Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжым Асада забіў без суду да 13 тысяч чалавек у турме пад Дамаскам, — Amnesty International


Расьсьледаваньне міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International выкрыла мэтанакіраваную кампанію сырыйскіх уладаў у масавых забойствах вязьняў турмы Саедная, гэта арганізацыі пацьвердзілі дзясяткі сьведкаў.

У 2011-2015 гадах без суду было забіта да 13 тысяч чалавек, у асноўным цывільных. Раз ці два на тыдзень групы да 50 чалавек таемна караліся сьмерцю праз павешаньне, целы хаваліся ў масавых магілах. Сьмяротныя «выракі» выносіліся «ваенна-палявым судом» за 1-3 хвіліны.

Расьсьледаваньне таксама паказала нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня зьняволеных і пастаянныя катаваньні, сыстэматычнае пазбаўленьне вязьняў ежы, вады і мэдычнай дапамогі.

Як сьцьвярджае Amnesty International, пачварная кампанія была зацьверджаная на самым высокім узроўні сырыйскага ўраду і нацэленая на зьнішчэньне любой формы іншадумства грамадзянаў.

«Мы патрабуем, каб сырыйскія ўлады неадкладна спынілі пазасудовыя пакараньні сьмерцю і катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне ў турме Саедная і ва ўсіх іншых дзяржаўных турмах па ўсёй Сырыі, — кажа намесьнік дырэктара па расьсьледаваньнях бэйруцкага офісу Amnesty International Лін Маалуф. — Расея і Іран, найбліжэйшыя хаўрусьнікі ўраду [Асада], павінны дамагацца спыненьня гэтай палітыкі жахлівага зьняволеньня. Будучыя перамовы пра Сырыю ў Жэнэве ня могуць ігнараваць гэтыя выкрыцьці».

Ранейшыя расьсьледаваньні паказвалі, што ў сырыйскіх турмах за час узброенага канфлікту загінулі каля 17 тысяч чалавек, гэтыя лічбы не ўключаюць цяперашніх выкрыцьцяў. Паводле заяў Amnesty International, якія публікуе BBC, цяпер пад вартай у Саедная могуць знаходзіцца яшчэ 10-20 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG