанам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG