Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракт у Ніцы. Сьцісла: што вядома на гэты час


Увечары 14 ліпеня ў Ніцы (Францыя) грузавік заехаў у натоўп людзей падчас сьвяткаваньня Дня ўзяцьця Бастыліі. Грузавік 1,8 кілямэтра рухаўся ў натоўпе на хуткасьці да 90 км/гдз і мэнэўраваў так, каб забіць як мага больш людзей.

Загінулі прынамсі 84 чалавекі, ня менш за 100 параненыя. Сярод ахвяраў ёсьць расейцы і ўкраінцы, беларусаў няма.

Паліцыя ня здолела спыніць машыну адразу: стралялі ў лабавое шкло, якое аказалася браніраваным. Забіць кіроўцу здолелі толькі стрэліўшы праз бакавое шкло. У машыне знайшлі зброю і гранаты.

Францускія СМІ пішуць, што нападнікам быў 31-гадовы тунісец зь відам на жыхарства ў Францыі, называецца яго імя — Мухамад Лахуідж Бугляль. Афіцыйных пацьверджаньняў пакуль няма, пра радыкальныя погляды мужчыны невядома.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд назваў тое, што адбылося, тэрактам. Пакуль ніводная тэрарыстычная групоўка ня ўзяла на сябе адказнасьці за тэракт.

З суботы ў Францыі абвешчаная 3-дзённая жалоба. У краіне працягнуты рэжым надзвычайнага становішча, грамадзкія мерапрыемствы ў Ніцы скасаваныя.

Тэракт у Ніцы: падрабязна

Амбасада Францыі ў Менску адкрыла кнігу спачуваньняў, менчукі нясуць пад яе першыя кветкі. Але амбасада просіць скіроўваць лісты спачуваньня на электронную скрыню webmestre.by@diplomatie.gouv.fr, бо працуе ў надзвычайным рэжыме і ня мае дазволу прымаць шмат наведнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG