Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс над беларусам — добраахвотнікам «Правага сэктару» ідзе імклівымі тэмпамі


Тарас Аватараў
Тарас Аватараў

А 14 гадзіне дня 18 красавіка пачаўся працэс над Тарасам Аватаравым, жыхаром Наваполацку, які ваяваў ва Ўкраіне як добраахвотнік «Правага сэктару». І ўжо да вечара ў судзе пачалі вывучаць матэрыялы справы.

За гэты час апыталі трох сьведак, паказаньні яшчэ аднаго зачыталі, хоць абвінавачаны Аватараў быў супроць. Паводле яго, гэта ключавы сьведка, які павінен быў даць паказаньні ў судзе, каб потым іх можна было параўнаць з паказаньнямі на сьледзтве. Тарас Аватараў ужо мае прыклад — сьведка-міліцыянт Глеб Шуст у паказаньнях блытаўся. Таму давялося зачытваць ранейшыя паказаньні Шуста, які затрымліваў Аватарава ўначы 26 лістапада 2015 году на чыгуначным вакзале Менску.

Абароне Аватарава таксама ўдалося атрымаць прызнаньне сьведкі Ігара Вашкевіча, які быў панятым пры вобшуку Аватарава. Сьведка прызнаўся суду, што непасрэдна сам ня бачыў, як у Аватарава забіралі гранату, пісталет ды іншыя рэчы, а бачыў іх толькі на стале — ужо пасьля. Хаця падпісаўся, што прысутнічаў на выманьні гэтых рэчаў.

Тараса Аватарава судзіць Жанна Жукоўская, судзьдзя Фрунзенскага суду. Яна рашуча абрывае Аватарава, калі ён спрабуе камэнтаваць паказаньні сьведак-міліцыянтаў. Судзьдзя ўжо папярэдзіла падсуднага, што выдаліць яго з залі, калі ён будзе «гэтак сябе паводзіць» — маецца на ўвазе, задаваць пытаньні, у тым ліку пракурору і суду.

За 5 хвілін да пачатку працэсу журналісты дружна здымалі Аватарава ў клетцы на фота і відэа, і тут ён убачыў сярод карэспандэнтаў чалавека зь мікрафонам РТ. «Вам я не даю дазволу мяне здымаць!», — запярэчыў Аватараў. Паміж ім і карэспандэнтам расейскага тэлебачаньня пачалася палеміка. Журналіст згадаў пра Надзею Саўчанку — маўляў, яна забіла ягоных калегаў, ён асабіста ведаў загінулых. Аватараў на гэта заўважыў, што ня верыць у віну Саўчанкі. Журналіст запярэчыў, што сам быў на месцы тых баёў. Тады пытаньні пачаў задаваць Тарас Аватараў. Маўляў, ён «там бараніў сваю радзіму», а што рабіў на акупаваных тэрыторыях расейскі журналіст — хіба гэта не вайна на баку сэпаратыстаў?

Перапалка Аватарава з РТР-нікам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:23 0:00

Калі суд высьвятляў асобу Аватарава, ён сказаў, што «пакуль у яго беларускае грамадзянства».

Паводле сьледзтва, у Тараса Аватарава на чыгуначным вакзале міліцыянты знайшлі гранату з запалам, сабраныя ў «самаробнае выбуховае прыстасаваньне», сыгнальны пісталет, бронекамізэльку, пасьведчаньне байца «Правага сэктару», чорна-чырвоны сьцяг, жоўта-блакітныя прадметы ўніформы, два пашпарты. Пра гранату Аватараў кажа, што знайшоў на зямлі, пра пісталет — што набыў, калі быў у Маскве. Чаму яго затрымалі? Міліцыянты кажуць, што проста зьвярнулі ўвагу на край бронекамізэлькі, які тырчаў з-пад курткі. У той момант Аватараў мірна спаў у залі чаканьня менскага вакзалу. Сваю віну ў правозе выбуховых прыстасаваньняў прызнае часткова, асноўных паказаньняў ён яшчэ не даваў. Магчыма, гэта адбудзецца 19 красавіка. Сакратар суду не раскрывае «сакрэт», колькі яшчэ засталося выслухаць сьведак. Кажа: шмат.

Пракурор Аляксандар Мірончык агаласіў дадзеныя, паводле якіх Тарас Аватараў да 2011 году быў Тарасам Посьпіхам. Чаму ён зьмяніў прозьвішча, высьветліць пакуль не ўдалося. Брат Тараса Аляксей, які прыйшоў на працэс, ад размовы з журналістамі ўстрымаўся.

Дарэчы, пракурор Мірончык быў у складзе дзяржаўных абвінаваўцаў на працэсе над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым, якіх прызналі вінаватымі ў выбуху ў менскім мэтро і асудзілі да сьмяротнага пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG