Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цалкам перавярнуць. Ня ведаю як». Пяць цытатаў Лукашэнкі пра Акадэмію кіраваньня


Акадэмія кіраваньня, архіўнае фота
Акадэмія кіраваньня, архіўнае фота

Сярод прызначэньняў, абвешчаных Аляксандрам Лукашэнкам 22 траўня, — новы рэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Ім стаў Генадзь Пальчык — колішні дырэктар Ліцэю БДУ (1991–2004), кіраўнік Нацыянальнага інстытуту адукацыі (2004–2012) і да нядаўняга часу старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.

Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць цяперашняй сытуацыяй у Акадэміі кіраваньня і даручыў нешта зьмяніць. Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА так перадае ягоныя словы, адрасаваныя новаму рэктару:

  • «Там трэба цалкам перавярнуць сыстэму адукацыі. Трэба вызначыцца, перш за ўсё, чаго мы хочам ад Акадэміі кіраваньня. Калі вызначымся, зразумеем, каго мы павінны рыхтаваць».
  • «Цалкам сыстэму трэба перабудаваць. Я ня ведаю, як там у Адміністрацыі яе спрабуюць перабудаваць, але калі рэктар адцягнуты ад гэтага і яго няма, сыстэму не пабудуеш».
  • «Гэта ня тое, як было ў [Вышэйшай партыйнай школе] калісьці. І катэгарычна ня тое, што цяпер. Мы сёньня там адукацыю даём людзям дзеля адукацыі. Хто другую, хто трэцюю, хто пятую... І тысячу гадоў ім гэтая адукацыя ня трэба».
  • «Калі там нешта лішняе, трэба прыбраць. Але я ня думаю, што там ёсьць нешта лішняе».
  • «Гэта Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце — адзіная навучальная ўстанова, наўпрост фактычна падпарадкаваная прэзыдэнту, а мы ня можам там выбудаваць сыстэму адукацыі як след».

* * *

Акадэмія кіраваньня заснаваная ў 1991 годзе на базе Інстытуту падвышэньня кваліфікацыі працаўнікоў і кіраўнікоў галінаў народнай гаспадаркі. Фактычна ўтвораная на базе Вышэйшай партыйнай школы БССР, але на сайце ўстановы ВПШ ня згадваецца. У 1994 годзе была перайменаваная ў Акадэмію кіраваньня пры Кабінэце міністраў, у 1995-м — у Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. У структуры Акадэміі — Інстытут дзяржаўнай службы для перападрыхтоўкі і падвышэньня кваліфікацыі дзяржаўных службоўцаў, «студэнцкі» Інстытут кіроўных кадраў, а таксама НДІ дзяржаўнага кіраваньня. Штогод там праходзяць навучаньне больш як 9 тысяч чалавек.

Хоць Канстытуцыя Беларусі адназначна забараняе ўсталёўваць нейкую ідэалёгію ў якасьці абавязковай для грамадзянаў, з навучэнцамі Акадэміі вядзецца «ідэалягічнае выхаваньне», а працаўнікі Акадэміі «ўдзельнічаюць у распрацоўцы дзяржаўнай ідэалягічнай палітыкі». Лукашэнка казаў новаму рэктару, што выкладчыкамі Акадэміі «павінны быць сапраўдныя патрыёты, хоць асаблівых прэтэнзій да выкладчыкаў ВНУ прад’явіць мы ня можам, але тым ня менш гэта павінны быць абсалютныя дзяржаўнікі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG