Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята Незалежнасьці: топ-5 фобій


Мітынг каля тэатру опэры і балету, архіўнае фота

Пакуль адны замаўляюць столікі ў кавярнях, каб 25 сакавіка пасьля публічных урачыстасьцяў прыватна адзначыць Сьвята Незалежнасьці, іншыя актыўна крытыкуюць супрацу грамадзкасьці зь дзяржавай у справе сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР. Прапануем самыя характэрныя матывы для скепсісу, узятыя са СМІ і сацыяльных сетак.

1. «Пір падчас чумы». У краіне столькі зла, а яны зьбіраюцца весяліцца.

2. «Згодніцтва з уладай — здрада». Парушаецца сакральнасьць, намоленасьць. «Наша сьвята» аддаецца ідэйнаму праціўніку ў горшым выпадку, «абы-каму» ў лепшым. Людзям, якія столькі часу грэбавалі нацыянальнымі каштоўнасьцямі.

3. «Улада нагоніць БРСМаўцаў зь дзяржаўнай сымболікай». «Ператворыць усё ў „Дажынкі“». То бок у антыэстэтычнае безыдэйнае шоў. Тым самым улада перайграе тых, хто ёй супрацьстаяў больш за два дзесяцігодзьдзі.

4. «Без выразнага антырасейскага мэсыджа 25 Сакавіка фактычна ня мае палітычнага сэнсу». «Немагчыма адсьвяткаваць Дзень Волі без палітычнага складніка».

5. «Пасьля будзе хапун». Агульны недавер да ўлады, чаканьне ад яе падману. «Столькі гадоў не дазвалялі, а тут дазволілі — штосьці тут ня тое».

Усе пяць падыходаў маюць адну агульную рысу — карпаратыўна-партыйнае мысьленьне. «Для мяне Дзень волігэта сьвята пратэсту». Або зусім ня сьвята, бо «ня час штосьці сьвяткаваць». Або «гэта наша сьвята, людзей з БЧБ, а іншыя тут да чаго?».

​Недавер. Ён у многіх, хто мысьліць катэгорыямі «наша/іхнае». Што гэта было? Якую непрыемную неспадзяванку падрыхтавала ўлада? Навошта ёй патрэбнае сьвята БНР у цэнтры Менску? Столькі гадоў душылі, а тут раптам дазволілі. Дык душылі ж не за БНР, а за пратэст супраць існай улады. Сама ідэя нараджэньня беларускай дзяржаўнасьці заўжды заставалася толькі дэкарацыяй для вузкаскіраванага палітычнага выказваньня.

Калі жадаеце, цяпер ідзе гульня ў паддаўкі. Улада ж ня проста так дазволіла сьвята. На канкрэтных умовах кантролю са свайго боку. Банэры зь лёзунгамі, не датычныя да БНР, ня будуць дапускацца. Іншымі словамі, звыклыя «Лукашэнка, сыходзь!» і да таго падобныя палітычныя заклікі на сьвяце фігураваць ня мусяць. Ужо бонус для ўлады.

Зь іншага боку, прадстаўнікі апазыцыйных да ўлады арганізацый таксама пайшлі на саступкі, прынялі афіцыйную вэрсію сьвяткаваньня. Чаму?

Калі глядзець на адзначэньне 100-годзьдзя БНР не карпаратыўна-партыйным поглядам, то можна ўбачыць нашмат больш магчымасьцяў, якія дае сьвята, чым банальны спосаб тысячны раз сказаць «фэ» на адрас улады.

Абвяшчэньне дзяржаўнасьці БНР — гэта яшчэ і абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі ад Расейскай імпэрыі, на той момант ужо ад прадвесьніцы СССР — Савецкай Расеі.

Сёньня дэ-факта стаўленьне да БНР — стаўленьне да сучаснай Беларусі. Да ідэі незалежнай дэмакратычнай дзяржавы з нацыянальным складнікам. Адпаведна, сам факт сьвяткаваньня ўгодкаў БНР — фактар палітыкі. Бо Беларусь, маючы фармальную незалежнасьць, як і сто гадоў таму, усё яшчэ знаходзіцца пад моцным палітычным і эканамічным кантролем Расеі.

Калі Менгарвыканкам «нагоніць БРСМаўцаў зь дзяржаўнай сымболікай», гэта будзе толькі на карысьць усім

Калі Менгарвыканкам «нагоніць БРСМаўцаў зь дзяржаўнай сымболікай», гэта будзе толькі на карысьць усім. Калі, зноў жа, не глядзець карпаратыўна-партыйным вокам. Калі б не 2014 год, калі Расея прадэманстравала, што лёгка можа напасьці на суседа, магчыма, нацыянальна арыентаваныя беларусы маглі б сабе дазволіць, як раней, адасабляцца ад дзяржавы. Цяпер незалежнасьць як такая больш важная за палітычныя рознагалосьсі.

Нацыянальныя па сутнасьці «Пагоня» і БЧБ ад канца Савецкага Саюзу і да нашых дзён застаюцца дэ-факта партыйна-апазыцыйнымі сымбалямі. Нягледзячы на тое, што кароткі час — з канца 1991 да пачатку 1995 году — былі дзяржаўнымі.

Якія б ні былі матывы ўлады, калі яна прапанавала супольна з грамадзкасьцю арганізаваць Сьвята Незалежнасьці, гэтай магчымасьцю трэба карыстацца. Імпрэза каля Опэрнага тэатру ў Менску (ды іншых гарадах Беларусі) будзе выдатнай прамоцыяй БНР як такой. Большасьць беларусаў пра БНР або ня ведаюць, або, хто маладзейшы, «штосьці вучылі ў школе».

БНР — Незалежнасьць — беларускасьць. Усё разам — дэкалянізацыя сьвядомасьці, што, у сваю чаргу, ёсьць абаронай арганізму грамадзтва ад шкодных вірусаў, якія працуюць на паўторную калянізацыю Беларусі.

Але галоўнае ў тым, што ідэя БНР — гэта ідэя Свайго Дому. Ня толькі ў гісторыі, але сёньня і заўтра.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG