Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН прагаласавала за расьсьледаваньне ваенных злачынстваў у Сырыі. Беларусь супраць


Ляяльныя Башару Асаду войскі ў Алепа, архіўнае фота
Ляяльныя Башару Асаду войскі ў Алепа, архіўнае фота

Расея пацярпела дыпляматычную паразу: рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі была прынятая пераважнай бальшынёй галасоў.

Генэральная Асамблея прагаласавала за стварэньне спэцыяльнай групы «збору, кансалідацыі, захаваньня і аналізу доказаў», а таксама падрыхтоўкі спраў пра ваенныя злачынствы і парушэньні правоў чалавека, учыненыя падчас канфлікту ў Сырыі.

Генэральная Асамблея прыняла падрыхтаваную Ліхтэнштайнам рэзалюцыю аб стварэньні незалежнай групы: 105 галасоў «за», 15 «супраць» і 52 ўстрымаліся. Акрамя Расеі, супраць рэзалюцыі прагаласавалі Сырыя, Іран, Кітай, КНДР і іншыя краіны, у тым ліку Беларусь.

Раней Беларусь у ААН галасавала супраць рэзалюцыі аб спыненьні баёў у Сырыі, таксама выступала супраць рэзалюцыі па акупаваным Расеяй ўкраінскім Крыме. Праз прарасейскую пазыцыю ў ААН Беларусь можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі па канфлікце на ўсходзе Ўкраіны.

Група «збору, кансалідацыі, захаваньня і аналізу доказаў» будзе каардынаваць дзеяньні з камісіяй ААН расьсьледаваньня падзеяў у Сырыі

«Мы занадта часта і занадта доўга адкладалі прыняцьце сур'ёзных захадаў прыцягненьня да адказнасьці», — заявіў пасол Ліхтэнштайну ў ААН Крыстыян Венавэзар перад галасаваньнем.

Паводле яго, бязьдзейнасьць стала «сыгналам, што ўчыненьне ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці — гэта тая стратэгія, на якую закрываюць вочы і якая застаецца без наступстваў».

Спэцыяльная група будзе «рыхтаваць дакумэнты для садзейнічаньня і паскарэньня справядлівага і незалежнага крымінальнага разбору ў адпаведнасьці са стандартамі міжнароднага права ў нацыянальных, рэгіянальных або міжнародных судах ці трыбуналах, якія маюць або могуць мець у будучыні юрысдыкцыю над гэтымі злачынствамі».

Дамаск выступіў рэзка супраць гэтага пляну

«Стварэньне такога мэханізму зьяўляецца абуральным умяшаньнем ва ўнутраныя справы дзяржавы – чальца ААН», — заявіў амбасадар Сырыі ў ААН Башар Джаафары, выступаючы ў Генэральнай Асамблеі перад галасаваньнем. Саюзьнікі Сырыі Расея ды Іран таксама выступілі супраць рэзалюцыі.

Як паведамляе расійскае агенцтва ТАСС, намесьнік пастаяннага прадстаўніка РФ Яўгеній Загайнаў назваў рашэньне аб стварэньні мэханізму нелегітымным, так як Генасамблея ня мае права ствараць органы, закліканыя дапамагчы ў расьсьледаваньні злачынстваў, учыненых на тэрыторыі дзяржаў – чальцоў ААН.

У выніку любыя матэрыялы, сабраныя камісіяй, ня могуць лічыцца доказамі і не павінны прымацца праваахоўнымі органамі або судамі, падкрэсьліў Загайнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG